Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі ўкараненне айчынных інавацый


Яны іграюць выключную ролю ў тым, каб прадукцыя прадпрыемства была канкурэнтаздольнай на знешніх рынках. Учора гэта стала тэмай круглага стала ў ніжняй палаце парламента.


Андрэй РЫБАК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, расказаў журналістам, што падчас выязных пасяджэнняў дэпутаты часта наведваюць розныя прамысловыя прадпрыемствы:

— Мы выразна разумеем, што толькі высокі ўзровень інавацыйнай прадукцыі ў агульным выпуску рэалізаванай прадукцыі — гэта залог іх развіцця. Калі мы кантактуем з кіраўніцтвам прадпрыемства, з кіраўніцтвам нашых навуковых колаў, то бачым, што ёсць пэўнае непаразуменне з абодвух бакоў.

Для таго каб прамыслоўцы і вучоныя маглі напрамую абмеркаваць хвалюючыя іх пытанні, профільная камісія ніжняй палаты арганізавала круглы стол «Праблемы ўкаранення айчынных інавацый прадпрыемствамі прамысловасці краіны».

— На базе гэтага мы сфармулюем пэўныя рэкамендацыі ўраду і пэўныя прапановы пры фарміраванні змяненняў у заканадаўчую базу, — паведаміў парламентарый.

Сяргей ЧЫЖЫК, першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, упэўнены: для таго, каб інавацыі ў вытворчасці прыжываліся, рух павінен быць узаемны.

— І калі сёння прадпрыемства хоча быць на плаве, хоча быць канкурэнтным, то яно будзе рухацца ў гэтым кірунку, — адзначыў Сяргей Чыжык. — Трэба разумець, што гэта цягне за сабой укладанне сродкаў, абнаўленне калектыву. Прывяду ў прыклад кітайскую кампанію HUAWEІ, якая сёння займае сур'ёзныя пазіцыі на сусветным рынку смартфонаў. Гэта вельмі канкурэнтная сфера, і кампанія пры велізарным абароце 10—15% укладвае ў інавацыі.

У круглым стале прынялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу вядучых айчынных прадпрыемстваў. Алена ПЕРАЦЯГІНА, намеснік генеральнага дырэктара па тэхналогіі і якасці Беларускага металургічнага завода, расказала, чаго не хапае яе прадпрыемству ў плане супрацоўніцтва з навукоўцамі. У першую чаргу — аператыўнасці дзяржаўных органаў, якія адказваюць за фінансаванне інавацыйных праектаў на прамысловасці.

— У мінулым годзе была ідэя атрымаць грошы (з бюджэту. — Аўт.) на даследчую работу па вытворчасці падшыпнікавай сталі, — прывяла прыклад прадстаўнік прадпрыемства. — У снежні мінулага года мы абаранілі яе ў Міністэрстве прамысловасці, пасля яна пайшла далей. У выніку прайшло месяцаў восем, і нам паведамляюць, што работа не прымаецца і яе неабходна дапрацоўваць. Такім чынам, тэрміны разгляду — вельмі доўгія. У нас няма магчымасці сядзець і чакаць, калі, напрыклад, усё гэта будзе ўхвалена і нам выдзеляць грошы. Мы павінны выконваць вытворчую праграму, мы абавязаны распрацоўваць новыя віды прадукцыі. У выніку мы самі распрацавалі неабходную тэхналогію і не сталі прасіць грошай з бюджэту. Сёння дадзеную прадукцыю мы пастаўляем еўрапейскаму спажыўцу.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З розных бакоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».