Вы тут

Чаму Люксембург?


У канцы мінулага тыдня ў Люксембургу з вялікай колькасцю наведвальнікаў прайшоў Беларуска-еўрапейскі інвестыцыйны форум «Belarus. Іnvest іn tomorrow». Урадавая і дзелавая дэлегацыі з Беларусі, прычым на вельмі сур'ёзным узроўні, прымалі ўдзел у мерапрыемстве. Нямногія грамадзяне нашай краіны былі ў Люксембургу або валодаюць аб ім дастатковай інфармацыяй. Што ж уяўляе сабой Люксембург і чаму мы палічылі для сябе выгадным правядзенне такога мерапрыемства?


Люксембург здаецца вельмі невялікім па тэрыторыі, якая складае крыху больш за дзве з паловай тысячы квадратных кіламетраў. Зрэшты, у свеце ёсць дастаткова ўплывовыя дзяржавы, у якіх тэрыторыя і ўвогуле ўсяго чвэрць ад яе памеру, напрыклад Сінгапур. Па насельніцтве краіна з'яўляецца адной з самых невялікіх у Еўропе — яно складае 580 тысяч чалавек. У той жа самы час краіна ганарыцца статусам самай багатай ва ўсёй Еўропе, калі праводзіць падлікі па ВУП, што прыпадае на аднаго жыхара. Нават калі браць для параўнання ўвесь свет, то Люксембург саступіць па гэтым паказчыку толькі Катару, які валодае ашаламляльнымі запасамі энергарэсурсаў, што вельмі энергічна асвойваюцца.

Эканоміка Люксембурга — асобная тэма для абмеркавання. Грошы ў краіне робяцца зусім не на ніве сельскай гаспадаркі, хоць краіна і валодае 160 гектарамі ворных угоддзяў, а таксама вінаграднікамі, ураджай з якіх дазваляе выпускаць мільёны літраў віна ў год. Галоўная спецыялізацыя краіны якраз тая, што асабліва цікавая Беларусі, — фінансавая сфера. Для вызначэння якасці працы ў гэтай сферы трэба арыентавацца на індэкс глабальных фінансавых цэнтраў, які абнаўляецца кожную вясну. Той факт, што Люксембург уваходзіць у лік 22 найбуйнейшых глабальных фінансавых цэнтраў свету, гаворыць сам за сябе. У індэксе 2017 года ён займае чатырнаццатую пазіцыю ў свеце і чацвёртую — у Еўропе. Сярод еўрапейскіх канкурэнтаў яго змаглі апярэдзіць толькі такія магутныя фінансавыя цэнтры, як Лондан (1-е месца ў свеце), Цюрых (9-е месца) і Франкфурт (11-е месца). У эканоміцы Люксембурга фінансы займаюць дамінуючую ролю, складаючы 36 працэнтаў ад ВУП. Для Беларусі ўяўляе інтарэс і іншы важны напрамак развіцця эканомікі Люксембурга — інфармацыйныя тэхналогіі. Нельга ні ў якім разе забываць і пра Арселор Мітал, найбуйнейшую ў свеце металургічную кампанію, якая базіруецца ў Люксембургу.

Як адзначае АБСЕ, эканамічныя поспехі Люксембурга звязаны з дынамічным сектарам паслуг, дружалюбнай для вядзення бізнесу атмасферай, прадказальнай і прадуманай падатковай сістэмай і адкрытасцю да прыцягнення талентаў з усяго свету ў эканоміку. Тэмпы стварэння новых працоўных месцаў у краіне ўражваюць і ствараюць выгоды не толькі для мясцовых жыхароў, але і для эмігрантаў.

Рэзюмуючы, адзначу, што эканоміка Люксембурга мае сектары, карысныя для развіцця Беларусі ці падобныя на нашу ўласную эканоміку. Арселор Мітал нагадвае нам пра наш Беларускі металургічны завод, сектар інфармацыйных тэхналогій — пра беларускі ПВТ. Банкаўская сістэма Люксембурга задае арыенціры для развіцця найбуйнейшых беларускіх банкаў.

Зусім не выпадкова гэтыя нюансы былі ўлічаны і ў рабоце Беларуска-еўрапейскага інвестыцыйнага форуму. У тым ліку ў рабоце секцыі па інфармацыйных тэхналогіях, якая выгадна пазіцыянавала Беларусь як уладальніцу аднаго з самых вялікіх ва Усходняй Еўропе экспартна арыентаванага сектара інфармацыйных тэхналогій, сканцэнтраваных галоўным чынам на плошчах ПВТ. Як адзначыў у сваім інтэрв'ю па выніках форуму прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, у краіне падрыхтаваны дакумент, які надасць новае дыханне Парку высокіх тэхналогій, значна пашырыць кірункі яго развіцця, умовы функцыянавання, асучасніць нарматыўную базу з улікам апошніх дасягненняў лічбавых тэхналогій. Мы лічым, што гэта запатрабаваны напрамак, і Беларусь у плане сучасных тэхналогій аказваецца не ў хвасце цягніка, а бліжэй да лакаматыва.

У рамках форуму прайшлі і канструктыўныя перагаворы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, віцэ-прэзідэнт якога Аляксандр Стуб выступіў на мерапрыемстве з дакладам. Гэтая структура валодае вялікімі актывамі, і Беларусь чакае, што неўзабаве ёю пачнуць фінансавацца маштабныя інфраструктурныя праекты на нашай тэрыторыі.

Не варта забываць і пра тое, што цяперашні кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў быў прэм'ер-міністрам Люксембурга, і можна меркаваць, што ён не страціў цікавасці да навін адтуль.
У палітыцы дробязяў не бывае. У гэтым плане паказальная сустрэча беларускага прэм'ер-міністра з еўракамісарам Ёханесам Ханам, на якой былі абмеркаваны прапановы аб тым, каб на экспертным узроўні пачаць адпрацоўваць падыходы да падрыхтоўкі поўнамаштабнага пагаднення «Беларусь — Еўрапейскі саюз».

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук, прафесар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».