Вы тут

Бамбукавая палка


На дварэ ўвесь дзень імжэла. Каб хоць крыху ўзняць настрой, я вырашыла парадаваць сябе чымсьці салодзенькім. Па дарозе ў краму ўбачыла, як маці працягвае свайму малому пірожнае з узбітым крэмам. Хлопчык жа не ўтрымаў тую смакату — выпусціў на асфальт. Як гэта часта бывае, «маслам уніз». Маці адразу ж накінулася на малога: «Рукі дзіравыя!.. Я табе, што, мільянер?! Больш не прасі, не атрымаеш ніякіх пірожных!»


Я хуценька пабегла ў краму па такое ж пірожнае. Пакуль стаяла ў чарзе да касы, успомніла ўсходнюю прытчу.

Жылі ў адной вёсцы бабуля, яе дачка і ўнучак. Аднойчы маці вярнулася пасля цяжкага дня ў полі дадому. Сабрала на стол і паклікала абедаць свайго чатырохгадовага сыночка. За ядой хлопчык стаў дурэць, раскідваць рыс з талеркі.

Маці пачала сварыцца на малога:

— Ты што робіш? Хіба можна так абыходзіцца з рысам? Ведаеш, колькі мне трэба працаваць, каб ты мог паесці ўволю?

Схапіўшы доўгую бамбукавую палку, яна ўдарыла сына. На плач унука прыбегла бабуля.

— Пачакай, навошта ты крыўдзіш дзіцятка?

Дачка не стала тлумачыць маці, у чым правініўся малы, а замест гэтага груба адказала:

— Мой сын, што хачу, тое і раблю.

Бабулька моўчкі падняла з падлогі бамбукавую палку і стала біць ёй дачку.

— За што ты мяне б'еш? — завыла тая.

А бабулька, працягваючы абсыпаць яе ўдарамі, прыгаворвала:

— Мая дачка, што хачу, тое і раблю, мая дачка, што хачу, тое і раблю...

...Суседзі, што жылі над нашай кватэрай, пастаянна сварыліся. Ні дня не праходзіла без крыку. Прычым скандал мог адбыцца з-за нямытага посуду, разбітага слоіка з сокам... Яны, відаць, думалі, што гэтага ніхто не чуе. Бо на людзях паводзілі сябе зусім па-іншаму. Хадзілі за ручкі, называлі адно аднаго «мілая, мілы, сонейка, зайчык». Але ж ёсць людзі, якім нават няважна, чуе хто ці не.

Неяк вярталася з Вільні. Да адпраўлення цягніка заставалася хвілін 10. Мажная кабета адправіла мужа ў дзьюці-фры па алкаголь. У вагон мужчына з пакункам ускочыў ледзь не ў апошнюю секунду. «Паспеў», — выдыхнуў. Але, як высветлілася, купіў не той каньяк, што хацела яго жонка. Жанчына не стрымлівала сябе. Выпаліла ўсё, што думае пра свайго «адзінага і непаўторнага». Што ён «нават алкаголь купіць не можа без яе», што «бязрукі, безгаловы». І як яна з ім, бедная, жыве столькі гадоў, трывае. Усім у цягніку хацелася праваліцца скрозь зямлю ад сораму за жанчыну і няёмкасці за яе мужа.

Ужо не першы раз лаўлю сябе на думцы, што большасць людзей чамусьці рэдка ставяць сябе на месца іншых. Хоць ва ўсіх рэлігіях ёсць такая фраза: «Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш сабе».

Якраз пра гэта, яшчэ да таго, як выйсці замуж, я размаўляла з адной мудрай сямейнай парай. Мы ехалі ў адным купэ з Мінска да Санкт-Пецярбурга. Я ўсю дарогу з захапленнем назірала, з якой непадробнай пяшчотай і клопатам яны ставіліся адно да аднаго! Менавіта Людміла Іванаўна дала мне надзвычай каштоўную параду, якой я сёння карыстаюся ў сваім сямейным жыцці. «Што б ні здарылася, заўсёды будзь для свайго мужа і дзетак адвакатам. Суддзі і пракуроры і так знойдуцца. І ніколі не павышай голас, не крычы, а тым больш не падымай руку на сваіх родных. Нават у парыве адчаю ці крыўды. Шчасце любіць цішыню і пяшчоту».

Памятаеце гісторыю пра Вецер і Сонца? Аднойчы яны паспрачаліся, хто з іх мацнейшы. «Паглядзі, — сказаў Вецер, — як я зараз налячу на вандроўніка і імгненна сарву з яго плашч!». І тут жа пачаў дзьмуць з усяе сілы. Але чым больш стараўся, тым мацней захутваўся вандроўнік у плашч і прыспешваў свайго вернага каня. Сонца ж нічога не сказала. Проста ўсміхнулася, выглянула з-за аблокаў і абагрэла вандроўніка. Неўзабаве ён зняў свой плашч і прывязаў да сядла... Як бачыце, пяшчотай і дабрынёй можна дабіцца значна большага, чым
сілай ды злосцю.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Каментары

добрая сказка!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».