Вы тут

Робім цацку на ёлку сваімі рукамі


Ужо чацвёрты год запар Вялікі тэатр Беларусі запрашае дзяцей і іх бацькоў прыняць удзел у сямейным конкурсе — «Навагодняя тэатральная цацка».


«Гэта не проста конкурс, — кажа вядучы рэдактар службы маркетынгу, інфармацыі і рэкламы Вялікага тэатра Алена БАЛАБАНОВІЧ, — але яшчэ і цудоўная нагода чарговы раз сабрацца дома ўсёй сям'ёй — пагутарыць, пафантазіраваць, пасмяяцца — і ў выніку стварыць цікавую цацку. Вядома, яна павінна адпавядаць тэме і быць тэатральнай, нейкім чынам намякаць на той ці іншы спектакль або быць звязанай з жыццём акцёра ці музыканта».

З палётам фантазіі ў нашых дзяцей праблем няма. Летась я ў гэтым пераканалася на ўласныя вочы. Дзясяткі сем'яў з самых розных куткоў Беларусі літаральна засыпалі тэатр сапраўды незвычайнымі цацкамі. Каго там толькі не было — Шчаўкунок і Папялушка, Кармэн і Жар-птушка, Айбаліт і Мышыны кароль, Сіньёр Памідор і Тры парасяці, Мадам Батэрфляй, Шэхеразада і нават Рыгалета. Здаецца, тут можна было ўбачыць любога героя спектакля Вялікага тэатра Беларусі! І ўсе яны, адчувалася, былі зроблены з любоўю.

Менавіта гэтая цеплыня такая неабходная дзецям дапаможнай школы-інтэрната №10 горада Мінска, над якой Вялікі тэатр узяў шэфства. Як і ў мінулыя гады, цацкі, дасланыя на конкурс, адправяцца да іх. Але перш яны ўпрыгожаць галоўную ёлку Вялікага тэатра. Пераможцы, аўтары найлепшых (на думку журы) тварэнняў, вядома, не застануцца без заслужаных узнагарод. Больш за тое, паводле слоў арганізатараў, ні адно дзіця не пойдзе з тэатра без падарунка: абавязкова будуць уручацца заахвочвальныя прызы, дыпломы ўдзельнікаў, а таксама сувеніры ад спонсараў конкурсу.

Такім чынам, можаце ўжо пачынаць думаць, раіцца з бацькамі, прымаць дапамогу ад бабуль і дзядуль, настаўнікаў і выхавальнікаў — час яшчэ ёсць. Прыдуманыя і створаныя вамі цацкі Вялікі тэатр Беларусі прымае з 1 па 22 снежня.

Цацкі можна прынесці ў тэатр самім (1-ы, 7-ы пад'езды, службовы ўваход (пакінуць у аховы)). Або даслаць на адрас: 220029 г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1, Вялікі тэатр Беларусі. У гэтым выпадку абавязкова добра ўпакуйце сваё тварэнне! Кожная цацка павінна быць падпісана (назва цацкі, прозвішча сям'і, кантактныя тэлефоны).

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота Наталлі БАГРАЦОВАЙ

Загаловак у газеце: Цацка на ёлку... сваімі рукамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».