Вы тут

Як змагацца з восеньскай дэпрэсіяй?


У сваёй славутай песні Эльдар Разанаў сцвярджаў, што ў прыроды няма дрэннага надвор'я. Але як жа пагадзіцца з яго словамі, калі за акном усё часцей лье дождж, а на душы пачынаюць «скрэбціся кошкі»? Пра тое, чаму мы ўпадаем у восеньскую дэпрэсію і як з ёй змагацца, распавяла псіхолаг Вольга ХАМЕНКА.


— Што сабой уяўляе дэпрэсія, і як распазнаць ворага ў «твар»?

— Перш за ўсё, трэба разумець, што дэпрэсія — не слабасць характару, як лічаць многія, а цяжкі для арганізма перыяд. І ад яе, на жаль, ніхто не застрахаваны. У перакладзе з латыні дэпрэсія азначае «зацісканне». І часта — гэта падаўленне ўнутраных перажыванняў. Падобныя незавершаныя перажыванні, якія не знайшлі адпаведнага рашэння, здольныя назапашвацца і негатыўна ўздзейнічаць на чалавека. Першым крокам да таго, каб дапамагчы сабе, з'яўляецца ўсведамленне сваёй хваробы. Пры дэпрэсіі чалавек пачынае хутка стамляцца, становіцца раздражняльным. Яго апаноўваюць тужлівыя думкі, рэзкія перапады настрою, з'яўляецца адчуванне ўласнай віны і трывожнасці, ён становіцца больш змрочны. Пачынаюцца бяссонніцы, а рукі так і цягнуцца да каларыйнай ежы. Часта чалавеку нават здаецца, што ён заблытаўся ў разуменні сэнсу жыцця. І гэта далёка не ўсе сімптомы, бо дэпрэсія ўплывае не толькі на нашы думкі, пачуцці і паводзіны, але нават і на цела.

— Як жа выбрацца з гэтай небяспечнай сітуацыі?

— Паспрабуйце ўнесці ў сваё жыццё разнастайнасць. Халодныя восеньскія (ды і зімовыя) вечары праводзьце ў кампаніі сяброў ці сваякоў. Да таго ж гэта выдатны час для таго, каб заняцца якой-небудзь цікавай справай, на якую ў вас раней не хапала часу. Падбадзёрваюць заняткі спортам. Справіцца з прыступамі дэпрэсіі дапаможа і стары правераны метад — ароматэрапія. Напрыклад, аніс панізіць нервовасць, лаванда прыбярэ напружанне, супакоіць пасля цяжкага дня; лімон падорыць станоўчыя эмоцыі і забяспечыць прыліў энергіі, меліса дапаможа пры бяссонніцы, здыме раздражняльнасць, а мята ліквідуе трывогу. Яшчэ важна ў гэты перыяд правільна харчавацца, паколькі нервовай сістэме для правільнага функцыянавання неабходны цэлы шэраг вітамінаў, макра- і мікраэлементаў. Асабліва важныя вітаміны групы В, калій, кальцый, магній. Арганізм і так дастаткова аслаблены, таму старайцеся сачыць за тым, каб ён атрымліваў неабходныя рэчывы. Аднак калі дэпрэсія зацягнулася, і вы разумееце, што не спраўляецеся з хваробай, варта звярнуцца да псіхолага. Разам са спецыялістам вы, напэўна, зможаце знайсці ключ да вырашэння праблемы.

— Як можна абараніць сябе ад дэпрэсіі?

— Як бы банальна гэта ні гучала, але найважнейшую ролю ў папярэджанні дэпрэсіі адыгрывае здаровы лад жыцця: гэта і фізічная актыўнасць, і ўстрыманне ад шкодных звычак, і здаровы паўнавартасны сон. Таксама рэкамендую есці больш агародніны і садавіны, каб насыціць арганізм вітамінамі. А галоўнае — вучыцца знаходзіць пазітыўнае ў простых рэчах, бо мы бачым свет менавіта такім, якім самі хочам яго бачыць.


Як вы спраўляецеся з дрэнным восеньскім настроем? Гэтае пытанне мы задалі людзям на вуліцы.

Вікторыя Хадасок, журналіст:

— Часам восеньскае надвор'е выбівае мяне з каляіны, але, як правіла, ненадоўга. Звычайна ў такія перыяды стараюся як мага больш часу праводзіць з сябрамі і блізкімі, асабліва з мамай. Яна самы дарагі мне чалавек і мая падтрымка. Гэтак жа адцягвае ад сумных думак шопінг: пабегала па крамах, выдаткавала трохі энергіі і грошай, глядзіш — і настрой узняўся!

Ірына Рудзько, настаўнік:

— Як толькі пакрысе пачынае «накатваць», імгненна прадпрымаю якія-небудзь дзеянні. Напрыклад, пачынаю генеральную прыборку, якая мне вельмі дапамагае адарвацца ад сваіх перажыванняў. Затым спрабую знаходзіць пазітыўныя моманты ў жыцці, сустракаюся са знаёмымі. Магу адпачыць за праглядам цікавага фільма. Галоўнае, адцягнуць увагу ад сваёй праблемы і ні ў якім выпадку на ёй не зацыклівацца.

Вольга Шыбека, маладая мама:

— Часам я нават чакаю стрэсавых сітуацый, таму што ім заўсёды спадарожнічаюць нейкія нязвыклыя абставіны. А нешта новае дае нам вопыт і, як вынік, веды! Таму, нягледзячы на тое, што стрэсы выводзяць мяне з раўнавагі, мне ўдаецца хутка вярнуцца ў звыклы рытм жыцця. Гэта адчуванне параўнальнае са стомленасцю. Сон, ежа, вада, яшчэ пару індывідуальных рэцэптаў — і я зноў у выдатнай форме і ў добрым настроі.

Віктар Лазоўскі, трэнер:

— Я вяду здаровы лад жыцця і кожны дзень пачынаю з ранішняй прабежкі на свежым паветры. Пра дрэнны настрой і прастуды нават не ўспамінаю. У кожнай пары года трэба знаходзіць свае плюсы. Напрыклад, восенню атрымліваць асалоду ад залатога ўбрання прыроды і пакрысе рыхтавацца да шматлікіх зімовых свят.

Вольга ДУХОЎНІК

Загаловак у газеце: Калі на душы скрабуцца кошкі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.