Вы тут

«Лісты Дзеду Марозу»: птушынае малако для Веры


— Вера, пасылка табе! — увайшоўшы ў палату, прамовіла саракапяцігадовая жанчына-брунетка. У доме састарэлых яна працавала нянькай.

— Пасылка? — не верачы, перапытала Вера і адхіснулася ад акна, за якім ішоў снег: — Ад каго?

— Ад Дзеда Мароза быццам. Зірні.

Вера ўзяла ў рукі невялічкі кораб. Зірнула на подпіс. У графе «адпраўнік» сапраўды значылася імя казачнага чараўніка.

— Ну што? Табе? Ці, можа, памыліліся?

— Не памыліліся, — усміхнуўшыся, адказала Вера.

— Як? — здзівілася нянька. — Ад Дзеда Мароза звычайна дзецям падарункі прыходзяць. А ты...

— Ведаеце, Ніна Фёдараўна, верыць у цуды ніколі не позна. Вось і я пісьмо чараўніку паслала. Памятаеце, не так даўно рэклама па тэлевізары была? Запісала адрас, а потым і напісала.

— Сур'ёзна? — здзівілася нянька. — Пра што хоць пісала?

— Пра жыццё.

— Добра, — махнула рукой жанчына. — Пазней зайду, раскажаш.

— Абавязкова, — пагадзілася Вера. — Заходзьце. Пасядзім, пагутарым.

Калі нянька выйшла з пакою, Вера адкрыла пасылку. У ёй аказаўся пачак цукерак «Птушынае малако». Над ім — аркуш паперы з каляднымі віншаваннямі ад белабародага чараўніка. Жанчына ўзяла аркуш...

«Шаноўная Вера Сяргееўна!

З надыходзячым Вас Новым годам і Калядамі!

Ваш ліст па-шчыраму ўразіў старога дзеда! Не кожны дзень даводзіцца чытаць пасланні дарослых. Што прыемна ўдвая! У навагоднія цуды верыць ніколі не позна. Асабліва людзям, якія былі пазбаўленыя шчаслівага дзяцінства...»

На вачах Веры праступілі слёзы. Яна ўспомніла радкі, якія напісала ў сваім лісце да казачнага чараўніка.

«Шаноўны Дзед Мароз! Я нарадзілася напярэдадні вайны. У 1941-м мне было ўсяго пяць гадоў. Ты, пэўна, ведаеш, які гэта быў час для краіны? Пра лісты да Дзеда Мароза тады ніхто не думаў. Акрамя мяне ў бацькоўскім доме былі яшчэ тры дачкі-пагодкі: Таццяна, Марыля і Алена.

За некалькі месяцаў да вайны бацьку забралі на вучэнні. У той час вайна ішла ўжо ў Польшчы. Я памятаю, як у апошні момант ён абняў нас, затым матулю, сказаў: «Што б ні здарылася, ты толькі дзяцей пільнуй!»

Мы тады не ведалі, што значаць гэтыя словы. Мы не разумелі, куды ідзе бацька. Мы нічога не ведалі. Нам, канешне, было вельмі шкада і крыўдна, што бацька некуды сыходзіць. Што мы застаёмся адны з маці. Мы не здагадваліся, што ў той вечар бачылі яго апошні раз...»

Вера перавяла позірк на акно. За ім працягваў ісці снег. Потым яна зазірнула ў тумбачку. Сярод рэчаў знайшла паперу з школьнага сшытка. Гэта быў чарнавы ліст будучага пісьма Дзеду Марозу. Яна прабегла напісанае вачыма. Потым вярнулася назад, знайшла момант, на якім перарваліся яе ўспаміны.

«Наша вёсачка была невялікая. Немцы часам наведваліся — шукалі партызан. Але тыя хаваліся ў лясах бліжэй да райцэнтра. Так мы і жылі два гады. У 1943-м наш куточак вызвалілі чырвонаармейцы. Гэта было вялікае свята для ўсіх нас.

Ужо ў наступным годзе мы змаглі пайсці ў школу.

Пасля вайны пачалі вяртацца дамоў мужчыны. Мы таксама чакалі свайго бацьку. А яго ўсё не было. Потым, пазней, у ваенкамаце маці сказалі, што ён знік. Гэта давала надзею. Але...

Гады ішлі. Бацькі так і не дачакаліся. Мы — чатыры сястры — выраслі. Паехалі ў горад. Я — апошняя. Мне хацелася стаць настаўніцай, вучыць дзяцей. Таму паступіла ў педагагічнае вучылішча на настаўніцу пачатковых класаў.

Памятаю, аднойчы пад Новы год у інтэрнаце засталіся пяць дзяўчат. Астатнія паехалі сустракаць свята дадому. Стыпендыя ў нас была не сказаць што вялікая. Але адзначыць свята хацелася вельмі. Сабраліся мы ды і пашлі ў бліжнія крамы горада.

На дэсерт набылі надзвычай папулярныя цукеркі «Птушынае малако». Торт з такой назвай на той час яшчэ не выраблялі. А да іх — не менш папулярны напітак «Тархун». Ну і, канешне, прыгатавалі ўсім добра вядомыя традыцыйныя стравы — наварылі бульбы, зрабілі селядзец пад футрам...

Так і сустрэлі пачатак наступнага года за каробкай цукерак. А колькі было дзявочых размоў! І планы на будучыню. Прафесійныя — здзейсніліся. Пасля заканчэння вучобы я ўсё жыццё адпрацавала педагогам. Маю шмат узнагарод. А вось замуж так і не выйшла. І пад канец жыцця, застаўшыся адна, апынулася ў доме састарэлых.

Не так даўно ў палаце са мной была яшчэ адна жанчына. Але зусім нядаўна яе не стала.... І я ў пакоі пакуль адна.

Дзед Мароз, я ведаю, што ты існуеш. Даруй, што не пісала табе лісты ў дзяцінстве. Як ты ўжо зразумеў, я не магла... А цяпер я расказала табе ўсю сваю гісторыю жыцця.

Ніхто не ведае, колькі нам засталося жыць. Асабліва мне, старому чалавеку, які размяняў восьмы дзясятак. Але сустракаючы Новы год, новыя надзеі, мне вельмі хацелася ўспомніць мінулае юнацтва. Каб зноў на стале ў такое свята быў пачак «Птушынага малака». І маім госцем быў той, каго так чакаюць усе дзеці Зямлі. І каго ніколі ў сваім дзяцінстве не бачыла я...»

На гэтым яе ліст завяршыўся. Але яшчэ быў і другі — ад Дзеда Мароза. Яна ўзяла яго ў рукі.

«Вера Сяргееўна, я — чараўнік навагодняга свята — абавязкова зазірну да Вас. Мы пасядзім за гарбатай і вашымі любімымі цукеркамі, пагутарым. Вы загадаеце сваё самае патаемнае жаданне. Гэтая сустрэча адбудзецца вельмі хутка. Я ведаю, што не паспееце вы дачытаць гэты ліст да апошняй кропкі, як у вашае жыццё прыйдзе казка навагодніх дзён».

Міжвольна Вера зноў зірнула ў акно. Па сцяжынцы, якая вяла ва ўстанову, павольна крочылі Дзед Мароз і Снягурка. У пакой зазірнула нянька.

— Ну што там з пасылкай? Не падмануў Дзед Мароз? — запыталася яна.

Вера ўсміхнулася.

— Не, Ніна Фёдараўна, не падмануў. І накіроўваецца да нас.

— Няўжо? — не паверыла нянька.

— А вы самі зірніце ў акно, — прапанавала Вера.

Нянька недаверліва паглядзела праз шыбу.

— Бацюхны, — прамовіла яна. — Ён самы. І Снягурка. Што рабіць будзем?

— Ставіць гарбату і сустракаць гасцей, — усміхнулася жанчына.

Андрэй СІДАРЭЙКА

Загаловак у газеце: Птушынае малако для Веры

Каментары

Які цудоўны матэрыял! Вялікі дзякуй за яго аўтару! Прачытала з задавальненнем, а ў канцы заплакала. І ўсё ж такі цуды здзяйсняюцца, проста ў іх трэба верыць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».