Вы тут

«Барбара і Эдуарда»: сумеснае ча-ча-ча са смакам бульбы


Яркія касцюмы, гукі самбы, румбы і ча-ча-ча, запальныя танцы... Хтосьці скажа, што гэта карнавал у Бразіліі, і... не будзе мець рацыі. Усю гэтую гарачую і пазітыўную атмасферу з лёгкасцю можа арганізаваць дуэт з Кубы «Барбара і Эдуарда» — Барбара Гравэ дэ Перальта і Эдуарда Ферэр Сангез.

Цяпер яны жывуць у вёсцы Валошава каля Слуцка. Беларусь стала для іх не толькі падарожжам у незвычайную краіну, але і другім домам, дзе яны знайшлі адно аднаго. Галоўным заняткам зараз для Барбары і Эдуарда з'яўляецца вывучэнне рускай мовы. Але, нягледзячы на свой графік, яны знайшлі час і з радасцю пагадзіліся пагаварыць з намі.


— Раскажыце, як вы трапілі ў нашу краіну?

Эдуарда: — Раней мы абое жылі на Кубе, але, можна сказаць, нават не перасякаліся. Я працаваў радыёвядучым, а Барбара была вядомай спявачкай. Наша жыццё ішло сваім парадкам, і мы нават не здагадваліся, што некалі станем мужам і жонкай, а тым больш, пераедзем у Беларусь. Наш лёс змяніў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2012 годзе. Барбару запрасілі выступаць, я таксама прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. На «Славянскім базары» мы бліжэй пазнаёміліся, паміж намі прабегла, як у вас кажуць, іскра. Пасля заканчэння «Славянскага базару» Барбары прапанавалі працу ў Беларусі. Шчыра кажучы, мы не доўга думалі, як паступіць. Рашэнне прыйшло неяк само. Мы вырашылі застацца ў Беларусі, застацца разам.

— Як узнік ваш дуэт? Барбара ж заўсёды была сольнай спявачкай...

Эдуарда: — Мы вырашылі паспрабаваць. Пасля першага агульнага выступлення эмоцыі людзей былі неймаверныя! Думаю, ім падабалася, што я — чорны, а Барбара — светлая. Гэта эфектна глядзіцца (смяецца). Нам так спадабалася працаваць у дуэце, што мы выступаем так дагэтуль. Акрамя творчага дуэта праз пару гадоў стварылі сямейны. Абвянчаліся мы ў мінскім Чырвоным касцёле і згулялі вяселле 11 мая 2013 года.

— Як вам было па першым часе ў Беларусі? Адобрылі блізкія ваш выбар?

Эдуарда: — У нас не было тут ні сяброў, ні знаёмых. Толькі людзі, якія працавалі з Барбарай. Яшчэ адной праблемай для нас стала тое, што ніхто не ведаў нашай мовы. А мы не ведалі рускай, часта даводзілася тлумачыць жэстамі. Што датычыцца родных, яны ўхвалілі наша рашэнне. Спачатку не маглі зразумець, як так: адны ў чужой краіне? Але супраць ніхто не быў. Яны нам казалі: «У Беларусі прыгожа! Паспрабуйце, усяго адзін раз жывём».

— Якія эмоцыі ў вас выклікала краіна? Што новага і нечаканага для сябе вы ўбачылі?

Эдуарда: — Першае, што нас уразіла, гэта цягнікі. Мы ніколі на іх не ездзілі. А на «Славянскі базар» у Віцебск дабіраліся менавіта так. Яшчэ для нас было нязвыклым надвор'е. На Кубе заўсёды горача, а ў Беларусі надвор'е бывае рознае. Калі мы прыехалі, было лета, вельмі горача, дзесьці 33 градусы. А вось зіма надышла вельмі нечакана. Мы добра памятаем гэты дзень. Крочым з метро на «Каменнай Горцы» і, як толькі выйшлі, убачылі снег. У нас на Кубе ніколі не было снегу. Барбара адразу ж пачала проста крычаць ад шчасця і здзіўлення.

Барбара: — У самой Беларусі ўсюды прыгожа і спакойна. А яшчэ людзі вельмі ціхія. На Кубе заўсёды гучна, ні хвілінкі спакою. Аднойчы мы былі ў Расіі, але нам там не спадабалася, бо, як ні дзіўна, для нас там было занадта шумна. Усе заўсёды ў руху, кудысьці спяшаюцца.

— Многія лічаць, што ў гарачых краінах вельмі шмат музыкі, а дакладней, вулічных музыкаў. Скажыце, ці так гэта?

Барбара: — У нас артысты выступаюць у барах, рэстаранах, тэатрах, на адкрытым паветры. Але Куба не тая краіна, дзе вы будзеце ісці па вуліцы і пачуеце вулічных музыкаў.

— Чаму вы вырашылі жыць не ў Мінску, а ў вёсцы?

Эдуарда: — Раней мы здымалі кватэру ў сталіцы, але потым падумалі і вырашылі не выкідваць грошы на вецер, а набыць свой дом. Выбіралі паміж двума гарадамі: Слуцкам і Салігорскам, бо яны нам вельмі спадабаліся. У выніку спыніліся на доме ў Валошаве. Хата ў нас дастаткова ўтульная, і нам яна вельмі падабаецца.

— А як адрэагавалі на вас вашы новыя суседзі?

Барбара: — Спачатку яны не разумелі, хто мы такія і адкуль узяліся, мусіць, пабойваліся нас. Але потым мы хутка знайшлі агульную мову. Яны дапамагалі нам ва ўсім. Расказвалі пра традыцыйную кухню, звычаі Беларусі. Яшчэ, што нас здзівіла, суседзі прынеслі нам мноства гасцінцаў. Мноства закатак — агуркі, памідоры, розныя віды варэння. Хтосьці з суседзяў прынёс нам цэлы мех бульбы, іншыя пачаставалі морквай і капустай.

— У вас ёсць агарод. Гэта звычка з роднай краіны ці новае адкрыццё?

Эдуарда: — Для нас гэта новае, я нават сказаў бы, нешта нязведанае. На Кубе агародамі займаюцца толькі пажылыя людзі. Вы нідзе не ўбачыце ў нас маладых людзей, якія працуюць на агародзе. Цяпер у нас ёсць свой агародзік. Паколькі мы займаліся ім першы раз, нам дапамагалі нашы суседзі. Яны вучылі, як і што правільна вырошчваць. Цяпер у нас на агародзе растуць памідоры, агуркі і, вядома ж, бульба.

— Як часта вы падарожнічаеце? Ці наведваеце радзіму? Якія сувеніры прывозіце сваякам?

Эдуарда: — Кожны месяц мы вандруем па Еўропе. Ездзім у Літву, Іспанію. Увогуле, у нас вельмі шмат гастроляў. Бывае, ездзім на Кубу. А прывозім сваякам вельмі шмат розных рэчаў. Галоўным сувенірам з'яўляецца... ежа. На першым месцы — бульба. На Кубе яе вельмі мала, для мясцовых жыхароў яна як далікатэс. Яе прывозяць у крамы ўсяго некалькі дзён, выстройваецца проста вялізная чарга. Наступны «далікатэс» — гэта маянэз. На Кубе ўсяго адзін яго від, і таму, калі мы прыйшлі ў беларускія крамы і ўбачылі вялікі выбар, былі моцна здзіўлены.

— Для свайго задавальнення вы слухаеце той самы жанр музыкі, што і выконваеце? Ці, можа, спалучаеце рускую, беларускую музыку?

Барбара: — У вольны час мы слухаем розную музыку. Рускую часцей за ўсё — па радыё. У нас любімая руская песня «Развітацца» гурта «Уматурман» і беларуская «Касіў Ясь канюшыну». Зараз часта спяваем беларускія і рускія песні. На самай справе ў нас ёсць мара прадставіць Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне».

— Часта прымаеце гасцей? Ці любіце шумныя кампаніі?

Барбара: — Вельмі любім гасцей! Яны нам расказваюць пра беларускія традыцыі, пра нацыянальную кухню. Наогул, заўважылі, што на Кубе і ў Беларусі вельмі гасцінныя людзі. Мы заўсёды гатовыя для новых знаёмстваў.

Ангеліна НОВІКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.

Спорт

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Мастацкая гiмнастыка — гэта любоў. У выпадку з беларускай гiмнастыкай можна сказаць, што гэта яшчэ i Любоў Чаркашына.