Вы тут

«Трэба збіраць уражанні, а не рэчы»


Падарожжы — добрая магчымасць пазнаёміцца з новымі краінамі, іх культурай і традыцыямі, асаблівасцямі менталітэту мясцовых жыхароў. Але ці часта мы падарожнічаем па роднай Беларусі? Дапытлівы вандроўнік Фелікс КОРКУЦ з упэўненасцю адказвае: «Так».


Сваё дзяцінства ён правёў у Нароўлі, дзе і з'явілася цікавасць да прыроды. Падлеткам марыў падарожнічаць, чытаў шмат кніг па гісторыі і геаграфіі (з таго часу і па сёння ў Фелікса Станіслававіча дома вялікая бібліятэка). Яны дапамаглі атрымаць грунтоўныя веды, якія спатрэбіліся ў далейшым жыцці і прафесіі.

Сёння Фелікс Станіслававіч — дырэктар Акцябрскага лясгаса, у якім ён працуе з часу пераезду пасля Чарнобыльскай катастрофы. Падарожжа па кнігах суразмоўнік перанёс у жыццё: яму вельмі часта па рабоце прадстаўляецца магчымасць наведваць розныя куткі Беларусі, бліжняга замежжа.

Але вандруе галоўны ляснік раёна не толькі па абавязку працы, але і па натхненні душы, разам са сваёй сям'ёй. «Лягчэй назваць мясціны Беларусі, дзе я не быў, чым тыя, дзе быў. Жонка Вольга, дачка Аліна і сын Кірыл спачатку неахвотна згаджаліся на мае прапановы, яны не разумелі, навошта. Потым вандроўкі сталі нормай нашага жыцця. Я перадаю блізкім сваё светаадчуванне. У любы момант мы вызначаем маршрут па карце, збіраемся за паўгадзіны і едзем. Так цікавей», — гаворыць Фелікс Станіслававіч. Дарэчы, карта для нашага героя — не проста паказальнік маршруту, гэта яшчэ адно асобнае хобі. Бацька да таго добра і ўдала заклаў веды аб прыродзе, любоў да навакольнага свету і прагу пазнання дачцэ Аліне, што ўжо два гады яна студэнтка БДЭУ, вучыцца ў Вышэйшай школе турызму, а жонка Вольга змяніла род дзейнасці — працуе ў кветкавай краме і сама вырошчвае расліны. Сын Кірыл яшчэ вучыцца ў школе, але таксама цікавіцца геаграфіяй і гісторыяй роднага краю.

Пры знаёмстве з домам сям'і вандроўнікаў адразу ж заўважаеш безліч фотаальбомаў. «Лічу, што трэба збіраць уражанні і эмоцыі, а не рэчы. Першапачаткова з паездак мы прывозілі талерачкі, манеткі і іншыя адметныя прадметы. Але своечасова заўважылі, што пакояў дома не хопіць, каб іх расставіць па паліцах. Таму абмежаваліся турыстычнымі картамі (без іх нікуды) і талеркамі з незвычайным малюнкам».

Зараз многія беларусы імкнуцца выехаць за межы краіны, бо там «лепшы свет». Але Фелікс Станіслававіч так не лічыць, і можа кожнаму паказаць і расказаць пра нязведаныя мясціны Беларусі, збудаванні, якім не сорамна было б стаяць у цэнтры Парыжа або Рыма.

«Падарожжы — не проста забавы. Праз іх чалавек развіваецца, пазнае невядомае, заглядвае ў таямніцы гісторыі. Праблема ў тым, што для людзей славутасці Беларусі — гэта толькі Нясвіжскі і Мірскі замкі або Белавежская пушча. Не люблю, калі кажуць, маўляў, у нашых мясцінах няма чаго паглядзець. Для пачатку трэба хоць бы разгарнуць турыстычную карту і выйсці з дому. Тым больш зараз ёсць інтэрнэт. Галоўнае — ведаць, што шукаць. На жаль, людзьмі часта рухае лянота, гэта самае пагібельнае. А для мяне падарожжа па краіне — асалода. Калі ездзіш па маленькіх вёсачках, бачыш нашу сапраўдную беларускую архітэктуру і культуру. І яна кардынальна адрозніваецца ад рускай, літоўскай, украінскай і іншых. Вельмі прыгожая і велічная. Звычайна самае прыгожае знаходзіцца ў маланаселеных або ўжо «памерлых» вёсках. З сям'ёй мы едзем туды і за два дні паспяваем усё паглядзець, а калі не — затрымліваемся на тыдзень. Так для нас адкрыліся Дуга Струвэ, Крэўскі замак, замак Гальшанскі, палац Сапегаў і г. д. Многія думаюць, што для падарожжа трэба мець шмат грошай. Гэта не так. Дастаткова жадання і ведаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.