Вы тут

У Дрыбінскім раёне з авечай воўны вырабляюць валёнкі і рукавіцы


Зімою ў вёсачках Дрыбінскага раёна становіцца зразумела, які ў мясцовых жыхароў самы распаўсюджаны промысел. Да надыходу маразоў мясцовы майстар апранае і абувае ўсю сям'ю — з цёплай авечай воўны вырабляюць тут валёнкі, рукавіцы і шапкі-магеркі.


Су­час­ныя ва­лён­кі аздоб­ле­ныя ма­люн­ка­мі на лю­бы густ.

Дзяды яшчэ так рабілі...

Пра тое, адкуль на Дрыбіншчыне з'явілася шапавальства, існуе дзве легенды. Адна з іх расказвае, што мясцовы шляхціч аддаў некалькіх прыгонных сялян для навучання валюшнаму рамяству ў Ніжагародскую губерню. Згодна з другім меркаваннем, гаспадар маёнтка, каб павялічыць насельніцтва краю, стаў запрашаць да сябе ўсіх, каго заўгодна. Да гасціннага пана пацягнуліся людзі розных саслоўяў ды ўменняў, былі сярод іх і майстры, якія працавалі з шэрсцю.

Так ці інакш, а згодна з этнаграфічнымі даследаваннямі, шапавальства існавала тут з канца ХVІІІ стагоддзя, і да гэтага часу захаваліся цэлыя дынастыі валюшных майстроў: сем'і Асіпоўскіх, Масаніных, Зюлікавых... Працуюць яны па дзедаўскім метадзе, калі для работы патрэбны толькі воўна, гарачая вада ды ўласныя рукі. Адсюль і знакамітасць у дрыбінскага «вырабу» — кожны майстар раскажа, чаму яго валёнкі непаўторныя, і будзе мець рацыю.

— У нас раней было мноства рамёстваў: бондарства, пляценне з лазы і саломы, ганчарства, але да сённяшняга часу дайшло толькі шапавальства, — расказвае дырэктар Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Жанна Клімава. — Цікавасць да яго ўзнікла, бадай, з самага пачатку існавання музея ў 1995 годзе, але сапраўдная работа распачалася пры маёй папярэдніцы Алене Рэбкавец. Чалавек дзейсны і зацікаўлены, яна выбрала адзін з кірункаў і пачала яго развіваць. Мы выпраўляліся ў этнаграфічныя экспедыцыі, стваралі картатэку, фота- і відэаархіў, пры музеі адкрылася аб'яднанне «Шапавал» для дарослых і «Катрушнік» — для маленькіх майстроў. У 2009 годзе дрыбінскі промысел унеслі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Мы ездзілі на выставы, паступова расла цікаўнасць, з'явіліся аграсядзібы, што прапанавалі турыстам пажыць у хаце «сапраўднага шапавала», але найбольш сведчанняў і цікавінак пра старажытнае рамяство захоўваецца ўсё ж супрацоўнікамі музея.

Гісторыя пад гарбату

У 2012 годзе супрацоўнікі выйгралі першы грант і потым у 2013—2014 гадах асвойвалі сродкі: закупілі воўну, абсталяванне, адкрылі творчую лабараторыю. Адным словам, работа з самага пачатку накіроўвалася ў культурна-асветніцкае рэчышча, так што канкурэнцыю з боку Смілавіч, калі там пачалося аднаўленне валюшнай фабрыкі, у Дрыбіне не адчулі. Затое катрушнікамі зацікавіўся турыстычны аддзел Магілёўскай вобласці.

Сёння цераз раён праходзіць турыстычны напрамак Магілёў—Дрыбін—Мсціслаў. Гасцям паказваюць майстар-класы, экскурсіі, ладзяць выязныя мерапрыемствы. Філіял у аграгарадку Расна прапануе пабываць у фітапакоі з лекавымі травамі і пакаштаваць травяны чай.

Па назіраннях Жанны Клімавай, часта турысты даведваюцца пра дрыбінскіх катрушнікаў праз інтэрнэт і пасля замаўляюць сустрэчу. Пачуць пра ўнікальных на Беларусі рамеснікаў можна на кірмашах народнай творчасці, святах з традыцыйным ухілам, падчас выстаў у Мінску, Магілёве, Смаленску. Традыцыйна ў канцы лістапада праходзіць «Дзень валёнка» — свята, якое любяць школьнікі за конкурсы і гульні. Пасля такіх мерапрыемстваў музейны гурток папаўняецца новымі ўдзельнікамі. Малым падабаецца мацаць вырабы, самім валіць воўну.

— Самыя маленькія нашы вучні — дзеткі ад сямі гадоў. Цяпер у групе займаецца 12 дзяцей два разы на тыдзень. Заняткі праходзяць так, як у сям'і дзядуля вучыў бы нашчадка. Асвойваем разам практыку мокрага валення, спрабуем фальцаваць — наносіць іголкай на валёнкі ўзоры з фарбаванай воўны. Расказваем малым пра асаблівасці краю і гісторыю рамяства, а яшчэ перадаём у спадчыну катрушніцкі лемезень, — расказвае Таццяна Чараповіч, кіраўнік народнага аб'яднання «Шапавал» і навуковы супрацоўнік музея.

Катрушніцкі лемезень — асаблівая мова дрыбінскіх майстроў. І сёння ў звычайнай гутарцы жыхароў дзе-нідзе, а праскочыць незразумелае для чужога вуха слова. У гэтым «разыначка» краю, бо нідзе, акрамя Дрыбіншчыны, на лемезні не размаўляюць. Мінулымі стагоддзямі вандроўныя шапавалы стварылі непаўторную гаворку, запазычыўшы асаблівасці некалькіх моў. Такім чынам узнікла асобная «прафесійная» мова з 915 унікальных слоў, якія адносіліся да абазначэння 13 сэнсавых груп: «чалавек», «прырода», «ежа», «дзеянні» і г. д. Так асцярожныя катрушнікі захоўвалі сакрэты свайго майстэрства.

— Часам надакучыць пальчыкамі воўну мяць, кінеш і збяжыш на вуліцу. Тады бацька цікавіцца: «Куды ты пахліла?» (Куды ты пайшла? — Аўт.) Я яго разумела, а вось тое, што да мяне звяртаюцца на катрушніцкім лемезні, не ўсведамляла, бо для нашай мясцовасці гэта мова звыклая, — успамінае Таццяна Чараповіч.

На адзін муж­чын­скі ва­лё­нак трэ­ба ка­ля кі­ла­гра­ма воў­ны. Май­стар Тац­ця­на Ча­ра­по­віч па­раў­ноў­вае на­рых­тоў­ку і амаль га­то­вы вы­раб.

Дом шапавала

Сваё ўменне працаваць з воўнай жанчына атрымала ад бацькі. Міхаіл Іванавіч Арцёмаў валіў валёнкі для сям'і і для продажу. У хаце на стале раскладваў воўну, а сямігадовая дачка разам са старэйшым братам ужо былі побач.

Дзеці дапамагалі «таптаць» аснову для валёнка і адначасова даведваліся, як правільна раскласці воўну, як важна яе ўзважваць, каб абутак атрымаўся аднолькавы па памеры і патрэбнай таўшчыні. Унутр нарыхтоўкі закладвалі «душу» — кавалак паперы або тканіны, каб сценкі падчас валення не зліпаліся. Потым бацька качаў воўну, пакуль не атрымліваўся вялізны валёнак, які заварочвалі ў вільготную тканіну і яшчэ раз абвальвалі. Далей наступала самая цікавая для малых частка работы — нарыхтоўку палівалі кіпнем, і тая меншала ў памерах.

Ад бацькі Таццяна дазналася, як правільна закладаць калодку, каб надаць абутку форму ступні. У спрактыкаванага майстра заўсёды пры сабе некалькі калодак — на нагу дарослага мужчыны, на жаночую нагу, на ножку дзіцяці. Да калодкі ставілася пярэдняе і задняе правідла, каб сфарміраваць халяву, забіваліся кліны. І потым мокры валёнак адпраўлялі сушыцца ў горача напаленую печ.

— Памятаю, як бацька разам з Міхеевым Канстанцінам, іншымі шапаваламі зімою выпраўляліся па суседніх раёнах. На Дрыбіншчыне здаўна існавала два промыслы — саматужны і адыходны. Пры саматужным майстар сядзеў на месцы і чакаў заказчыка, а пры адыходным катрушнікі спыняліся ў гаспадароў і, пакуль выконвалі работу, жылі пры сям'і. Нездарма ж захавалася прыслоўе: «Дзе шапавал стаў, там яго і стан». Так вандравалі цэлую зіму, а дадому перад вясной прыносілі заробак.

Пра тое, каб сур'ёзна займацца шапавальствам як прафесіяй, Таццяна не думала. Адвучылася ў школе, атрымала прафесію, выйшла замуж — і лёс павярнуўся так, што зноў аказалася дома. Дзеці раслі хутка, і дзядуля рабіў для іх абноўкі. Рамяством зацікавіўся і муж, які да таго часу з катрушніцкім промыслам не сустракаўся. Затое пасля вучобы ў цесця змайстраваў адмысловы стол для валення, з жолабам, каб гарачая вада не цякла на падлогу.

Цяпер у дом да сям'і Чараповіч заходзяць дзеці з аб'яднання «Катрушнік» пры музеі — паглядзець, як вырабляюць сапраўдныя, не сувенірныя валёнкі.

Любы промысел можа стаць адметным для мясцовасці, толькі трэба яго зразумець, адчуць асаблівасць, так лічаць дрыбінскія майстры. У іх, напрыклад, гэта атрымалася. Валёнкі ад умельца-шапавала, упрыгожаныя каляровым узорам, носяць не толькі дзеля цяпла. Яны хутчэй як успамін пра вандроўку ў своеасаблівы свет катрушнікаў, пра незвычайных людзей і іх справу.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Нагам цёпла — сэрцу радасна!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.