Вы тут

Дызайнеры-валюшнікі паказалі новыя калекцыі на «шэрсцівалі» ў Гродне


Паказ адбыўся ў Цэнтры спадчыны. Тут можна было не толькі ўбачыць моднае дэфіле, але і паўдзельнічаць у конкурсах, майстар-класах, а таксама набыць эксклюзіўныя рэчы.


Старажытнае, але забытае майстэрства, зноў выклікае шырокую цікавасць. Аб гэтым сведчыць і фестываль валюшнікаў, які праходзіць у Гродне трэці раз. Многія імкнуліся трапіць на майстар-класы па вырабе аксесуараў. На адным вучылі рабіць кветку на адзенне, на другім качалі шарыкі на пацеркі. Ахвотных было хоць адбаўляй. Прычым, сярод вучняў — не толькі жанчыны і дзеці, але і мужчыны. Як паведаміла метадыст Цэнтра спадчыны Людміла Лебедзь, многія ўдзельнікі майстар-класаў зацікавіліся шырокімі магчымасцямі выкарыстання шэрсці і пажадалі запісацца на курсы, якія тут праходзяць два разы на тыдні.

Шырокую цікавасць выклікалі вырабы майстроў, якія дэманстраваліся ў асобнай зале. Кожную работу можна назваць шэдэўрам. Дызайнеры ахвотна расказвалі пра свае калекцыі. Адна з апошніх майстра Алены Вітко носіць назву «Восень у стылі «эль». Як растлумачыла Алена, вобразы калекцыі ёй навеялі старажытныя сядзібы з восеньскім каларытам. Ужывае дызайнер у адзенні і яркую шэрсць, якую набывае на Слонімскай фабрыцы, дзе кошт даволі прымальны.

Аказваецца, у валюшнікавыя вырабы можна амаль поўнасцю апрануцца — ад сукенкі да цёплага паліто. Дапаўняюць камплекты галаўныя ўборы, сумкі, паланціны, шалікі, розныя аксесуары. Што і прадэманстравалі падчас дэфіле дзяўчаты з тэатра моды «Маладосць» Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Дарэчы, адсюль выходзіць нямала майстроў моднага адзення. Вырабы майстроў-валюшнікаў мадэлі дэманструюць толькі другі раз і з задавальненнем апранаюцца ў цёплыя рэчы. Якраз на восеньскае надвор'е.

Праўда, такія рэчы не кожнаму па кішэні. На «шэрсцівалі» больш цікавіліся, прыглядаліся, чым куплялі. Напрыклад, у калекцыі Алены цана пачынаецца з 200 рублёў. Але праца гэта не такая лёгкая, кажа майстар, на адзін выраб трэба затраціць цэлы тыдзень.

Некалькі жанчын абступілі ў цэнтры залы манекен з шыкоўным паліто. Нават дылетанту зразумела, колькі незвычайных тэхнік тут выкарыстана. Майстар Алена Ражанкова паказвае валакно крапівы на рукавах, шоўкавыя ўстаўкі на кішэнях. Да паліто прыстасаваны капялюш і сумка. Жанчына расказала, што рабіла гэты цуд для сябе, любімай, але гатова прадаць, калі знойдзецца пакупнік, які зможа даць за яго тысячу долараў.

За суму ад 40 да 50 рублёў можна было набыць прыгожы паланцін. Майстар Бернарда Шэндзік паведаміла, што свае вырабы прадае па выхадных на гарадской вуліцы рамеснікаў. Самы хадавы тавар — шалікі, а вось больш значныя рэчы ідуць складаней, хоць цікавяцца імі многія. Кажа, што кошт залежыць ад сыравіны. Майстар карыстаецца аўстралійскай воўнай, якую набывае ў Польшчы, дзе сама і пражывае. Але аформілася майстрам у Беларусі, бо тут лягчэй з дакументамі. У гэтай справе пайшла па бацькавых слядах — ён рабіў валёнкі, а сама Бернарда ў пачатку года прайшла двухмесячныя курсы ў Цэнтры спадчыны. У яе калекцыі некалькі дзясяткаў капелюшоў, якія, спадзяецца жанчына, зноў увойдуць у моду і будуць мець шырокі попыт.

Пакуль у трэндзе прыгожыя і даступныя па цане камплекты «шапка-рукавічкі». Майстар Надзея Анціпенка вырабляе іх за 3—4 дні. Свае камплекты ацэньвае ў 40 рублёў. А вось маю цікаўнасць выклікаў модны жакет, за які прасілі 150 рублёў. Хоць і не танна, але відавочна, што гэта эксклюзіўная рэч. Да таго ж вельмі актуальная падчас халадоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Утульны эксклюзіў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.