Вы тут

Як ратуюць старажытную Каложу


Новы этап работ вядзецца на драўлянай частцы, якая складае амаль палову царквы. Падчас рамонту зменяць абшыўку, установяць новыя вокны і дзверы, узнімуць частку даху. Будоўля ідзе без прастояў, каб паспець да канца снежня асвоіць сродкі, якія выдзелены з Фонду Прэзідэнта сёлета ў ліпені.


Куды знікла сцяна

Знакаміты мураваны храм XІІ стагоддзя толькі часткова адпавядае часам пабудовы. А калі ўзірацца на яго, напрыклад, з набярэжнай Нёмана, ён бачыцца як звычайная драўляная царква. Такі выгляд Каложа набыла не так даўно — у канцы XІX стагоддзя. Драўляную сцяну вымушаны былі зрабіць замест мураванай, разбуранай паводкай. І цяпер ад крутога абрыву царкву аддзяляе ўсяго два метры. Блізкасць Нёмана — самая крытычная акалічнасць, якой на працягу некалькіх стагоддзяў стараюцца супрацьстаяць, каб выратаваць храм.

Згодна з архіўнымі дакументамі, у 1720 годзе размыты ракой схіл падышоў да самай царквы. Паўднёвая сцяна нахілілася. Каб спыніць апоўзень, было загадана пабудаваць каля падэшвы гары плот, высадзіць дрэвы. Аднак гэта мала дапамагло, і рака працягвала разбураць схіл. Спрыялі гэтаму плаціна і гавань на другім беразе, ад чаго рэчышча змянілася, і вада імкліва падступіла да Каложы. У 1845 годзе храм закрылі, бо на адной са сцен з'явілася пагрозлівая расколіна. Гэта частка разам з усёй паўднёвай сцяной у ноч з 1 на 2 красавіка 1853 года абрынулася ў Нёман...

Каложскія страсці

Узнаўлялі святыню, што называецца, усёй грамадой. Значную частку грошай выдзеліў імператар Аляксандр ІІ. Праваслаўным духавенствам быў аб'яўлены збор сродкаў на дабудову мураваных сцен. На аб'явы ў газетах адгукнулася нямала буйных мецэнатаў і простых грамадзян. І астатнюю частку сабралі даволі хутка. Праект і каштарыс складаліся ў Пецярбургу.

Будаўніцтва вызваўся весці гродзенскі купец, які планаваў асвоіць грошы за некалькі гадоў, але неўзабаве адмовіўся ад заказу. У ходзе работ высветлілі, што схіл працягвае спаўзаць і мураваную сцяну не вытрымае. На яго ўмацаванне патрэбны новы праект. Пачалі разбірацца. Адзін з высокіх чыноўнікаў наогул выказаў прапанову перанесці царкву ў бяспечнае месца, але супраць выказаліся прагрэсіўныя дзеячы навукі і культуры, у тым ліку гродзенскі губернатар і епіскап. У рэшце рэшт, на некалькі дзесяцігоддзяў Каложу паставілі на кансервацыю. Расходы ўзялі на сябе лесапрамыслоўцы, якія, уласна кажучы, адыгралі не апошнюю ролю ў частковым знішчэнні храма. Гэта іх плаціна пагоршыла сітуацыю з рэчышчам Нёмана.

Аварыйная бэлька Каложы.

Драўляны ці мураваны?

Пасля спрэчак імператарская камісія спынілася на праекце, згодна з якім разбураныя сцены замянілі больш лёгкай канструкцыяй з брусчатых стоек, абшытых звонку дошкамі. Дах таксама быў драўляны. На ім устанавілі купал з ажурным чыгунным пазалочаным крыжам. Напрыканцы XІX стагоддзя храм узнавілі і асвяцілі. Але спрэчкі вакол старажытнай святыні не сціхлі. У пачатку XX стагоддзя менавіта духавенства ставіць пытанне аб узнаўленні Каложы ў яе першапачатковым выглядзе. Гэта азначала, замяніць драўляныя сцены мураванымі, паводле існуючых. Царкву зноў паставілі на кансервацыю. У 30-я гады вярнуліся да рэканструкцыі, бо па сценах пайшлі расколіны. Перш-наперш, умацавалі схіл.

У савецкі час тут месціўся філіял гісторыка-археалагічнага музея, а затым — філіял музея гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1991 годзе храм вярнулі праваслаўным вернікам, але праблемы з пагрозай разбурэння не зніклі. Наадварот. Паводка 1995 года паказала, што калі ўсё пусціць на самацёк, Каложа проста спаўзе ў Нёман. Вось тады і пачаліся самыя фундаментальныя работы па ўмацаванні схілу, якія доўжыліся 10 гадоў.
У каложскі бераг былі ўціснуты 23 буравыя свідравіны з анкернымі балтамі. Была аказана падтрымка з боку ЮНЕСКА, бо царкву якраз унеслі ў спіс помнікаў сусветнай спадчыны. Час патрабаваў рамонту і самога будынка, але на гэта ўжо не хапіла сродкаў.

Новы віток у ратаванні храма

Да выратавання святыні на працягу апошніх гадоў паспрабавалі падключыць жыхароў Гродзеншчыны, але, як паведамілі ў абласным упраўленні ідэалогіі, сабраць неабходныя сродкі не ўдалося. Пакуль нарэшце на праблему не звярнуў увагу кіраўнік краіны. Па загадзе Прэзідэнта, на рамонтныя работы сёлета ў ліпені было выдзелена каля 200 тысяч рублёў. Якраз цяпер ідзе асваенне сродкаў.

Вось цяпер, калі драўляную сцяну адкрылі, можна ўбачыць, наколькі своечасова пачаліся работы. Асабліва ўражвае стан бэлек на фундаменце. Яны значна прагнілі, у многіх месцах — проста трухлявыя. Ды і сам фундамент часткова сыплецца. Галоўны інжынер ААТ «Гроднажылбуд» Святаслаў Навіцкі пералічвае асноўныя стадыі рамонту: выраўняць сцяну, змяніць абшыўку, уцяпліць, усталяваць новыя вокны і дзверы, замяніць бэлькі. Як-ніяк яны прастаялі больш за сто гадоў. А вось каркас застанецца, як і дах. Перакрываць яго праект не прадугледжвае. Ён будзе толькі часткова ўзняты.

Будаўнікі адказваюць не толькі за якасць работ, але і за якасць матэрыялаў, таму самі купляюць лес і вырабляюць бетон. Дарэчы, тут працуюць тыя, хто мае вопыт работы на гістарычных аб'ектах. І гэта вельмі важна, лічыць галоўны інжынер інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Максім Селядцоў. Тут патрэбен дасканалы, кропкавы падыход, які накіраваны на тое, каб не нашкодзіць, а наадварот, выправіць папярэднія недарэчнасці.

Тое, што царква набліжаецца да аварыйнага стану, пацвердзілі даследаванні падчас распрацоўкі праекта. Вырашылі захаваць асноўны каркас, два іншыя пласты замяніць. Сцены па завяршэнні плануюць пафарбаваць спецыяльным лакам «пад дуб». Спецыяліст не ўтойвае, што і дах патрабуе рамонту, але не гэтым разам. Цяпер галоўная задача — аднавіць драўляную сцяну.

Каложская царква пабудавана ў першай палове XІІ стагоддзя ў часы княжання Барыса і Глеба Усеваладавічаў і ў іх гонар асвячоная. Гэта адзіны аб'ект гродзенскай архітэктурнай школы, які дайшоў да нас. Яго асаблівасць — шліфаваныя булыжнікі ў сцяне і каляровыя маёлікавыя пліткі ў выглядзе крыжоў. Цікава, што яны захавалі сваю афарбоўку з тых часоў. А яшчэ ў сцяне ўбудавана мноства збаноў-галаснікоў, якія надаюць асаблівую акустыку. Кажуць, што на адной з цаглін (плінфаў) захаваўся старажытны адбітак пальца, яго заўважыў адзін са святароў. На яго думку, гэты адбітак застаўся ад будаўніка царквы. Як відаць, яна тоіць у сабе не адну таямніцу.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Святыня на схіле

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».