Вы тут

На канале АНТ пачнецца другі сезон конкурсу «Талент краіны»


У наступную нядзелю, 5 лістапада, на канале АНТ пачнецца другі сезон рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу «Талент краіны». Пасля папярэдніх строгіх адбораў і праслухоўванняў з амаль 1000 ахвотных у праекце засталіся толькі 47 юных артыстаў і калектываў з розных рэгіёнаў Беларусі. Менавіта яны, падзеленыя на дзве ўзроставыя катэгорыі (5—10 гадоў і 11—15 гадоў), будуць спаборнічаць за ганаровае званне «Талента краіны», а таксама грант ад Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.


Гэтыя дзеці і падлеткі — сапраўды выдатныя асобы. Практычна ў кожнага з іх, нягледзячы на юны ўзрост, за плячыма не адзін конкурс, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Камусьці, магчыма, творчыя здольнасці дасталіся ў спадчыну ад бацькоў — прынамсці няцяжка правесці паралель паміж юнай артысткай Ціанай Нэльсан, якая выступае на конкурсе ў жанры харэаграфічнага мастацтва, і клубным дыджэем Джымі Нэльсанам, які ў свой час ірваў радыёпрыёмнікі песняй пра беларускіх дзяўчат. Іншыя ўдзельнікі ўмудрыліся прайсці праз шчыльнае сіта адбору цэлай сям'ёй — так, піяніст Багдан Бабіч выступае ў старэйшай узроставай групе ў інструментальным жанры, у той час як яго малодшая сястра Марыяна спаборнічае за выхад у фінал у намінацыі «вакальны жанр». Абое прызнаюцца: страшэнна перажываюць адно за аднаго, і ў той жа час — падтрымліваюць як мага лепш. Калі ж даведваешся, што Марыяна, як і мама, практычна невідушчая, але гэта не перашкаджае дзяўчыне займацца музыкай — спяваць, іграць на флейце і скрыпцы, выступаць разам з братам у шматлікіх конкурсах і перамагаць, — пачынаеш таксама перажываць, за таленавіты сямейны дуэт.

Папярэджваю: збіраючыся паглядзець тэлеверсію конкурсу, запасіцеся насоўкамі. Зусім не жарт — вельмі ўжо няпростыя жыццёвыя гісторыі ў многіх удзельнікаў «Талента краіны», вельмі кранальныя і шчымлівыя іхнія выступленні. Акрамя таго, у кожным выпуску праекта па добрай традыцыі выступаюць спецыяльныя госці — дзеці з унікальнымі здольнасцямі і су'ёзнымі праблемамі са здароўем, а таксама выхаванцы дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, для якіх выхад на вялікую сцэну — шанц знайсці сваю дарогу ў жыцці.

Змяненні і дапаўненні

Гаворачы пра асаблівасці другога сезона «Талента краіны», кіраўнік дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжаліна Мікульская адзначае больш высокі ўзровень яго ўдзельнікаў, а таксама большую маштабнасць самога конкурсу: «Мы выйшлі на вялікую сцэну Палаца Рэспублікі, што адначасова і прыемна, і адказна».

Агульная схема праекта не змянілася: канкурсанты ў кожнай узроставай катэгорыі спаборнічаюць па чатырох намінацыях: вакал, інструментальнае мастацтва, харэаграфія і арыгінальны жанр. Як і раней, прадстаўляць і суправаджаць юных артыстаў будуць вядучыя Іван Падрэз і Марына Грыцук, а ацэньваць — вядомыя дзеячы мастацтва на чале з рэктарам Акадэміі музыкі, старшынёй савета Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярынай Дулавай. Але ёсць і пэўныя карэктывы.

Прынцыпова новым момантам у праекце стане прысутнасць на сцэне разам з удзельнікамі іх бацькоў, педагогаў і сяброў. Безумоўна, мы і раней здагадваліся, што ў кожнага таленавітага чалавека мусіць быць «група падтрымкі». Але адна справа здагадвацца, і зусім іншая — бачыць, як настаўнік у прамым сэнсе трымае кулакі за сваіх выхаванцаў, альбо мама бязгучна паўтарае за сынам словы песні...

Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца гледачоў, якія змогуць уплываць на ход конкурсу на ўсіх этапах. Пасля кожнага адборачнага канцэрта аднаго з тых, хто не пачуў запаветнага «так» ад журы, але запомніўся сваім талентам і харызмай, выратуе менавіта публіка. Якім чынам? Сачыце за эфірам — даведаецеся!

Закуліссе без інтрыг

«Звязда» пабывала на здымках дзіцячага шоу — і пераканалася, што таленавітыя дзеці і падлеткі насамрэч «наша ўсё».

На вялікай сцэне Палаца Рэспублікі ўдзельнікі ніколькі не бянтэжацца — па-першае, да кожнага арганізатары падышлі з увагай і павагай, па-другое, публіка да іх прыйшла на рэдкасць чулая і добразычлівая, а па-трэцяе, у паветры зусім не адчуваецца подых канкурэнцыі. Не, канешне, кожны з выступоўцаў нацэлены на найлепшы, пажадана пераможны, вынік, але ў вялікай агульнай грымёрцы ўсе ўсміхаюцца і няма месца той нервовай мітусні, што суправаджае большасць конкурсаў.

— Перамагчы — не самая галоўная мэта, найперш цікава выступіць перад такой вялікай аўдыторыяй, — звонка шчабечуць сяброўкі з Гомеля — тры грацыі-гімнасткі з аматарскага цыркавога калектыву імя В. Абеля Таня Бурцава, Віка Музычэнка і Аліна Швед. — Так, будзе крыху крыўдна, калі не атрымаецца дайсці да фіналу, але ж тут сабраліся вельмі моцныя, таленавітыя артысты ў розных жанрах — нехта класна спявае, нехта танцуе, адзін хлопец выдатна вершы чытае... Мы паспелі добра пасябраваць з многімі ўдзельнікамі, а найлепш з Мікітам Кахновічам і яго ігуанай Машай.

— Хвалюецеся перад выступленнем?

— Канешне! Перажываем, каб у нумары на палотнах «Мігценне зорак» усё атрымалася. Але нас шмат хто падтрымлівае — сябры, мамы, педагогі і наш дырэктар цырка.

Удзельнікі танцавальнай студыі «Харошкі» Аляксей Белякоў і Настасся Іванова знешне падаюцца больш спакойнымі, але пры бліжэйшым разглядзе адчуваецца, што энергія ў іх бурліць і патрабуе выйсця — здаецца, Насця проста зараз гатовая выпырхнуць на сцэну і прадэманстраваць тры дзясяткі фуэтэ запар, як праслаўленая прыма-балерына Мацільда Кшэсінская. Яшчэ адзін прадстаўнік харэаграфічнага жанру Мікалай Смятанін, размінаючыся, выдае то «месячную паходку», то элементы хіп-хопа, а ў моманты хвалявання папраўляе адмысловы гальштук з Эйфелевай вежай — сімвал нябачнай падтрымкі ўсяго свайго класа з паглыбленым вывучэннем французскай. А непадалёк уваходзіць у вобраз прынцэсы Аўроры з балета «Спячая прыгажуня» мінчанка Ганна Іванская. «Я з цікавасцю глядзела праект яшчэ ў мінулым годзе, а сёлета педагогі прапанавалі таксама паспрабаваць свае сілы, — расказвае дзяўчына. — Для мяне гэта і новы сцэнічны вопыт, і шанц паказаць сябе і навучыцца нечаму ў іншых, і, безумоўна, імкненне да перамогі — навошта ісці на конкурс, калі не хочаш у ім перамагчы?»

Тым часам на сцэне — феерыя арыгінальнага жанру. У нумары патомнага артыста цырка Мікіты Кахновіча з Жодзіна задзейнічаны экзатычныя жывёлы, якія да таго ж, удакладняе бацька канкурсанта, не паддаюцца дрэсіроўцы.

— Атрымліваецца, я сяджу побач з дзікай ігуанай? — крыху насцярожана ўдакладняе Іван Падрэз.

— Дакладна так, і вы надта смела размахваеце перад ёй пальцамі. Яны ў вас лішнія?

— Не, у мяне наогул няма лішніх частак цела. Затое, дзякуючы вам я зразумеў, наколькі я ўдачлівы чалавек, — аджартоўваецца вядучы і адпраўляе дружалюбную на першы погляд жывёліну далей ад граху выступаць з юным дрэсіроўшчыкам.

Наша «ўсё»

...Адны ўражваюць суддзяў і гледачоў філіграннай адточанасцю рухаў, другія — надзвычайным вакальным дыяпазонам, унікальнай памяццю, акцёрскім майстэрствам або нават... пясочнай анімацыяй. І практычна ўсе без выключэння — непадробнай шчырасцю. Калі канкурсанты прызнаюцца, што скачуць ад радасці — гэта не метафара, а рэальнасць. Таму не дзіва, што гледачы ў суседніх крэслах то захоплена войкаюць, то крадком выціраюць слёзы. А прыгожыя словы старшыні журы Кацярыны Дулавай: «Вы ўсе вельмі таленавітыя, вы — наш нацыянальны здабытак» гучаць без аніякага пафасу, проста як канстатацыя факта.

Нават не ўяўляю, якім чынам прафесійнае журы зробіць канчатковы выбар, калі пераможцам творчага конкурсу варты стаць кожны з іх — такіх розных і такіх адораных дзяцей і падлеткаў. Зразумела толькі адно: «Талент краіны — 2» абяцае быць відовішчным, захапляльным і драматычным. Як абяцаюць арганізатары, без прызоў і падарункаў, незалежна ад вынікаў, праект не пакіне ніводны юны артыст. Нас жа з вамі, шаноўныя тэлегледачы, чакае 7 выпускаў шоу, а вырашыцца яго інтрыга ў фінальным канцэрце 17 снежня.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе жывуць таленты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?