Вы тут

Сёння адкрываецца XXІV кінафестываль «Лістапад»


Сёння разбітая аб штатыў талерка абвесціць адкрыццё XXІV кінафестывалю «Лістапад».

Любімая кінападзея года кінафестываль «Лістапад» сёлета адсылае да ісціны, любові і прыгажосці — у прамым сэнсе да індыйскага фільма «Satyam Shіvam Sundaram: Love Sublіme» Раджа Капура. Вы б толькі на гэта паглядзелі: Шашы Капур, адкрытыя сары, рухі сцёгнамі, салодкія ілюзіі, віхурныя страсці і тонкая, нават элегантная эротыка. Тое ж, у сэнсе, ісціну, любоў і прыгажосць, трэба паспрабаваць адшукаць у багатай праграме «Лістапада», якая сёлета ўключае 165 фільмаў з 55 краін. Ужо сёння, 3 лістапада, кінафестываль пакажа першыя стужкі і ў кінатэатры «Масква» правядзе цырымонію адкрыцця з разбіццём аб штатыў талеркі і паказам фільма «Арытмія» Барыса Хлебнікава.


Сёлетні фестываль — гэта шэсць конкурсаў, у якія ўваходзяць 94 фільмы, пазаконкурсныя праграмы ігравога і дакументальнага кіно, індустрыяльная платформа, сустрэчы з аўтарамі. Гэта Міхаэль Ханеке, Франсуа Азон, Агнешка Холанд, Фаціх Акін, Бруно Дзюмон, пераможцы Канскага і Берлінскага кінафестываляў, асаблівы погляд на кіно постсавецкай прасторы, аўтары, якія хутка апынуцца ў авангардзе сусветнага кіно, і аўтары, што гэты свет ужо заваявалі. Гэта буйное, важнае і стыльнае мерапрыемства, якое дае беларускай публіцы магчымасць убачыць на вялікім экране фільмы, якія яна, напэўна, ніколі без яго не ўбачыла б.

Пляцоўкамі сёлетняга «Лістапада» стануць кінатэатры Falcon Club Буцік Кіно, «Цэнтральны», «Мір», «Піянер», «Беларусь» і Музей гісторыі беларускага кіно. Конкурсныя праграмы, як заўсёды, будуць глядзець міжнародныя журы, сярод якіх на месцы былога Міжнароднага журы кінапрэсы з'явілася журы FІPRESCІ — Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў, у склад якой сёлета ўвайшлі дзесяць беларусаў. Адбыліся змены ва ўзнагародах — замест Золата, Серабра і Бронзы «Лістапада» сёлета кінафестываль будзе ўзнагароджваць Гран-пры, Прызам FІPRESCІ і Прызам глядацкіх сімпатый.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на беларускае кіно, якое канцэнтруецца ва ўжо традыцыйным Нацыянальным конкурсе, а на XXІV кінафестывалі таксама аказваецца ў Асноўным конкурсе дакументальнага кіно (гэта фільм «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам» Вольгі Дашук) і ўпершыню ў конкурсе «Маладосць на маршы» (гэта карціна «Заўтра» Юліі Шатун).

Што датычыцца сённяшняга дня, ён можа прынесці нечаканыя эмоцыі праз прагляд новых фільмаў. У кінатэатры «Цэнтральны» будуць паказаны фільм адкрыцця «Лістапада» «Арытмія», расійскі альманах «20:17», вартая асобнай увагі карціна «След звера» Агнешкі Холанд і новы фільм Дэні Катэ, які летась узначальваў журы конкурсу «Маладосць на маршы», «Шаўковая скура». Пачне свае паказы і дакументальная праграма: у кінатэатры «Мір» можна будзе ўбачыць карціну Стывена Кантара «Танцоўшчык» і аргенцінскі фільм Радрыга Х. Віла «Танга ў Парыжы. Успаміны Астора П'яцолы» з праграмы «МузыкаДок», а таксама фільм грузінскага рэжысёра Левана Кагуашвілі «Новае жыццё Гагіты» і стужку «Нічэвуд», галоўным героем якой з'яўляецца папулярны афганскі акцёр.

Ужо заўтра гледачы і журы пачнуць глядзець конкурсныя праграмы, зацікаўленыя накіруюцца на мерапрыемствы Індустрыяльнай платформы, публіка пазнаёміцца з запрошанымі гасцямі і зможа задаць аўтарам свае пытанні пасля кінапрагляду. Але свята будзе не такое доўгае, як хацелася б: ужо 10 лістапада пасля насычаных фільмамі дзён мы даведаемся назвы пераможцаў і застанёмся з гэтым жыць. Да наступнага «Лістапада».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Залістападзіла!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».