Вы тут

На малой радзіме Якуба Коласа — сведчанні і сакрэты яго таленту


На малой радзіме Якуба Коласа — сведчанні і сакрэты яго таленту.

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння нашага песняра Якуба Коласа. Цяжка пераацаніць той уклад, які ён унёс у развіццё беларускай літаратуры. Па-сапраўднаму народны паэт, ён стварыў цэлую галерэю герояў, што ўяўляюць сабой самыя яскравыя вобразы жыхароў вёскі, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. У гэтыя памятныя дні карэспандэнты «Звязды» праехаліся па Стаўбцоўшчыне, малой радзіме песняра, каб паспрабаваць зразумець сакрэт таленту вялікага творцы.


Акінчыцы

Сядзіба ў Акінчыцах стала мемарыялам у 1982 годзе. Рупліўцамі стварэння музея былі Даніла Міцкевіч і Георгій
Ткацэвіч. Апошні, шэсць гадоў праслужыўшы Коласу, пайшоў працаваць у іншы музей, а ў наш час з'яўляецца намеснікам старшыні Беларускага фонду культуры.

— Мне давялося рыхтаваць стагоддзе Якуба Коласа — я быў вельмі шчаслівы, — прыгадвае Георгій ТКАЦЭВІЧ. — І калі прыехалі госці ў родны куточак творцы, шчымела душа не толькі ў мяне. Я ствараў гэтае месца разам з добрымі людзьмі — адгукнуліся супрацоўнікі Акадэміі навук. Таксама далучыліся дарожнікі, мясцовыя будаўнікі, якія ўсю тэрыторыю давялі да ладу.

Сёння экскурсійны расповед у Акінчыцах можна пачуць з вуснаў Соф'і Пятроўны Міцкевіч. Разам праходзім сені, мінаем камору, трапляем у святліцу. Жанчына па-добраму з вялікім задавальненнем і цеплынёй распавядае пра ўсе дэталі ўладкавання вясковай хаты:

— Вось калыска, раней яна называлася зыбачкай. У ёй мама калыхала будучага вялікага паэта. У Якуба Коласа было 12 родных братоў і сясцёр. Таму калыску гайдалі ўвесь час. Ну і не рукамі звычайна, а нагой, дзякуючы спецыяльнаму прыстасаванню. Бо рукі павінны былі быць свабоднымі для працы — прадзення нітак. Акурат вялікія клубы нітак можна ўбачыць у сядзібе...

«Жаночая работа — гэта вечныя турботы. То каля печы, то ў полі — амаль не зводзіцца ніколі», — так пісаў Колас пра сваю маму ў паэме «Новая зямля».

Усё ў гэтым месцы сведчыць пра зладжанае сямейнае жыццё. У музеі прадстаўлены побыт беларусаў канца XІX — пачатку XX стагоддзя. У «залатым» фондзе — пранік, якім маці паэта, Ганна Юр'еўна, мыла бялізну, дзежка, у якой яна расчыняла цеста. Чаравічкі дасталіся ад родных Коласа. Хусцінку-канапляначку здала ў экспазіцыю сястра песняра.

— Бацька паэта, як ажаніўся, займаўся тым, што ганяў плыты князя, — працягвае Соф'я Пятроўна. — Вось куфэрак, у якім калісьці Міхал Міцкевіч захоўваў грошы, што атрымліваў за працу ў князя. Аднак калі сям'я пераехала з Ластка ў Альбуць, праз год жыцця на новым месцы ўся іх маёмасць згарэла. А куфэрак украў, як пасля высветлілася, жыхар Новага Свержаня. Золата ён забраў, а куфэрачак выкінуў... Пазней маці паэта стала захоўваць у ім прылады для ручной працы — нажніцы, іголкі, спецыяльныя прыстасаванні, каб змотваць ніткі, гузікі. А вось старажытная плоечка, каб падкручваць валасы, — у паэта ж было шмат сясцёр! Экспанаты для музея збіралі амаль 50 гадоў таму.

Альбуць

Наступны пункт нашай вандроўкі — мемарыяльная сядзіба «Альбуць», якая таксама з'яўляецца часткай музея «Мікалаеўшчына» (філіяла музея Якуба Коласа ў Мінску).

Тут сям'я Міцкевічаў жыла з 1890 па 1904 год. У гэтым месцы прайшлі дзіцячыя гады пісьменніка, кажуць, што менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль ён паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды вяртаўся кожнае лета ўжо маладым настаўнікам. Менавіта Альбуць апісана ў яго паэме «Новая зямля» як Парэчча.

— Варта растлумачыць цікавую назву Альбуць, — распавядае Соф'я Міцкевіч. — Калісьці самымі багатымі людзьмі на гэтых землях былі князі Радзівілы — некаранаваныя каралі, — і яны мелі больш, чым хтосьці іншы, лясоў, у якіх ставілі леснічоўкі. 300 гадоў таму тут была нават не леснічоўка, а будан! А дарога побач называлася Буданскай... Калісьці ў Радзівілаў пачаў выміраць род — дзеткі нараджаліся, але доўга не затрымліваліся на гэтай зямлі. Прычым жылі яны звычайна год, тры, пяць, сем, дзевяць — да трынаццаці гадоў мала хто дажываў. Ніхто не мог даўмецца, чаму так адбываецца?.. Князь Радзівіл пачаў шукаць раду, выпісваў розных дактароў з замежных краін. Але ніхто не мог знайсці прычыну. І вось князь знайшоў французскага доктара па прозвішчы Альба, яго запрасілі ў Нясвіж. Той праз нейкі час здолеў высветліць, што прычына ў шлюбах паміж блізкімі сваякамі. У гэту мясцовасць урач часам прыязджаў з князем на паляванне. Да таго ж ён быў інтэлектуалам, любіў пісаць алейнымі фарбамі. Ён намаляваў мясцовую рэчку, дубы, а знізу так і падпісаўся — «Альба». З таго часу гэта месца так і празвалі.

У 1990 годзе ў адноўленай сядзібе была адкрыта літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля». Выстава знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі і выданнямі розных гадоў, а таксама з прадметамі сялянскага побыту.

Лагічным працягам экспазіцыі з'яўляецца выстава «Бортніцтва і рыбалоўства», якая размяшчаецца ў адноўленым гумне. Тут можна ўбачыць рэдкія сёння прылады пчаляроў і рыбаловаў, якімі мог карыстацца і дзядзька Якуба Коласа — Антось, заўзяты аматар рыбалкі. Антось усё жыццё пражыў з сям'ёй Міцкевічаў і стаў адным з герояў паэмы «Новая зямля».

Соф’я Пятроўна Міцкевіч ведае да драбніц, што звязвае Якуба Коласа са Смольняй.

Смольня

У мемарыяльнай хаце ў Смольні выстаўлены рэчы сям'і Міцкевічаў, якімі карыстаўся і сам паэт.

У гэтай вёсцы ў жніўні 1912 года адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Сюды прыязджаў пісьменнік вясной 1956 года, за некалькі месяцаў да смерці, каб паглядзець на Нёман і на краявіды, што знайшлі сваё адлюстраванне ў трылогіі «На ростанях» і ў паэме «Сымон-музыка».

Смольня стала мемарыяльнай сядзібай у 1967 годзе. Музейная плошча падзелена на дзве часткі: літаратурную і мемарыяльную. Сам дом стаў музеем толькі ў 1972 годзе, да 90-годдзя з дня нараджэння паэта.

Інтэр'ер мемарыяльнага дома адноўлены па ўспамінах родных Коласа, аўтары праекта спрабавалі перадаць дух сям'і Міцкевічаў. На сядзібе адноўлены хлеў і гумно, у галоўным сядзібным доме шмат этнаграфічных рэчаў.

У пабудаваным двухпавярховым будынку размяшчаецца літаратурная экспазіцыя. Сюды перавезена частка інтэр'ера з музея Якуба Коласа ў Мінску (у гэтым доме паэт пражыў апошнія 11 гадоў свайго жыцця). У музеі знаходзяцца фатаграфіі, рэдкія выданні твораў песняра, лісты да сваякоў, каштоўныя рэчы. Тут жа зазвычай месцяцца і часовыя выставы — напрыклад, адметных вырабаў з воўны, зробленых сваякамі Коласа.

Ласток

Ласток — месца, дзе Якуб Колас правёў свае раннія дзіцячыя гады. І тут знаходзіцца адзіны аўтэнтычны дом, дзе сапраўды жыла сям'я пісьменніка і ён сам — ва ўсіх астатніх месцах дамы былі пераробленыя наноў. Гэтаму дому сёння ўжо больш за 130 гадоў — вось ён, сапраўдны сведка жыцця народнага песняра!

Побач з гістарычным домам адноўлены гаспадарчыя пабудовы. У Ластку размясцілася літаратурная экспазіцыя па матывах паэмы «Сымон-музыка». Тут можна ўбачыць копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фатаграфіі паэта 20-х гадоў XX стагоддзя.

***

Шлях да Коласа ў кожнага свой. Як і да беларускай літаратуры. Ніхто іншы за нас яго не пройдзе. Мы на свае вочы пабачылі радзіму вялікага паэта, дакрануліся да вытокаў яго творчасці. Тое самае раім зрабіць і вам.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Стаўбцоўскі раён

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Дакрануцца да вытокаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.