Вы тут

«Там страшна і небяспечна»...


У Магілёве распачата крымінальная справа ў адносінах да прадпрымальніка, у недабудаваным доме якога пацярпелі дзеці.


Фота: БЕЛТА

У магілёўскай 45-й сярэдняй школе жалоба. Страшная трагедыя, якая здарылася 1 лістапада ў мікрараёне Спадарожнік, забрала жыццё аднаго вучня 4 «К» класа і яшчэ аднаго з надзвычай цяжкімі траўмамі прыкавала да бальнічнага ложка. Як мы ўжо пісалі, у сераду каля чатырох гадзін вечара ў мікрараёне Спадарожнік па вуліцы Загарадная шаша абрынулася перакрыццё пустуючага дома, дзе гулялі двое дзяцей 2007 і 2008 гадоў нараджэння. Адно з іх загінула, за жыццё яго аднакласніка сёння змагаюцца ўрачы абласной дзіцячай бальніцы. Яны аднавілі сэрцабіцце, але на раніцу ўчарашняга дня хлопчык быў у непрытомнасці.

— Стан яго вельмі цяжкі, без дынамікі, — паведаміў галоўны ўрач гэтай бальніцы Ігар Каско. — Ён у коме. Цяжкае прыгнечанне свядомасці, усе функцыі арганізма падтрымліваюцца медыцынскім шляхам. Медыкаменты трымаюць артэрыяльны ціск, прымушаюць біцца сэрца, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх дыхае замест яго — дзіця на поўным замяшчэнні функцый арганізма.

Медыкі пакуль не даюць ніякіх прагнозаў. Усю ноч побач з хлопчыкам былі яго бацькі і родныя.

Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці працуе над расследаваннем гэтай трагічнай справы.

— Хлопчыкі, якія пацярпелі, прыйшлі ў госці да свайго сябра 2010 года нараджэння, — расказала афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана САЛЯНЮК. — Калі дзеці сабраліся ісці, яны паклікалі хлопчыка з сабой пагуляць у закінутым доме. Але той адмовіўся, растлумачыўшы, што маці не дазваляе яму гэтага рабіць. Маўляў, дом недабудаваны, там страшна і небяспечна. Яго таварышы пайшлі, а хлопчык стаў назіраць за імі. Пліта перакрыцця абвалілася, калі малыя пералазілі цераз аконны праём. Малы адразу ж кінуўся да дарослых, каб папярэдзіць аб няшчасці. Яны і патэлефанавалі ратавальнікам.

З дапамогай гідраўлічнага аварыйна-ратавальнага абсталявання супрацоўнікі МНС дасталі з-пад пліты целы хлопчыкаў. Аднаму з іх ужо нічым нельга было дапамагчы, а другому першую дапамогу аказваў урач выратавальнай службы.

Следча-аператыўная група УСК, дзейнасць якой у дзень трагедыі каардынаваў старшыня УСК па Магілёўскай вобласці Андрэй Ліс, правяла агляд мясцовасці, быў задзейнічаны эксперт па будаўніцтве.

— У рамках крымінальнай справы будзе назначаны шэраг экспертыз, у тым ліку будаўнічая, наконт стану дома, колькі часу ён у такім выглядзе знаходзіцца, — удакладняе Аксана Салянюк. — Затрыманы індывідуальны прадпрымальнік, магіляўчанін 1970 года нараджэння, якому належыць даўгабуд. У адносінах да яго распачата крымінальная справа па артыкуле 144 — Прычыненне смерці па неасцярожнасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?