Вы тут

Пытанні


Пытанні

Загадзя прабачаюся, бо калонка будзе крыху незвычайная, але даволі даўно хачу нешта ўдакладніць у вас, дарагія чытачы. Магчыма, хтосьці з вас ведае, дзе раздаюць сцэнары са стандартнымі пытаннямі і адказамі па абавязковых пунктах чалавечага жыцця. Як гэта, вы не разумееце, пра што я пішу? Няма сцэнара? Ды няўжо!

Давайце пачнём спачатку. Што вы пра мяне ведаеце? А што вас цікавіць? Я нарадзілася ў зімовы дзень, у горадзе ля мора, дзе зіма не існуе. Нарадзілася дзіўным чалавечкам з сумнай песняй у душы, навучылася чытаць вершы на трэцім годзе жыцця, пісаць пачала на шостым. Да падлеткавага ўзросту чакала, калі прылятуць за мной з маёй планеты. Не прыляцеў ніхто. Граю на піяніна, спяваю ў караоке. Люблю ўлетку глядзець на знічкі. Я нязграбная дзяўчына і падаю, не зусім як зорка. Не веру ў Бога, але я маральна прынцыповая. Люблю горкі шакалад, гарбату без цукру, ваду з цытрынай, шпацыры на пляжы, падарожжы і замежныя мовы. Я магістр беларускай філалогіі (хаця самой цяжкавата верыцца) і нядаўна паступіла ў літаратуразнаўчую аспірантуру, бо люблю кнігі трохі мацней, чым людзей. Сваіх сяброў затое люблю бязмерна.

Але гэты аповед не паводле пытанняў, якія ўваходзяць у сцэнар. Паводле сцэнара, мне 24 гады, ніколі не была ў шлюбе і нядаўна кінула ў меру перспектыўнага жаніха, які мяне нават не біў. Вось і дура. Я нарадзілася ў краіне, дзе пануе... Не скажу, што талерантнасць, хаця і гэтага хапае (Іспанія ж гэта зусім Захад, далей акіян пачынаецца!). Дакладней будзе, калі напішу слова «абыякавасць». Людзям усё адно, як хто жыве, калі і чаму. Асабістыя пытанні, адказы на якія нас не абыходзяць, лічацца не вельмі разумнымі. Асабліва тады, калі чалавек не можа ведаць адказу, бо ён залежыць не толькі ад яго самога. Напрыклад: «А калі ты знойдзеш хлопца/дзяўчыну?» Ну, гэта не мне вырашаць, праўда? Хлопцаў не шукаюць. Ці шукаюць? Прабачце, я буду далей пісаць зыходзячы з перспектывы гетэрасексуальнай жанчыны, бо я яна і ёсць. Калі ў мяне пачалося дадатковае беларускае жыццё, акрамя сваіх папярэдніх, я ўвайшла ў кантакт са спісам стандартных пытанняў, якія моцна хвалююць некаторых маіх сябровак (і напэўна, нямала чытачак). Яны прыкладна наступныя (для жанчыны каля 25 гадоў; выбірайце ў кожным пункце найлепш падыходзячы варыянт):

1. А калі хлопца знойдзеш? / А хлопец ёсць? / А твой хлопец дзе? / Ты што, моцная, незалежная жанчына з трыма катамі? Ха-ха!

2. А, напэўна, ужо замужам? / Калі вяселле? / Чаму хлопец замуж не кліча?

3. Колькі ў цябе дзяцей? / Калі свае дзетачкі будуць? / Чаму яшчэ няма дзяцей? / Калі другое (трэцяе, наступнае) дзіця? / А дзе муж? Як будзе расці тваё дзіця без бацькі?

4. А чаму такая тоўстая? / Ты хворая? Нешта вельмі худая. / Макіяж не носіш? / Чаму так шмат макіяжу, ты была б прыгажэйшая au naturel. / ...

5. Вышэйшая адукацыя якая? / А працуеш? / Яшчэ працуеш? / Плануеш працаваць пасля нараджэння дзяцей? / Не адчуваеш, што ты дрэнная маці, калі працуеш, а пакідаеш дзяцей дома? / Не пачуваеш сябе вінаватай, што зусім не працуеш, а лянуешся дома, а муж паўмёртвы?

Іх яшчэ болей, але, шчыра кажучы, мне стала кепска ад таго, што такія словы выходзяць з-пад майго пяра (з-пад маёй клавіятуры, праўда), і не хачу пісаць больш. Вы і так разумееце сутнасць, спадзяюся.

Цікава яшчэ тое, што я некалькі гадоў была, так бы мовіць, па-за «законам». Я замежніца, я з Захаду, я яшчэ маладая і «адумаюся». Адзінае пытанне, якое справакавала скандал вакол мяне, — пытанне наконт дзяцей. Колькі іх планую і калі. Справа ў тым, што я выбрала шлях адрозны ад мацярынства. Я заўжды ведала, што не жадаю мець сваіх дзяцей і што стаць маці была б вельмі дрэнная думка ў маім выпадку (калі-небудзь магу распавесці, чаму). А ведаеце, гэты варыянт адказу не ўваходзіць, відаць, у сцэнар. І людзям вельмі непрыемна атрымаць не той адказ, які яны чакаюць ад чалавека. Сама згубіла сяброў (ну, знаёмых, але ўсё ж) праз такое прызнанне. Не падумайце, я не асуджаю тых, хто выдаліў бяздзетную вядзьмярку (мяне) у сацсетках. Я цікаўлюся чалавечай псіхалогіяй і разумею, што людзі любяць пацвярджэнне сваіх жыццёвых рашэнняў. З-за таго, што варыянт «не мець дзяцей» не разглядаецца, некаторыя не думаюць пра тое, трэба ім стаць бацькамі ці не (мне здаецца, варта было б падумаць над гэтым, бо такі выбар змяняе тваё жыццё і стварае новае для чалавека, які сюды ўвогуле не прасіўся, але гэта іншая тэма для іншай калонкі). Дык таму ім і непрыемна, калі даведваюцца, што ўвогуле магчыма выбраць іншы шлях. Для некаторых адназначна горшы, а для іншых нашмат лепшы. Але адрозны ў любым выпадку.

Тут, скажу шчыра, мяне не прынялі занадта ўсур’ёз. «Маладая, адумаецца». А я засталася такой, як была, і не разумею дагэтуль, чаму малады чалавек (асабліва, калі дарослы) не можа ведаць, што хоча, і прымаць правільныя рашэнні.

Яшчэ адно рашэнне, прынятае мной, — кінула хлопца, з якім сустракалася паўтара года. А кінула з важкіх прычын. Не буду пісаць дрэннае ні пра яго, ні (не хапала яшчэ!) пра сябе, але было вельмі ясна, што гэта не мой чалавек. І нават не чалавек, з якім я магу жыць спакойна і шчасліва, будучы сабою. Рашэнне было адназначна правільнае, або, прынамсі, мне так падалося. Здзівіла рэакцыя польскіх і беларускіх сяброў. Канешне, была патрэбна падтрымка, якая мне дапамагла жыць далей і захапляцца новай свабодай, але... Першы раз у жыцці мне намякалі ў твар, што я старая! Дакладная цытата: «Не хвалюйся, хай табе ўжо і дваццаць чатыры гады, можа, ты знойдзеш яшчэ чалавека і не застанешся адна назаўсёды». Мой адказ? Па-першае, мне не «ўжо дваццаць чатыры гады», а «яшчэ дваццаць чатыры гады». Розніца істотная! Па-другое, калі захачу, то знайду! Так шмат людзей на свеце, а я такая свая. А па-трэцяе... Сяброўка, а што, калі не знайду? Будзе вялікі выбух у маёй хаце, і я памру? Не, праўда? Чытачы, здагадаецеся, што будзе?

Я дзіўнаваты чалавечак са светла-сумнай песняй у душы. Люблю чытаць у самоце з кубкам гарачай гарбаты ўзімку і глядзець на знічкі ўлетку. Я поўная энергіі тады, калі пішу свае радкі і хаджу па беразе мора. Люблю горкі шакалад, марозіва і кнігі мацней, чым большасць людзей. Спяваю ў караоке без сораму, граю на піяніна лепш за ўсё, калі мне вельмі радасна або вельмі цяжка. П’ю халодную ваду з цытрынай зранку і кінула алкаголь цалкам некалькі месяцаў таму. Калі буду «адна», чытайце «без хлопца», мае сябры нікуды не знікнуць. Іх няшмат, але я люблю іх да смерці і назад. Будзе мой універ, мая літаратура і чужая, знічкі будуць падаць з неба кожнае лета, і гарбата будзе аднолькава гарачая, калі звару яе сама для сябе. Нічога не здарыцца, і я буду шчаслівая. Але дзякуй за хваляванне. Я гэта цаню.

Анхела Эспіноса Руіз

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.