Вы тут

Што адбываецца ў Лаосе?


Дзяржаў, якія дагэтуль прытрымліваюцца камуністычнай ідэалогіі, ва ўсім свеце засталося няшмат. Іх у прамым сэнсе слова можна пералічыць на пальцах адной рукі. Цікава, што гэтая «марксісцка-ленінская пяцёрка» размеркавана па двух кантынентах. Куба прадстаўляе Лацінскую Амерыку, а Кітай, В'етнам, Паўночная Карэя і Лаос — Азію. Ідэалогія іх аб'ядноўвае, аднак у кожнай з краін — свае асаблівасці. Напрыклад, Лаос доўгі час трымаў закрытай сваю «бамбукавую заслону», а пасля абвясціў «чын таакан май» (новы эканамічны механізм), што дазволіла з дапамогай замежнага капіталу стварыць уласную прамысловасць і належную інфраструктуру. Не губляючы пры гэтым дзяржаўнай камуністычнай платформы. Якія ж перспектывы ў Лаоса?


Лодкі са снарадаў

Спачатку зарыентуемся «на мясцовасці». Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі са сталіцай В'енцьян. На захадзе мяжуе з Тайландам, на ўсходзе — з В'етнамам, на поўдні — з Камбоджай, на поўначы — з правінцыяй Юньнань Кітая, на паўночным захадзе — з М'янмай. Лаос не мае выхаду да мора, гэта пераважна горная краіна. Рака Меконг цячэ па мяжы Лаоса з Тайландам і М'янмай, мяжу з В'етнамам падзяляюць горы Чыангшон. Клімат субэкватарыяльны мусонны, характарызуецца падзелам года на два сезоны — перыяд мусонных дажджоў з мая па кастрычнік і зімовы сухі перыяд з лістапада па красавік. Колькасць насельніцтва складае 6,75 мільёна чалавек. Значная частка жыхароў сканцэнтравана ўздоўж Меконга і каля сталіцы. Горныя раёны на поўначы і ўсходзе краіны мала заселены. У Лаосе пражывае каля 70 розных плямёнаў і народнасцяў. Усё шматнацыянальнае насельніцтва прынята дзяліць на тры групы: лаа-лум, лаа-тэнге і лаа-сунг. Кожная група ўключае плямёны і народнасці, аб'яднаныя агульнымі этналінгвістычнымі прыкметамі, месцам рассялення і ўкладам жыцця.

Лаос як дзяржава бярэ свой пачатак у ХІV стагоддзі, калі краіна называлася Лан Санг Хом Кхаа («Краіна мільёна сланоў і белага парасона»). З гэтага часу адбываецца падзел плямёнаў тай і лаа, дарэчы, з нагоды ідэнтыфікацыі апошніх вядуцца спрэчкі паміж тайландскімі і лаоскімі гісторыкамі. Пасля заняпаду дзяржавы Лансанг тэрыторыя трапіла ў залежнасць Сіяма ў ХVІІІ стагоддзі, а ў 1893 годзе паводле дагавора паміж Францыяй і Сіямам адышла ў склад каланіяльнай тэрыторыі французскага Індакітая.

Падчас Другой сусветнай вайны Лаос быў заняты японцамі, а ў 1949 годзе здабыў незалежнасць у рамках каралеўства на чале з манархам Сісаванг Вонгам.

Унутраныя канфлікты ў канцы 1950-х гадоў прывялі краіну да грамадзянскай вайны, у якую пасля ўмяшаліся Паўночны В'етнам і ЗША. У гэты перыяд Народна-вызваленчая армія Лаоса (Патэт-Лаа) пры падтрымцы Паўночнага В'етнама кантралявала значную тэрыторыю на ўсходзе краіны. Баявыя дзеянні былі непасрэдна звязаныя з вайной у В'етнаме, паколькі па тэрыторыі краіны праходзіла значная частка «сцежкі Хо Шы Міна», па якой Паўночны В'етнам перакідваў свае войскі на поўдзень. Падчас вайны на Лаос было скінута каля 260 мільёнаў авіябомбаў, што нанесла вялікія страты мірнаму насельніцтву, прыродзе і гаспадарцы краіны. У сярэднім выходзіла па 10 тон на кожны квадратны кіламетр тэрыторыі і тона на кожнага жыхара. 30% гэтых боепрыпасаў дагэтуль засталося ляжаць у зямлі. Амерыканскіх снарадаў, якія ўзарваліся, настолькі шмат, што мясцовыя жыхары дагэтуль шырока выкарыстоўваюць вялізныя гільзы ў паўсядзённым жыцці: з іх робяць платы, цыстэрны, вазы і нават лодкі.

Баявыя дзеянні ў Лаосе завяршыліся ў лютым 1973 года падпісаннем В'енцьянскага пагаднення. Парушыўшы яго, сілы Патэт-Лаа вясной 1975 года пачалі наступленне і ў жніўні занялі В'енцьян. На працягу некалькіх месяцаў структура кааліцыйнага ўрада была захавана, Патэт-Лаа праводзіла памяркоўную палітыку, але пасля ўзяла ўладу ў краіне цалкам у свае рукі. 2 снежня 1975-га кароль Сісаванг Вонг быў вымушаны адрачыся ад трона. Урад узначаліў Генеральны сакратар Народна-рэвалюцыйнай партыі Лаоса Кейсан Фомвіхан, які стаў фактычным кіраўніком краіны. Пры падтрымцы СССР і В'етнама была ўтворана Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (ЛНДР).

Ужо ў 1975 годзе ўлады Лаоса абвясцілі пра пераход на сацыялістычны шлях развіцця. У краіне было ўведзена цэнтралізаванае планаванне, разгарнуліся калектывізацыя і нацыяналізацыя. Тэарэтычнай асновай пераўтварэнняў стаў тэзіс Кейсана Фомвіхана, вылучаны яшчэ ў 1972 годзе, — аб пераходзе да сацыялізму «абыходзячы капіталістычную стадыю».

Выхад з ізаляцыі

У Лаосе дагэтуль захавалася аднапартыйная сістэма, кіраванне краінай ажыццяўляе Народна-рэвалюцыйная партыя Лаоса (НРПЛ) камуністычнага тыпу. Прэзідэнт Лаоса абіраецца парламентам на пяць гадоў. Урад узначальвае прэм'ер-міністр, прызначаны прэзідэнтам пры зацвярджэнні Нацыянальным сходам. Палітыка ўрада вызначаецца партыяй праз палітбюро з дзевяці членаў і ЦК — з 49. Новая канстытуцыя Лаоса, якая ўстанаўлівае парадак выбараў у парламент (Нацыянальную асамблею), была прынята ў 1991 годзе. Нягледзячы на аднапартыйную сістэму, выбары ў лаоскі парламент праходзяць часткова на альтэрнатыўнай аснове — напрыклад, на галасаванні мінулага года на 149 мандатаў прэтэндавалі 211 кандыдатаў. Пасля смерці Кейсана Фомвіхана, які ўзначальваў НРПЛ на працягу 36 гадоў, а краіну — 16, у Лаосе ўсталяваўся блізкі да кітайскага дзяржаўны рэжым, пры якім лідар партыі і дзяржавы застаецца на сваіх пасадах абмежаваную колькасць часу (максімальна на сённяшні момант — 10 гадоў), пасля чаго ідзе ў адстаўку і змяняецца другім членам кіраўніцтва НРПЛ.

У 1975 годзе ў Лаоса былі дыпламатычныя адносіны з 43 краінамі. Дзяржава асацыявала сябе з савецкім блокам і падтрымлівала цесныя сувязі з СССР, акрамя таго, у 1977-м з В'етнамам быў падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, што ўскладніла супрацоўніцтва з КНР. На працягу многіх гадоў у Лаоса і празаходняга Тайланда былі нацягнутыя адносіны, якія выліліся ва ўзброеныя сутыкненні на межах на працягу 1987 года. Пасля тых падзей лідары дзвюх краін падпісалі камюніке, якое стала сігналам да нармалізацыі адносін.

Пасля развалу савецкага блока Лаос пачаў актыўна развіваць рэгіянальныя сувязі. Выхад з міжнароднай ізаляцыі суправаджаўся развіццём і пашырэннем адносін з такімі краінамі, як Аўстралія, Францыя, Японія, Швецыя і Індыя. Былі нармалізаваны гандлёвыя адносіны з ЗША. У выніку ўжо ў 2005 годзе Лаос меў дыпламатычныя адносіны са 122 дзяржавамі. Пры гэтым ЛНДР праводзіць палітыку балансавання паміж трыма суседзямі: Тайландам, Кітаем і В'етнамам. У ліпені 1997 года краіна ўступіла ў АСЕАН, а ў 2013 годзе была прынята ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Важнай асаблівасцю знешняй палітыкі Лаоса з'яўляецца актыўнае прыцягненне замежнай дапамогі, прычым ад самых розных дзяржаў.

Напрыклад, у 2005 годзе Японія выдзеліла ЛНДР дапамогу ў памеры 300 млн ен на закупку харчавання для ахвяр паводкі, спісала доўг у 594 млн ен, а таксама перадала рэспубліцы некалькі пачатковых школ. Паўднёвая Карэя ў тым жа годзе падарыла Лаосу апаратуру для школ, Бруней вылучыў грант на будаўніцтва ў В'енцьяне цэнтра для хворых на наркаманію, а Сінгапур з 1993 года дае грошы на будаўніцтва і мадэрнізацыю дарог. Акрамя таго, Лаос атрымліваў дапамогу ад ААН і ФАО.

Рэвалюцыйная справа

За першыя дзесяць гадоў існавання ЛНДР каля 80% знешніх бязвыплатных паступленняў атрымала ад сацыялістычных краін. Пасля развалу СССР сітуацыя, вядома, змянілася. Пашырэнне міжнародных сувязяў суправаджалася ўнутранымі эканамічнымі рэформамі. Ужо ў пачатку 1980-х гадоў улады ЛНДР пачалі «перавёрстваць» сваю палітыку. У 1986-м абвешчана аб пераходзе да ўкаранення «новага эканамічнага механізма» («чын таакан май»), а ў 1988-м прыняты Акт аб заахвочванні інвестыцый і Закон аб замежных інвестыцыях. Змест палітыкі «чын таакан май» вызначаўся трыма ключавымі момантамі: прыватызацыя і рэструктурызацыя дзяржсектара, заахвочванне замежных інвестыцый і пераход да рынку пры кантролі з боку дзяржавы.

Далейшыя пераўтварэнні ў Лаосе былі падобныя на палітыку «дой мой» у В'етнаме і рэформы Дэн Сяапіна ў КНР. У канцы 1980-х — пачатку 1990-х фактычна былі распушчаны калгасы: сялянская аднаасобная гаспадарка атрымала права працяглага (часам пажыццёвага) карыстання апрацаванымі ўчасткамі, а таксама атрымання зямлі ў спадчыну. Пачалося актыўнае стымуляванне малога і сярэдняга бізнесу. У пачатку 1990-х дазволена ствараць прыватныя банкі і прадпрыемствы. У далейшым палітыка «чын таакан май» была працягнутая — закон, прыняты ў 2003-м, гарантаваў, што замежныя капіталаўкладанні не будуць нацыяналізаваныя.

Большасць дзяржаўных прадпрыемстваў былі прыватызаваныя, здадзены ў арэнду або ў канцэсію. Значную ролю пачаў адыграваць замежны капітал. У Лаосе рэзка павялічылася колькасць занятых у прамысловасці дзякуючы прадпрыемствам, створаным на замежныя грошы. У асноўным краіна спецыялізуецца на зборцы прамысловай прадукцыі з замежных дэталяў і на экспарце сыравіны — металаў і лесу. Актыўнае развіццё атрымалі швейная і будаўнічая галіны. У краіне таксама дзейнічае каля 20 невялікіх заводаў, якія збіраюць хатнія электрабытавыя прыборы (фены, кандыцыянеры, кухонную тэхніку). Праўда, дамінуючай па колькасці занятых галіной дасюль застаецца сельская гаспадарка.

Турызм у Лаосе — прыбытковая сфера эканомікі краіны, заснаваная на выкарыстанні разнастайных рэкрэацыйных рэсурсаў.

Яшчэ з 1993 года ўрад вызначыў ахоўныя прыродныя зоны (NBСА), якія складаюць 21% краіны, іх мяркуецца пераўтварыць у нацпаркі. Пасля завяршэння праграмы яны абяцаюць быць найбольш цікавымі і прадстаўнічымі паркамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Прэзідэнт краіны і генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта НРПЛ 80-гадовы Бунянг Варачыт (быў абраны на пасаду летась падчас Х з'езда) заклікаў «працягнуць рэвалюцыйную справу партыі па пераўтварэнні Лаоса ў багатую, дэмакратычную, цывілізаваную дзяржаву, па прасоўванні яго на шляху да сацыялізму», паведаміла газета «Правда». Паводле стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2025 гады, штогадовыя тэмпы эканамічнага росту павінны складаць не менш за 7,5%. Як мяркуецца, ВУП у разліку на душу насельніцтва да 2025-га дасягне
$4 тыс. (цяпер $1970). Вялікія спадзяванні — на знешнія паступленні. Прынамсі, кітайскія інвестыцыі сёлета ўзраслі амаль на 70 працэнтаў.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Камунізм і мільён сланоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».