Вы тут

У Мінску з 3 па 30 лістапада праходзіць «Беларуская музычная восень»


Што аб'ядноўвае лічбы 43, 80, 28 і 10? На першы погляд, нічога, але для свету музыкі гэта сапраўдная магія: ужо 43-і раз у Мінску з 3 па 30 лістапада адбываецца «Беларуская музычная восень», якая сёлета прысвячаецца 80-годдзю Белдзяржфілармоніі і ўключае ў сябе 28 вялікіх канцэртаў ад музыкантаў з 10 краін.


У філармоніі адзначаюць, што такой разнастайнай жанравай палітры фестываль яшчэ ніколі не бачыў, — будзе чым «паласавацца» аматарам камернай, арганнай, джазавай музыкі ды нават оперы.

У якасці самых важных падзей варта вылучыць юбілейныя канцэрты і творчыя вечары вядомых беларускіх музыкантаў: напрыклад, канцэртнай версіяй оперы Вердзі «Атэла» (у пастаноўцы італьянскага рэжысёра Карла Антоніа дэ Лючыя) святкуе свой юбілей маэстра Аляксандр Анісімаў, разам з сімфанічным аркестрам выступіць кампазітар Сяргей Бельцюкоў (прадставяць харэаграфічную фантазію і павандруюць па казках Караткевіча), пройдзе творчы вечар Яўгена Паплаўскага (слухачоў чакаюць прэм'ерныя «Адценні хараства»). Пападарожнічаць па Францыі запрашае вядомая беларуская оперная спявачка Надзея Кучар, якая ў 2015 годзе стала пераможцам BBC Sіnger of the World: «Salut a la France» — так называецца сольная праграма, з якой спявачка ўпершыню выступіць у Мінску. І тут будуць сапраўды ўсе адценні Францыі — прагучаць творы Ж. Бізэ, Г. Шарпанцье, Ш. Гуно, Л. Дэліба, Ж. Маснэ.

Мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк раіць наведаць канцэрт новай камернай музыкі «Трамантана-3»: «Трамантана — гэта халодны вецер, і гэты подых сапраўды адчуе беларускі слухач. Маладыя беларускія кампазітары чарговы раз прадставяць новыя творы, якія прагучаць упершыню. Напрыклад, будзе «Музыка ветру для флейты і спяваючай тыбецкай чары», вакальны цыкл «Мы развучыліся слухаць цішыню», творы Воранава, Гарэлавай, Сімаковіч, Войціка і іншых».

Ужо шмат гадоў «Беларуская музычная восень» збірае найлепшых салістаў: народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў выканае творы Бетховена і Шапэна; салістка ансамбля «Класік-Авангард» Святлана Кудзіна выступіць з канцэртам «Pіano solo»; ансамбль салістаў Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам Ігара Іванова прадставіць праграму «Восеньскі марафон». Таксама прагучыць і доўгачаканы джаз: у сталіцу завітае ўладальнік двух Грэмі, саліст шматлікіх аркестраў Марк Грос: пачуць можна свінг і боп, джаз-рок і мяккі джаз, які пераходзіць часам у поле рытм-энд-блюза.

Беларуская праграма будзе не менш насычаная, асабліва ў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча. Яго кіраўнік Міхаіл Казінец адзначае: «Наш калектыў падрыхтаваў адну з тых праграм, якія мы вельмі рэдка выконваем: доўгі час аркестр быў другасным на сцэне, але цяпер нашы салісты — лаўрэаты міжнародных конкурсаў — выйдуць на першы план. Я лічу, што гэта вельмі смелы крок, бо слухачам сёння падабаецца дынаміка, а мы вырашылі звярнуць увагу на якаснае выкананне, чысты гук і мастацкі ўзровень нашых музыкантаў». Мастацкае слова дадасць фестывалю асаблівай паэтычнасці: тэатр аднаго акцёра «Зніч» адзначыць 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа паэтычным монаспектаклем «Красёнцы жыцця». Немагчыма ўявіць «Беларускую музычную восень» без Дзяржаўнага камернага аркестра. Канцэрт-закрыццё фестывалю стане першым з цыкла «Тры вечары з камерным аркестрам»: прагучаць 24 капрысы для скрыпкі з аркестрам Н. Паганіні, саліст — знакаміты Граф Муржа.

На працягу года ў будынку Белдзяржфілармоніі адбываецца каля 330 канцэртаў: кожны дзень — новая музыка, пераасэнсаванні і бессмяротная класіка. Сёлетняя «Беларуская музычная восень» — гэта маленькая версія цэлага году: за адзін месяц слухач атрымае асалоду ад музыкі некалькіх стагоддзяў і некалькіх кантынентаў.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Магія лічбаў у восеньскай музыцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Кіно, якога не чакалі — 3. Завяршаем падборку драйвовых беларускіх фільмаў

Сфера культуры ярчэй за іншыя паказвае, што калі не працуюць традыцыйныя схемы, прыходзіцца шукаць чорны ўваход. Пошукі часам нараджаюць эксперыменты і выкруты, якія абыходзяць абмежаванні, патэрны і завядзёнку і становяцца найлепшымі знакамі свайго часу. 

Грамадства

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Як біятэхналогіі паляпшаюць якасць жыцця і здароўя чалавека?

Па прагнозах спецыялістаў, не менш як 20 працэнтаў ад аб'ёму тавараў у XXІ стагоддзі будзе за біятэхналогіямі.

Грамадства

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Збіраем гардэроб школьніка разам са стылістам

Пошукі і набыццё «школьнай формы», як па старой звычцы кажуць мамы і таты, — тая яшчэ галаваломка! 

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.