Вы тут

Самотны мушкецёр


Чаму я назваў Якуба Коласа мушкецёрам? Бо менавіта такім яго ўбачыў Заір Азгур, калі першы раз прыйшоў «ляпіць» паэта: «Перада мной сядзеў чалавек з вусікамі і з эспаньёлкай у такой рамантычнай позе, што раптам здаўся падобным на аднаго з герояў Аляксандра Дзюма».


Так аўтара «Новай зямлі» яшчэ ніхто не апісваў. Азгур як пісьменнік паказаў нам нечаканы партрэт Якуба Коласа.
О, каб і скульптурная выява паэта на плошчы, што носіць яго імя, мела б такую ж мастацкую нечаканасць! Але тут Заір Ісакавіч, забыўшыся на свае дзівосныя ўражанні, вылепіў міфалагічны варыянт класіка. Менавіта такім Якуб Колас паўстае са школьных падручнікаў, шматлікіх ілюстрацый, юбілейных календароў і медалёў: мажны, нават таўставаты, строгі, па-радэнаўску мудры.

А ў сапраўднасці?

Амаль усё жыццё важыў не больш за 60 кілаграм, кожную раніцу сек дровы (расколваў нават самае вялікае палена з першага разу). Калі ж пасля 1944 года пачалі адужваць хваробы, з-за якіх стаў папраўляцца, то ў лісце да Алесі Смоліч (5 студзеня 1950 г.) пісаў: «...я стаў таўсцець, а тоўстых я ніколі не любіў, а самога сябе я за гэта ўзненавідзеў».

Калі ўжо пры жыцці з яго пачалі рабіць бронзавы вобраз, ён 16 лістапада 1952 года іранічна пісаў:

Не ведаю, папраўдзе, што сказаць:

Ці радавацца мне ці гараваць.

Прызнаны я пясняр народа,

І не адна мне нагарода.

Бяда ж у тым, мае сябры,

Што я, браточкі, — грыб стары.

Ды ўсё ж адзначу штрых адзін —

З прыемнасцю глядзеў на балерын.

...І не толькі. Ён, аматар раманаў Вальтэра Скота, заўсёды гатовы быў захапіцца якой-небудзь прыгажуняй. Адчуваў сябе сапраўдным рыцарам. Сэрца было адкрыта для рамантычных прыгод, а часцей для пакут ад нераздзеленага кахання. Жонка называла яго «благаняверны» (што згадваецца ў лістах), а ён, калі знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце, пісаў у дзённіку (31 кастрычніка 1943 г.): «Святлана? (перакладчыца Святлана Сомава. — Аўт.) Мая мара, маё самае лепшае, што дае жыццё. Але яна не хіліцца да мяне».

Пасля шасцідзесяці Якуб Колас стварае сапраўдныя шэдэўры любоўнай лірыкі. Прытым ні ў 1910-я, ні ў 1920-я гады вершаў пра каханне мы ў яго практычна не знойдзем. Перакладчыца Святлана Сомава натхняла яго, напрыклад, на такія акварэльна-лёгкія радкі, складзеныя 31 жніўня 1943 года:

Быў у Ташкенце Колас Якуб,

Быў і рассыпаўся дзесьці.

А ці сарвецца з каралавых губ:

«Пачуць бы аб Коласе весці?»

Лёгкасць — гэта ўвогуле тое слова, якое найбольш пасуе з усіх беларускіх паэтаў менавіта Якубу Коласу.

Яму быў аднолькава далёкі вывераны неакласіцызм Максіма Багдановіча з моташна-спакойным чаканнем смерці, калі герою «нат і не шкада, / Што хутка будзе ён зямлёю», так і псіхапаталагічны мадэрнізм Янкі Купалы, дзе «на пацеху сляпой дзічы /.../ Вырывай з сябе жылу па жыле, / Ві ў вяроўку, ў пятлю і павесся, / І, пакуль у зямлю не зарылі, / Хоць дух будзе шыпець у бяссіллі, / — На сваіх вісі жылах і смейся!».

Творчы саюзнік Якуба Коласа — Марк Шагал. У адзін час (1908—1918 гг.) яны ўздымаліся над усім жорсткім, брыдкім, фізіялагічна-невыносным, стваралі сваю фантасмагарычную казку, луналі ў ёй свабоднымі птахамі. Як і Шагал, ён удзяліў вялікую ўвагу снам. Запісваў іх, імкнуўся разгадаць, многія свае творы ператвараў у дзівоснае сненне.

Бо што такое «Новая зямля»? Гэта выратоўны сон пра ідэальны, можна нават сказаць райскі, паралельны свет, куды ўцякаў вязень царскай турмы Якуб Колас.

Што такое «Сымон-музыка»? Сюррэалістычна-ўтапічная фантазія пра тое, як чыстае мастацтва перамагае пякельную рэчаіснасць. Такая перамога магчымая, вядома, толькі ў... сне.

Адна з самых прыгожых сцэн у «Сымоне-музыку» — эпізод на могілках. Выгнаны з дому, галоўны герой прыходзіць на магілу дзеда Курылы, адзінага блізкага яму чалавека. Сымон плача. І ад гэтых слёз...

...яму так лёгка стала,

Як бы што яго ўзняло

І так ціханька гайдала

І так лёганька нясло.

Лёгка, вольна і лагодна,

Бы на крыллях светлых мар,

Ён лятае так свабодна

У клубах купчастых хмар.

Сымон-музыка лунае ў сваім ідэальным вымярэнні. Прывід дзеда іграе на скрыпцы і натхняе яго на яшчэ больш смелыя палёты...

За дзевяць гадоў да смерці Якуб Колас здзіўляў сваімі шагалаўскімі фантазіямі Петруся Броўку: «Нядаўна мяне апанавала думка. /.../ Я яўляюся перад публікаю — а тут усе людзі вучоныя — і пытаюся: ці можа чалавек адарвацца ад зямлі і павіснуць у паветры? Мне сказалі б: не /.../ ёсць закон усясветнага цягацення. А я знайшоў спосаб ліквідаваць гэта цягаценне, узяў сабе падняўся на крок, на два ды пайшоў разгульваць над галовамі свае аўдыторыі...» (22 кастрычніка 1947 г.).

Якуб Колас і Марк Шагал з аднолькавай пераканаўчасцю ўмелі глядзець на беспрасвецце свайго часу, глядзець з такой паэтычнай, фантазійна-адчайнай зухаватасцю, горкай насмешкай, іранічным болем, што, як ні дзіўна, становіцца лягчэй. Яны адначасова і ўцякалі ад нашай рэчаіснасці, і разам з тым пераасэнсоўвалі яе боль, надаўшы яму балетную, па-дзіцячы бесклапотную бязважкасць...

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.