Вы тут

У краіне рэалізуюцца маштабныя планы па паляпшэнні бізнес-клімату


У краіне рэалізуюцца маштабныя планы па паляпшэнні бізнес-клімату для прадпрымальніцтва. У працэсе актыўнага чакання знаходзіцца стратэгічны і беспрэцэдэнтны па важнасці дакумент аб лібералізацыі бізнесу. Але разам з тым мы страцілі радок у рэйтынгу Dоіng Busіnеss 2018 і спусціліся з 37-й на 38-ю пазіцыю сярод 190 дзяржаў. У чым прычына і як выправіць становішча спраў?


Як ужо паспела паведаміць журналістам суаўтар справаздачы Валянціна САЛТАН, гэта зніжэнне звязана з тым, што іншыя краіны правялі больш актыўную рэфармацыйную дзейнасць. У Беларусі сёлета пакуль адбылася толькі адна рэформа. Але мы ўсё яшчэ знаходзімся на 38-й пазіцыі рэйтынга ў параўнанні са 106-й пазіцыяй у 2006 годзе сярод прыкладна 150 краін.

Нагадаем, што пры складанні справаздачы «Вядзенне бізнесу — 2018» даследаваліся сферы жыццядзейнасці прадпрымальніцтва, сярод якіх «Атрыманне дазволаў на будаўніцтва» — 22-е месца (у справаздачы 2017 года — 28-е), «Рэгістрацыя ўласнасці» — 5-е месца (без змяненняў), «Падаткаабкладанне» — 96-е месца (99-е), «Дазвол неплацежаздольнасці» — 68-е месца (69-е). У даследаванні Dоіng Busіnеss 2018, якое праходзіла з 1 ліпеня 2016-га па 1 ліпеня 2017 года, для Беларусі ўлічылі рэформу па паказчыку «Крэдытаванне» — стварэнне рэестра рухомай маёмасці, абцяжаранай закладам. У Мінэканомікі чакаюць, што падрыхтаваны сёлета і ўжо часткова прыняты пакет дакументаў па ўдасканаленні ўмоў вядзення бізнесу, накіраваных на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паўплывае на вынікі наступнага даследавання.

Падчас Кастрычніцкага эканамічнага форуму «Асновы будучыні» першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль МАЦЮШЭЎСКІ паведаміў, што гэтыя дакументы будуць падпісаны ў найбліжэйшы час. Таксама ён ацаніў месца Беларусі ў рэйтынгу Dоіng Busіnеss як пазітыўнае: «Некаторыя рэформы, якія былі праведзены, пакуль не ўвайшлі ў гэты рэйтынг. Спадзяемся, што ў наступным годзе яны ўвойдуць туды, і пазіцыя наша палепшыцца».

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір КАРАГІН таксама спадзяецца на гэта. Толькі крыху больш асцярожна. Ён заўважыў, што рэйтынг Dоіng Busіnеss — адзін з 250, які не з'яўляецца самым важным для краіны. «Для нас больш важныя, напрыклад, індэксы эканамічнай свабоды, канкурэнтаздольнасці, сеткавай гатоўнасці, дзе мы, на жаль, знаходзімся на вельмі слабых пазіцыях. Але тым не менш у гэтым рэйтынгу мы за дзесяць гадоў добра прасунуліся. Мы паслядоўна знаходзім дыялог з уладай, прасоўваем нашу Нацыянальную платформу бізнесу і лічым, што здольныя на значна лепшыя вынікі. Мы хочам бачыць Беларусь на 10-м месцы. Для нашай краіны важны дзелавы клімат. Гэта дазволіць інвестарам прыйсці да нас і рэалізоўваць праекты», — адзначыў Уладзімір Карагін.

На яго думку, прыняцце дакументаў аб лібералізацыі бізнесу было запаволена. «Прэзідэнт даў заданне зрабіць гэта да сакавіка. Чыноўнікі і дзелавая супольнасць з гэтым не справіліся. Было шмат перагавораў і некалькі пытанняў, па якіх даводзілася доўга працаваць. Цэлым шэрагам дакументаў мы незадаволеныя. Асабліва ў падатковай сферы, ахове бізнесу. Трэба будзе яшчэ нямала дапрацоўваць. Наша дзелавая супольнасць, бізнес-асацыяцыі ў найбліжэйшы час сустрэнуцца з членамі ўрада. Мы яшчэ раз папрацуем па некалькіх пунктах. У нас ёсць пытанні да судовай сістэмы. Неабходна знізіць рызыкі вядзення бізнесу», — расказаў Уладзімір Карагін.

Па яго словах, сітуацыя для Беларусі ў сферы лібералізацыі бізнесу аптымістычная. «Калі мы ўсё зробім, то налета можам прасунуцца на 8—9 пунктаў у рэйтынгу. Пры гэтым не варта забываць, што ўсе краіны таксама паляпшаюць свой дзелавы клімат. У барацьбе за інвестара нам трэба паскорыцца», — рэзюмаваў Уладзімір Карагін.

У глабальным рэйтынгу краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці лідарам засталася Новая Зеландыя, на другім месцы — Сінгапур. За імі ідуць Данія, Рэспубліка Карэя, Ганконг (Кітай), ЗША, Вялікабрытанія, Нарвегія, Грузія і Швецыя. Сярод краін постсавецкай прасторы самае высокае месца займае Грузія — 9-е. Расія знаходзіцца на 35-м месцы, Казахстан — на 36-м.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Зацішша перад... лібералізацыяй

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.