Вы тут

Сімфонія Прыдзвінскага краю


«Найдаражэйшыя скарбы — чалавечыя словы» — такі запавет пакінуў нам Францыск Скарына, і, нягледзячы на тое, што мастацтва слова набывае новыя спосабы выражэння, папяровая кніга па-ранейшаму знаходзіць сваіх кансерватыўных прыхільнікаў. Серыя кніг-альбомаў «Культурная спадчына Беларусі» папоўнілася новым выданнем — «Сімфонія стагоддзяў», прысвечаным Полацкай зямлі (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2017; пры падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь). У назве закладзеная не проста выкшталцоная метафара, сэнс яе тлумачыцца дакладна: кніга складаецца з чатырох вялікіх частак: «Вада жывая», «Да вытокаў», «Музыка ў камені», «Даганяючы вякі».


Кніга-альбом выдадзена на беларускай і рускай мовах, кароткае падсумаванне — на англійскай. Падрыхтоўка да друку вялася на высокім прафесійным узроўні, у цесным супрацоўніцтве з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам, Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыром, Саюзам беларускіх мастакоў, Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, а таксама Інстытутам літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. Машэрава.

Як адзначыла ў пасляслоўных «Нататках выдаўца» дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці», Дзвіна невыпадкова стала «галоўнай гераіняй кнігі», бо «менавіта на яе берагах адбывалася мноства гістарычных падзей, якія вызначылі далейшы шлях развіцця дзяржавы». Гэты тэзіс напоўніцу раскрываецца ў тэкстах, аўтарамі якіх выступілі Сяргей Тарасаў, Ліліяна Анцух, Іван Саверчанка, Навум Гальпяровіч. Адметна, што кніга падпарадкавана сімфанічнай структуры не толькі на ўзроўні кампазіцыі, але і на ўзроўні стылю падачы тэксту: чытач атрымлівае не сухую энцыклапедычную даведку, але заснаваныя на асэнсаванні гістарычных фактаў развагіроздумы з філасофскімі заглыбленнямі, з пастаянным напамінам пра тое, што, якой бы багатай ні была наша культурнагістарычная спадчына, на самай справе яна нашмат багацейшая, проста многага мы не ведам, бо далёка не заўсёды можам аднавіць разбуранае часам і пахаванае ў старажытнасці.

Сімфанічную танальнасць дапаўняюць цытаты з мастацкіх твораў беларускіх паэтаў: Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Міхася Башлакова, Надзеі Салодкай, Валянціна Лукшы, Навума Гальпяровіча, Тамары Красновай-Гусачэнкі. Радкі-эпіграфы з вершаў, прысвечаных Полацку, Віцебску, Дзвіне і шырэй — прыроднаму багаццю ўсёй беларускай зямлі, падабраныя скрупулёзна, маюць цесную сувязь са зместам кожнага раздзела і адлюстроўваюць яго агульную настраёвую танальнасць. Сапраўды, фотаздымкі, паэтычныя эпіграфы і празаічны тэкст утвараюць адзіны гарманічны свет, сапраўднае суладдзе розных жанраў.

Вядома, галоўнае ў кнізе-альбоме — работы фотамайстроў (І. Супранёнка, В. Шарстука, Ю. Шэпелева, Ю. Вялітчанка, Г. Івановай, Л. Мержвінскага, А. Мартынюка, І. Раміцан, В. Анцуха, В. Якушкіна, В. Скрабатун), якія ілюструюць прыроднае і культурнае багацце Прыдзвіння. Чытач знойдзе не толькі розныя ракурсы Дзвіны, цэркваў і касцёлаў Полацкага краю, Барысавых камянёў, выявы помнікаў, што ўпрыгожваюць сучасныя плошчы мястэчкаў, але і рэпрадукцыі карцін, старажытных абразоў, габеленаў, архіўных здымкаў. У раздзеле «Даганяючы вякі», прысвечаным славутым ураджэнцам Прыдзвіння, мы ўбачым партрэты Аляксея Сапунова, Івана Хруцкага, Язэпа Драздовіча, Яна Баршчэўскага і многіх іншых.

Вядома, літаратары з асаблівай цікавасцю будуць гартаць старонкі, прысвечаныя пісьменнікам, што нарадзіліся на Віцебшчыне. Героямі гэтага раздзела сталі аўтар унікальнай не толькі для свайго часу, але і сёння «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлаў Ластоўскі; Янка Журба, чый першы верш на беларускай мове меў назву «На беразе Дзвіны»; сябры полацкага філіяла аб’яднання «Маладняк» Алесь Дудар, Алесь Звонак, Андрэй Александровіч, Валеры Маракоў, улюбёным заняткам якіх былі «начныя блуканні па берагах чароўнай Заходняй Дзвіны»… Ну, і, вядома, Пятрусь Броўка, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў… Асобна асвятляецца сучаснае жыццё пісьменніцкай супольнасці: ад літаратурнага аб’яднання «Крыніцы», заснаванага пры наваполацкай газеце «Хімік», да ўтварэння ў снежні 2005 года Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вядома, гаворка пра Віцебск як прыдзвінскі край не можа абысціся без згадак пра Марка Шагала, музей і Арт-цэнтр, якія носяць яго імя, а таксама іншых мастакоў і скульптараў, што прынеслі славу малой радзіме: Казімір Малевіч, Іегуда Пэн, Восіп Цадкін. У кнізе-альбоме выкарыстаны работы і нашых сучаснікаў — сяброў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў.

Распавядаючы пра аб’екты Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (дырэктар — Тамара Джумантаева), аўтары адзначаюць яго ўнікальнасць не толькі для Беларусі і славянскага свету, але і ўсёй Еўропы. Заключная лірычная нота — згадкі Навума Гальпяровіча пра «першую рэчку дзяцінства Палату», родны Полацк, студэнцкі Віцебск… Няспешна ідучы шляхам успамінаў, паэт асвятляе асноўныя моманты ў жыцці Прыдзвіння ў другой палове ХХ стагоддзя.

Жана КАПУСТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».