Вы тут

Кінафестываль «Лістапад» прадставіў сёлетнюю праграму


Пакрысе Беларусь упісваецца ў міжнародны кінематаграфічны кантэкст. Бягучы год таму доказ: упершыню за доўгі час айчынную стужку пакажуць у міжнароднай праграме; наша краіна стала сябрам міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI; праграма індустрыяльнай платформы кінафестывалю «Лістапад» накіраваная на прадстаўленне нацыянальнага кіно за мяжой. Але што вартага паглядзець на «Лістападзе»? Адказваем: усё!


Кадр з фільма «Пакорлівая» (рэж. С. Лазніца).

Навіны з іншага свету

Звычайна ў абойму «Лістапада» трапляюць самыя вартыя. Праграмны дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў адзначае, што і сёлета ўсе стужкі прайшлі праз сіта: з 500 карцін выбралі 13, і кожная з іх ужо праявіла сябе ў замежным фестывальным жыцці (яны ўвайшлі ў лонгліст прэміі «Оскар»): «Не будзе прахадных фільмаў! Мы пакажам стужкі, якія атрымалі галоўныя ўзнагароды Канскага і Берлінскага кінафестываляў, і, безумоўна, запросім гледачоў на сустрэчы з яркімі кінематаграфістамі, бо нашы зоркі — гэта аўтары, тыя рэжысёры, якія дэкларуюць ісціну, любоў і прыгажосць, вакол чаго і сабралася сёлетняя калекцыя».

Здавалася б, белых плямаў на фестывальнай карце не было, але нас чакае адкрыццё: сёлета на «Лістападзе» дэбютуе Албанія. У астатнім традыцыйны акцэнт асноўнага конкурсу — на краінах посткамуністычнай прасторы з лацінаамерыканскага, азіяцкага і еўрапейскага рэгіёнаў, якія былі блізкія нам гістарычным мінулым ці развіваліся ў тым жа кантэксце.

Напрыклад, карціна «Вестэрн», якой захапілася сама Марэн Адэ, рэжысёр трыумфальнага «Тоні Эрдмана», распавядае пра тое, як можа замежнік інтэгравацца ў наша посткамуністычнае асяроддзе. Увагу варта звярнуць на пераможцу фестывалю ў Карлавых Варах — стужку «Маленькі крыжаносец», якая прагучала ў вузкіх кінаколах, але выслізнула з поля зроку масавага гледача. Напэўна, адным з самых чаканых падарункаў айчыннай аўдыторыі стане «Пакорлівая» Сяргея Лазніцы, які калісьці ўшанаваў Васіля Быкава ў фільме «У тумане», а летась прадставіў на «Лістападзе» неадназначны «Аўстэрліц».

Арганізатары падкрэсліваюць, што на адкрыццё і закрыццё фестывалю штогод выбіралі гучныя стужкі Ханэке, Вайды і іншых майстраў кінематографа, але сёлета вырашылі зрабіць выключэнне: «Лістапад» закрые сербскі фільм «Восеньскі самурай» — першая ў гісторыі краіны карціна жанру баявых мастацваў для тых, хто настальгіруе па 90-х, Шварцэнэгеру ды Джэкі Чану. Ігар Сукманаў падсумоўвае, што ў асноўнай ігравой праграме аб’яднаныя незлучальныя глыбокія аўтарскія інтэнцыі з масавымі стужкамі, таму разам з сур’ёзным кіно будзе і такое, дзе давядзецца ўсміхацца і выціраць слёзы.

Па традыцыі ў праграме «Маладосць на маршы» прагучаць новыя кінематаграфічныя галасы: сярод іх і аўтары, якія ўжо паспелі стаць гонарам сваёй нацыі. Напрыклад, у 2010 годзе на «Лістападзе» сваю стужку ўпершыню прадставіў малады рэжысёр з Аўстраліі, які сёлета атрымаў спецыяльны прыз на Венецыянскім кінафестывалі за фільм «Слаўная краіна». Сёння некаторыя імёны могуць для нас не значыць нічога, тым не менш ужо заўтра яны могуць стаць уладальнікамі «Залатой пальмавай галіны». Таму абавязкова трэба звярнуць увагу на карціну «Цесната» з Расіі, якая стала адной з падзей сёлетняга Канскага кінафестывалю, стужку «Чамбра», падтрыманую фондам Марціна Скарсэзэ. Адна з самых арыгінальных работ — «Жахлівая маці» з Грузіі (гэтае кіно краіна адпраўляе на саісканне «Оскара»). І самая прыемная навіна: упершыню з 2010 года ў «Маладосці на маршы» дэбютуе кіно ад беларускага аўтара: карціна «Заўтра» Юліі Шатун упісвае нашу краіну ў шэраг якаснага маладога еўрапейскага кіно.

Ад маленькага да вялікага

Працягвае змагацца са стэрэатыпамі дзіцячы конкурс «Лістападзік». На жаль, меркаванне аб тым, што такое кіно — толькі для дзяцей, моцна зацвярдзілася сярод гледачоў. Пры тым, што жанр сямейнага кіно — адзін з самых запатрабаваных і папулярных у кінатэатрах па ўсім свеце. Тым больш што на «Лістападзіку» пакажуць не проста забаўляльныя гісторыі, а сур’ёзнае жанравае кіно для тых, хто хоча парэфлексаваць. Арганізатары выбралі кіно, якое сур’ёзна размаўляе з маладымі гледачамі, прапаноўвае ім ісці ў дарослае жыццё зняўшы ружовыя акуляры.

Пачнуцца конкурсныя паказы карцінай з Ірана «Подых жыцця». Гэтае кіно краіна сёлета адпраўляе на «Оскар». Іран — вядомы знаўца трэндаў у кінематографе: летась менавіта іранская стужка «Каміваяжор» атрымала каштоўную статуэтку. Яшчэ адным цікавым кандыдатам для прагляду стане «Канец лета» — кітайскае кіно пра тое, як футбольная ліхаманка можа стаць нагодай змяніць жыццё (сусветная прэм’ера адбылася ў кастрычніку на самым важным кінафестывалі Азіяцкага рэгіёна ў Пусане).

Фільм-адкрыццё «Лістападзіка» — таксама не выпадковае кіно. Гэта нямецкая работа «Цім Талер, або Праданы смех», асабліва цікавая для Беларусі: у 1981 годзе на «Беларусьфільме» Леанід Нячаеў зняў аднайменную стужку, якая стала культавай з’явай беларускага кінематографа. Закрые фестываль стужка «Вэндзі» — кіно, якое дазволіць расслабіцца, але разам з тым не забыцца, што свет дзяцінства — гэта праблемы, з якімі не заўсёды дзіця можа справіцца сам-насам.

Асобы і асаблівасці

У праграме дакументальнага кіно ёсць змены: у конкурсе нацыянальных кінашкол сёлета возьмуць удзел ажно 13 устаноў! Маладую дакументалістыку прадставяць школа Марыны Разбежкінай, некалькі ўкраінскіх кінашкол, ізраільскі каледж Сапір, БДАМ і іншыя. Што тычыцца асноўнага конкурсу дакументальнага кіно, то тут «прагучаць» 12 стужак. Прыграмны дырэктар Ірына Дзям’янава адзначае, што фільмы, якія чакаюць гледача, вельмі розныя: «Мы спрабавалі пашырыць палітру, таму да асноўнага фокусу дадалі фільмы, якія распавядаюць вельмі далёкія гісторыі. Гэта стужкі пра авантурыстаў ХХ стагоддзя, зроблены вельмі вытанчана».

Аматараў дакументалістыкі чакаюць некалькі дэбютаў. Напрыклад, свежая работа Вольгі Дашук «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам» і «Апошні вальс» — расійскае кіно пра апошнія месяцы жыцця вялікага кампазітара Алега Каравайчука (прэм’ера фільма адбылася на Маскоўскім кінафестывалі), а таксама дзве цікавыя пазаконкурсныя стужкі «Танга ў Парыжы» пра Астэра П’яцолу і «Маэстра Анісімаў» пра знакамітага беларускага дырыжора. Абавязкова варта наведаць паказ стужкі «Жанчына з фатаграфіі» — кіно, якое распавядае пра адзін з самых яркіх эпізодаў эстонскай гісторыі ў перыяд першай буржуазнай рэспублікі праз жыццё фотаатэлье, здымкі старога Таліна і яго людзей. Неверагодным досведам можа стаць прагляд карціны «Брат Якаб»: вельмі тонкая, інтымная стужка пра маладога чалавека, які прачытаў Каран і вырашыў прыняць іслам. Асабліва актуальны гэты фільм цяпер, бо ламае ўяўленне еўрапейцаў пра тое, што такое гэтая рэлігія ў сусветным кантэксце.

На «Лістападзе» прадставяць «Нармальны аўтысцкі фільм» — пра дзяцей, якіх мы называем іншымі, і пра тое, які складаны і тонкі іх унутраны свет, з якой асцярожнасцю трэба ставіцца да іх. Яшчэ больш цікава будзе глядзець гэты фільм, калі параўнаць яго з падобнай па тэме стужкай «Антон тут побач» Любові Аркус, а пасля схадзіць на паказ новага дакументальнага фільма Галіны Адамовіч на гэтую ж тэму. Разынкай дакументальнай праграмы стане незвычайная «Гісторыя сямейнага жыцця»: дзесяцігоддзямі рэжысёр назірала за героямі, сябравала і нават удзельнічала ў іх жыцці. Гэты досвед будзе цікавы кожнаму з нас, бо галоўнае ў гэтай гісторыі — узаемаадносіны блізкіх людзей, часам вельмі складаныя, але такія ж зразумелыя.

Пляцоўкі для ўсіх

 Нацыянальны конкурс праводзіцца на фестывалі чацвёрты раз (дэталёва аб праграме чытайце ў наступным нумары «ЛіМа»). Важна, каб маладыя кінематаграфісты былі гатовыя да «выхаду ў свет»: умелі размаўляць з партнёрамі, прадстаўляць свае праекты і ўяўлялі, як можа развівацца працэс вытворчасці фільма і колькі часу давядзецца на гэта выдаткоўваць. Менавіта таму на індустрыяльнай пляцоўцы асноўным мэсэджам стане дапамога кінематаграфістам. З лекцыямі выступяць прадстаўнік краўдфандынгавай платформы Ulej.by Ганна Самарская, актрыса Алеся Грыбок распавядзе пра менеджмент кінаакцёра. Запланаваны майстар-клас па вытворчасці трэйлераў. Другі год запар пройдзе і дзень віртуальнай рэальнасці: пакажуць 16 сферычных стужак з некалькіх краін, у тым ліку і Беларусі, таксама ў якасці падарунка будзе фільм «Эрмітаж» з Канстанцінам Хабенскім.

Што тычыцца арганізацыі фестывалю, то тут чакае шмат змен: па-першае, новыя пляцоўкі (айчыннае кіно будуць паказваць у «Беларусі», некаторыя паказы пройдуць у Falcon Club); па-другое, з’явіліся абанементы: можна набыць квіткі адразу на ўсю праграму фестывалю, дарэчы, цэны засталіся такія ж прыемныя; па-трэцяе, пераможцаў чакаюць новыя ўзнагароды. «Бронза “Лістапада”» застаецца прызам глядацкіх сімпатый, а «срэбра» ўвасобяць «Новыя галасы» (прыз FIPRESCI за лепшы дэбют). Але вартасць «Золата “Лістапада”» неаспрэчная: Гран-пры атрымае лепшая фестывальная стужка.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?