Вы тут

Міхась Пазнякоў: "Літаратурнае жыццё вартае больш шырокага асвятлення"


Аўтар больш як 80 кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, крытыкі, слоўнікаў, перакладаў для дарослых і маленькіх… Яго творы для дзяцей уключаны ў вучэбныя праграмы малодшых класаў агульнаадукацыйнай школы, дашкольных устаноў. А вершы для дарослых рэкамендаваны праграмай для азнаямлення ў 6 і 11 класах. Многія творы пакладзены на музыку. Асобныя перакладзены на 22 мовы свету… Лаўрэат шматлікіх прэмій. Сёлета яшчэ і Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Гэта і стала штуршком для размовы са старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхасём ПАЗНЯКОВЫМ:


— Як асабіста лічыце Вы, Міхась Паўлавіч, ці паўплывала ўтварэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі на актыўнасць аўтараў паўдзельнічаць у барацьбе за яе? А можа, новы статус прэміі прыкметна ўзняў якасць твораў, якія прапаноўвалі намінанты?

— Адразу зазначу: у нашай краіне мала літаратурных прэмій. У Расіі, напрыклад, іх дзясяткі. Заснаванне Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі мае выключнае значэнне. Па-першае, літаратурная прэмія «Залаты Купідон», заснаваная ў свой час па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі, у нейкай ступені выканала сваю ролю і вычарпала сябе. Па-другое, пры адсутнасці Дзяржаўнай прэміі менавіта па літаратуры Нацыянальная літаратурная прэмія з’явілася як бы альтэрнатывай ёй. Безумоўна, атрымаць такую прэмію — прэстыжна, ганарова. Ажывілася работа па вылучэнні, абмеркаванні лепшых твораў у розных намінацыях. У гэтай справе задзейнічаны многія арганізацыі і ўстановы. Экспертны савет, журы таксама пачалі працаваць больш уважліва і прафесійна. Права вылучаць творы на гэтую прэстыжную прэмію атрымалі і самі аўтары. Павысілася цікаўнасць прэсы, тэлебачання да літаратурнага працэсу, да твораў і творцаў. А таксама — шматлікіх работнікаў устаноў культуры. І, што вельмі важна, — чытачоў. Лічу, што літаратурнае жыццё вартае больш шырокага асвятлення. Трэба і надалей заўважаць і прапагандаваць лепшыя кнігі, якія ствараюцца беларускімі літаратарамі. Менавіта кніга — адметная аснова нашай культуры, асветы, выхавання.

Безумоўна, не спяць і самі аўтары. Калі пашырылася ўвага да кнігі, да пісьменніцкай працы, то і пісьменнікі імкнуцца стварыць штосьці больш вартае, значнае, прыкметнае, якаснае. Ведаю прыклады, калі аўтары — вядомыя пісьменнікі — не давалі згоды на вылучэнне сваіх кніг на Нацыянальную прэмію, бо палічылі, што напішуць больш адметныя, больш таленавітыя творы, якія будуць вартыя такога вылучэння. Сёлета Нацыянальная літаратурная прэмія ўручалася ў сямі намінацыях. Лічу, што колькасць намінацый варта павялічыць. Напрыклад, увесці такія намінацыі, як «Песенны жанр», «Гумар і сатыра», «Пераклады»... Ды і памер узнагароджання таксама пакуль не стасуецца з гучнай, важкай назвай гэтай прэміі.

Хачу звярнуць увагу на вялікую адказнасць членаў экспертнага савета і членаў журы Нацыянальнай прэміі. Бо патрэбна абавязкова чытаць творы і сумленна вызначаць лепшыя. Інакш можна загубіць добрую справу, скампраметаваць самую ідэю Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Тут не павінна быць «тэлефоннага права», групаўшчыны, абыякавых адносінаў да ацэнкі твораў.

 — Якая тэндэнцыя, на ваш погляд, пераважае апошнім часам: сучасны літаратурны працэс усё больш цікавы толькі самім удзельнікам гэтага працэсу ці ўсё ж пашырае ўплыў на грамадства?

 — У апошнія гады ў краіне заўважаецца цікавасць да літаратурнага працэсу. Паўплывалі на гэта, безумоўна, і сустрэчы пісьменнікаў з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, вядома, шматлікія творчыя мерапрыемствы, якія ладзяць усе аддзяленні СПБ. Адчуваем увагу з боку ўрада. Дый грамадскасці ўвогуле!

Возьмем для прыкладу шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды, якімі ўганараваны нашы пісьменнікі. Больш за сорак вядомых літаратараў СПБ адзначаны ордэнам ці медалём Францыска Скарыны, высокімі ганаровымі званнямі, нават узнагародамі Саюзнай дзяржавы. А гэта — яскравае сведчанне значнага ўплыву літаратурнага працэсу на грамадскае жыццё. Прычым абсягі ўплыву перасягнулі межы Беларусі! Нагадаю, прэміяй Саюзнай дзяржавы ўганараваны паэт-песеннік Іван Юркін, прэміяй «Зоркі садружнасці» — Алесь Бадак, Алесь Карлюкевіч, Іван Саверчанка, Мікалай Чаргінец. Акадэмікам Сербскай акадэміі навук стаў Іван Чарота. Акадэмікам Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Санкт-Пецярбург) — Мікалай Чаргінец; членамі-карэспандэнтамі гэтай акадэміі абраны Анатоль Аўруцін і… ваш пакорлівы слуга. Менавіта з Анатолем Аўруціным сталі і акадэмікамі Міжнароднай літаратурна-мастацкай акадэміі Украіны. Сёлета Наталія Касцючэнка са сваім раманам «Время жатвы и время покаяния» названа лаўрэатам Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Залаты Віцязь» (г. Іркуцк). І такія прыклады можна працягваць...

— Як будуюцца адносіны літаратараў старэйшага пакалення і аўтараў-пачаткоўцаў на сучасным этапе, у прыватнасці, на прыкладзе Мінскага гарадскога аддзялення СПБ? У маёй памяці вельмі паважлівае колішняе стаўленне да знакамітага майстра слова. Цяпер часам адчуваецца скептычны настрой, можна пачуць і рэзкую крытыку. Гэта павевы часу... ці патрабаванне часу?

— Пераемнасць жыццёвага, літаратурнага досведу павінна існаваць абавязкова. Бо разрыў паміж пакаленнямі, страта пераемнасці вядуць да вялікіх праблем, непаразуменняў і катаклізмаў. Лічу, што пераемнасць у нашай краіне падтрымліваецца і захоўваецца. У розных сферах. У літаратуры — таксама. Хаця часам і можна сустрэць прыклады адмаўлення маладымі пэўных канонаў, правілаў, аўтарытэтаў, традыцый. На шчасце, зрэдку. З боку асобных нефармальных тусовак, асобных маладых літаратараў. Я шмат працую з юнымі, маладымі літаратарамі: падчас правядзення творчых конкурсаў, у Школе юнага паэта, якую ўзначальваю, пры падрыхтоўцы рукапісаў кніг для нашай кніжнай серыі «Мінскія маладыя галасы», галоўным рэдактарам якой з’яўляюся.

Пісьменнік павінен сцвярджаць дабро, ствараць дзеля дабра, а не разбурэння, рупіцца лёсам народа, росквітам краіны. Ганарыстасць на пачатку творчага шляху, пераацэнка сваіх здольнасцяў, адмаўленне класікаў, традыцый, сцверджаных часам і працяглай працай аўтарытэтаў у літаратуры, да дабра не прыводзіць. Кожны літаратар, вядома, мае права на творчыя пошукі, на арыгінальнасць, наватарства, але без засваення досведу папярэднікаў, без сілкавання класічнай і лепшай сучаснай творчасцю абысціся нельга. Так, у няпэўныя, развальныя часы заўсёды ўзнікалі і ўзнікаюць мадэрновыя плыні, рухі, памкненні адмаўлення класікаў, але праходзіў час, і ўсё выпадковае, неістотнае, бурапеннае, бумбамлітаўскае сціхала і знікала, а класічная літаратура жыла, жыве і будзе жыць. Бо яна нясе святло і праўду жыцця, яна хвалюе, выхоўвае асобу — сапраўдную, глыбокую.

У сталічнай пісьменніцкай арганізацыі, як і ў СПБ увогуле, паважлівае стаўленне маладых да сталых пісьменнікаў, клапатлівае стаўленне дасведчаных, старэйшых творцаў да пачынаючых, юных. Інакш навошта тады творчы саюз? За апошнія пяць гадоў сталічнае аддзяленне папоўнілася дзясяткамі маладых членаў і кандыдатаў у члены СПБ. Яны актыўныя ў творчасці, грамадскім жыцці, займаюць разважлівую, здаровую жыццёвую пазіцыю. Гэта не азначае, што з усім згодныя ў нашай рэчаіснасці, не маюць уласных поглядаў і меркаванняў. Яшчэ як маюць! Але яднае імкненне да паразумення, да галоўных чалавечых каштоўнасцяў, да згоды ў грамадстве, да павагі закону, да стваральнасці, да росквіту нашай культуры, нашай краіны.

— За савецкім часам, апроч прэмій дзяржаўнага ўзроўню, пісьменнік меў за спінай моцную сацыяльную падтрымку. Не трэба было клапаціцца нават пра кватэру і кабінет у ёй, не гаворачы пра іншыя бытавыя дробязі... якія зусім і не дробязі. Даводзілася чуць, што, прынамсі, сталічнае аддзяленне спрабуе рабіць пэўныя захады ў гэтым кірунку. І робіць. Што атрымліваецца? Што ў выніку маюць вашы «падначаленыя»?

— Так, цяпер мы можам толькі са шкадаваннем успамінаць савецкі час, асабліва 70-я, 80-я гады ХХ стагоддзя. Самыя спрыяльныя для пісьменніцкай працы! Калі дзяржава спраўна друкавала кнігі пісьменнікаў і плаціла добрыя ганарары. Ды і тыражы былі проста казачныя ў параўнанні з днём сённяшнім. Напрыклад, у 1991 годзе ў мяне выйшла кніга вершаў, загадак і скорагаворак для дзяцей «Тры чарадзеі» тыражом 120 тысяч экзэмпляраў (!) А ганарар — у 15 разоў большы, чым за аналагічную кнігу цяпер. Пісьменнікі маглі адпачываць у санаторыях, атрымліваць бясплатныя кватэры з дадатковымі 20 м2 для кабінета, мелі сваю паліклініку і г.д.

Цяпер іншы час, іншая краіна. Аднак і ў сучасных умовах як дзяржава, так і наш творчы саюз імкнуцца дапамагаць пісьменнікам вырашаць многія жыццёвыя і творчыя пытанні. Гэта і дзяржаўныя ўзнагароды, і выданне кніг з фінансавай падтрымкай, і матэрыяльная падтрымка за кошт спонсарскіх сродкаў, і дапамога ў арганізацыі творчых і юбілейных вечароў, прэзентацый кніг, і арганізацыя паездак па Беларусі і ў замежныя краіны па творчых пытаннях, і дапамога ў вырашэнні розных бытавых праблем. Але, зноў жа, СПБ можа аказваць дапамогу толькі за спонсарскія сродкі. Бо дзяржаўныя сродкі на гэтыя расходы нашаму творчаму саюзу не выдзяляюцца. Былі ў нас спадзяванні на тое, што запрацуе Рэспубліканскі літаратурны фонд, які навучыцца зарабляць грошы і дапамагаць пісьменнікам у іх справах, аднак гэтага не атрымалася. На вялікі жаль.

У сталічным аддзяленні СПБ, дзе на ўліку звыш 300 літаратараў, мы імкнёмся вырашаць па меры магчымасці самыя розныя пытанні пісьменніцкага жыцця. Створаны і працуюць камісіі па рабоце з ветэранамі, з маладымі літаратарамі. Заснавалі дзве кніжныя серыі, у якіх за шэсць гадоў агульнымі намаганнямі выдадзена больш як 60 кніг. Адкрылі шматлікія творчыя клубы, студыі, гасцёўні, тэатр паэзіі. Заснавалі чатыры ўласныя літаратурныя прэміі для пісьменнікаў аддзялення і кандыдатаў на ўступленне.

Удзельнічаем у многіх міжнародных творчых праектах. Нашы пісьменнікі дзякуючы спонсарам нярэдка бяруць удзел у многіх мерапрыемствах за межамі Беларусі. Асабліва ўдзячны Асацыяцыі аховы інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд», якая плённа супрацоўнічае з намі ў розных кірунках. Днямі, напрыклад, вярнуўся з Калінінграда, дзе разам з калегамі прыняў удзел у шматлікіх творчых мерапрыемствах і акцыях. Усе расходы — за кошт калінінградцаў.

Але... Патрэбна працаваць больш і лепш. Як у арганізацыйным плане, так і ў творчым, у пошуку і прыцягненні спонсараў, у супрацоўніцтве з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. Час вымагае больш актыўна працаваць на духоўнасць, на стварэнне адметных літаратурных з’яў, на дзейсны ўплыў мастацкага слова. Лічу, што тая літаратура сапраўдная, якая спрыяе выхаванню прыгожай душы. Гэтая задача для літаратуры — галоўная ва ўсе часы.

 Гутарыла Інеса ПЕТРУСЕВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.