Вы тут

Мікалай Лаўранюк пра беларускі кінематограф і квіток у Каны


Для некаторых паглядзець 90 беларускіх кінастужак — сапраўдны гераізм, а для іншых — праца, натхненне і складаны выбар. Асабліва калі даводзіцца фарміраваць нацыянальную праграму міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Сумнявацца ў якасці стужак, якія выбралі для гледачоў арганізатары, не даводзіцца: у працэсе ўдзельнічае камісія крытыкаў і кінематаграфістаў. Каардынуе нацыянальны конкурс Мікалай Лаўранюк (яго сцэнарый у суаўтарстве з Сяргеем Каласоўскім атрымаў спецыяльны прыз на конкурсе ScripTeast у Канах). Ён распавёў, ці падобны «Лістапад» да Канскага фестывалю, як выбіраюць кіно для нацыянальнага конкурсу і чаму сцэнарый — гэта крок да прызнання?


Кадр з фільма «Paranoid Android» (рэж. Улада Сянькова).

— На фестываль прыходзіць даволі шмат заявак ад беларускіх рэжысёраў. А па якіх крытэрыях адбіраюцца стужкі для праграм?

— Сапраўды, мы атрымліваем шмат заявак, і гэта не ўпершыню: у мінулыя гады статыстыка была прыкладна такая ж. Што тычыцца пытання выбару, то сёлета ўсё больш-менш зразумела, былі работы, якія моцна вылучаліся на агульным фоне. Канечне, былі стужкі, наконт якіх мы дыскутавалі, але ў выніку рашэнне па фарміраванні праграмы камісія прыняла амаль аднадушна. Самы галоўны крытэрый — мастацкая вартасць фільма, яго актуальнасць, аўтарскі падыход да тэмы і рэалізацыі, а таксама адпаведнасць сучаснай кінамове. Апошні момант, мяркую, вельмі важны. Большасць фільмаў у нашай праграме — работы аўтараў, якія рухаюцца ў гэтым кірунку. Падчас працэсу адбору мы сутыкаемся з тым, што менавіта гэтага крытэрыю бракуе, некаторыя стужкі зроблены ў стылістыцы ледзьве не 80-х і не ў лепшых яе праявах. Тут пытанне найперш да школы і нагледжанасці рэжысёра. Ёсць выпадкі, калі рэжысёр не мае прафесійнай адукацыі, але кампенсуе гэта веданнем сусветнага кінематографа. Візуальная культура з часам змяняецца, таму і фестывалі міжнароднага ўзроўню патрабуюць ад кінематаграфістаў адпавядаць тэндэнцыям кіно. Прыемна бачыць, як развіваюцца і некаторыя беларускія рэжысёры. Напрыклад, Улада Сянькова: яе новы кароткі метр «Paranoid Android» — наступная прыступка пасля 2-гадзіннага юнацкага «Графа ў апельсінах», вельмі прафесійная работа, ці Нэла Васілеўская: кожны яе фільм адрозніваецца ад папярэдняга, а практыка — лепшае навучанне. Хочацца, каб усе рэжысёры вучыліся і разумелі сусветны кінематаграфічны кантэкст, праглядалі праграмы вялікіх кінафестываляў і марылі туды трапіць, бо дрэнны той рэжысёр, які не хоча трапіць у Каны.

— Ці ўсведамляюць рэжысёры, што дасылаюць стужкі на сур’ёзны фестываль?

 — Разуменне таго, што гэта фестываль, ёсць, але, на жаль, не заўсёды мы бачым разуменне таго, што ўвасабляе сабой «Лістапад», веданне таго, якія стужкі мы паказваем, што ўвогуле такое фестывальнае кіно. Таму я заўсёды кажу, што рэжысёры павінны сачыць за станам кінематографа і тым больш за фестывалем, на які дасылаюць работы.

— Менш за ўсё пытанняў звычайна да беларускай дакументалістыкі, а шмат — да анімацыі. Летась даслалі толькі некалькі заявак...

— У Беларусі выдатная дакументальная школа, якая можа быць канкурэнтаздольнай за мяжой: сёлета дзве нашыя стужкі будуць удзельнічаць у фестывалі IDFA ў Амстэрдаме. У нашай дакументалістыцы ёсць сувязь пакаленняў: дасведчаныя рэжысёры дапамагаюць дэбютантам, таму маладым кінематаграфістам заўсёды ёсць, да каго звярнуцца па дапамогу і атрымаць практычную параду ад рэжысёра міжнароднага ўзроўню. Менавіта таму дакументальную праграму складаць адначасова проста і складана: здавалася б, выбіраць лёгка, але цяжка вызначыць лепшае з лепшага. Сёлета дакументальных фільмаў з-за гэтага ў нас больш за ўсё — 12. Да таго ж мы зрабілі пазаконкурсную секцыю «Беларуская панарама», дзе будуць прадстаўлены работы дасведчаных рэжысёраў — Галіны Адамовіч, Анатоля Алая, Дзмітрыя Зайцава, Ірыны Волах і іншых.

Што да анімацыі, то ў мінулым годзе мы атрымалі толькі 7 заявак. Не ведаю, чаму так адбылося: магчыма, таму што наш фестываль не спецыялізуецца на анімацыі і не ўсе аніматары ведаюць пра такую секцыю. Таму каардынатарам даводзіцца пытацца пра вартую анімацыю самім, і такога патоку, як з гульнявымі фільмамі, дзе іх прыходзіць па 40 — 50, няма. Сёлета будуць прадстаўленыя вельмі вартыя работы, у тым ліку і беларускіх аніматараў, якія жывуць за мяжой.

— На многіх фестывалях нацыянальны конкурс — самы прэстыжны. А ў Беларусі вялікай цікавасці да айчыннага кіно не назіраецца…

 — Магу адзначыць, што фестывальны глядач даволі актыўна наведвае паказы нацыянальнага конкурсу. Зразумела, што ёсць стужкі, якія выклікаюць большую цікавасць: як правіла, ігравое кіно глядзяць больш. Здараецца, што ахвотных наогул больш, чым зала можа змясціць. Але праблема існуе, і я пачаў бы з таго, што наш глядач не ведае, што такое айчынны кінематограф, а тым больш — нацыянальны конкурс «Лістапада». Гэта балючая тэма, якая звязаная са многімі фактарамі. Напрыклад, як заахвоціць пайсці ў кінатэатр тых, хто верыць у стэрэатып: «беларускае кіно не можа быць добрым»? Як зрабіць так, каб нашы стужкі хацелі паказваць у вялікіх залах? Нягледзячы на пытанні, ёсць людзі, якіх нашы фільмы цікавяць, а сёлета ў беларускага кіно яшчэ і новая пляцоўка — кінатэатр «Беларусь». Замежныя госці, якія прыязджаюць на фестываль, глядзяць беларускія фільмы з вялікай цікавасцю, многія адборшчыкі фестываляў просяць падзяліцца з імі беларускімі стужкамі, што мы і робім са згоды аўтара. На мой погляд, мэта «Лістапада» яшчэ і ў гэтым: звязаць беларускае кіно са светам.

— Якія тэндэнцыі назіраюцца ў тэмах фільмаў, пра што хочацца гаварыць нашым рэжысёрам?

— Тэмы некаторых фільмаў асабліва актуальныя. Ва Улады Сяньковай, напрыклад, наогул дзве тэмы, і абедзве «гарачыя» і ўпісаныя ў міжнародны кантэкст. Не атрымаецца вылучыць нейкі агульны кірунак, у якім здымаюць беларускія аўтары: яны вельмі розныя, але прыемна, што ў многіх стужках ёсць адна важная рэч — зварот да рэальных праблем і рэальнага жыцця, а не сыход у штучныя адносіны, штучныя ўчынкі ў «кіношным» стылі. Наадварот, рэжысёры набліжаюць да гледача сапраўднае, што характэрна для большасці «новых хваляў» у кіно. І каб у нас з’явілася такая ж хваля, не трэба вынаходзіць ровар, а толькі ісці па тым жа шляху, як і іншыя «новыя хвалі», тое ж румынскае кіно. Вось фільм Юліі Шатун «Заўтра» — прыклад такога кшталту, менавіта таму ён удзельнічае ў міжнароднай праграме «Маладосць на маршы». Ён блізкі да дакументалістыкі, зроблены дакладна, з мінімалістычным сюжэтам на аснове рэальнага, неглянцавага жыцця, і гэта вельмі балючая тэма, раскрытая без пафасу. У цэнтры фільма — чалавек, які існуе ў нашым соцыуме, дзяржаве, і адносіны «маленькага» чалавека з навакольным светам. Заўважыў, што ў многіх нашых кінематаграфістаў ёсць жаданне ўшанаваць вялікіх герояў, але насамрэч добрае кіно хаваецца ў рэальных людзях, менавіта такія фільмы будуць запатрабаваныя і на фестывалях.

— Якія стужкі з беларускай праграмы неабходна ўбачыць кожнаму?

— На мой погляд, уся праграма вартая прагляду. Акрамя ўжо ўзгаданых мной «Заўтра» Юліі Шатун і «Paranoid Android» Улады Сяньковай, вельмі цікавым падаўся фільм Дзмітрыя Дзядка «Сумленны погляд»: гэта кіно пра кіно, зробленае вельмі іранічна. Галоўны герой — беларускі рэжысёр — здымае «шэдэўр» з персанажам, падобным адначасова да Сяргея Бадрова і «Сталкера» Таркоўскага, і са сваёй стужкай марыць трапіць на «Лістапад». Мяркую, гэтая карціна выдатна адлюстроўвае сітуацыю, якая склалася ў беларускім кінематографе. З дакументальнага кіно я б параіў «Фаната» Андрэя Кудзіненкі. Гэта гісторыя пра хлопца, які пешшу ходзіць на матчы любімай каманды «Дынама-Брэст» і з’яўляецца свайго роду сімвалам клуба. Дарэчы, герой прыедзе на паказ фільма ў Мінск. Яшчэ варта паглядзець «Цара гары» Андрэя Куцілы — у рэжысёра ёсць іронія да свайго героя, які ўяўляе тыповага беларуса: ён хоча змяніць свет, але не заўсёды хоча ўставаць з канапы. З анімацыйнага кіно я б параіў стужку Юліі Рудзіцкай, у вытворчасці якой удзельнічалі некалькі краін, яна атрымала безліч узнагарод на фестывалях, гэта гісторыя, якая каранямі ідзе ў народныя казкі і беларускую эстэтыку. І напрыканцы «Мора» Маргарыты Ціхановіч — эксперыментальная работа-кліп на кампазіцыю беларускага гурта PortMone пра адзіноцтва чалавека і кубачак кавы.

— Вы адзначалі, што нашы рэжысёры вельмі неактыўныя ў плане адукацыі і фестывальнага руху...

— Цяпер нашы аўтары становяцца больш актыўнымі і легітымнымі. Асабліва гэта павінна тычыцца кінаадукацыі, наведвання міжнародных фестываляў і трэнінгаў. І часта бар’ерам для ўдзелу ў такіх мерапрыемствах з’яўляецца нават не нежаданне, а няведанне замежнай мовы. Калі я сустракаўся з Кшыштафам Занусі ў Польшчы, на пытанне: «Як стаць рэжысёрам?» ён адказаў так: «Рэжысёр сёння павінен ведаць англійскую мову і кіраваць аўтамабілем». І гэта вельмі разумнае і трапнае выказванне, бо свет кіно — бязмежны, і бар’ераў у ім быць не павінна, нават такіх. На жаль, Беларусь у свеце міжнароднага кіно — пакуль што белая пляма на мапе. Хоць мы спрабуем улівацца ў кантэкст: сёлета на фестывалі ў Котбусе будуць прадстаўленыя каля 30 беларускіх фільмаў. Думаю, што для рэжысёра, каб быць актыўным, важна яшчэ разумець, чаго яму хочацца, на які фестываль ён марыць трапіць. Проста зняць кіно сёння недастаткова — пасля трэба з ім працаваць. Кінематограф — гэта не толькі высокае мастацтва, але і індустрыя, таму ведаць яе законы неабходна.

— Індустрыяльная платформа «Лістапада» скіраваная сёлета на працу над сцэнарыямі. Ці звязана гэта з тым, што ваш сцэнарый «Саламонава гара» атрымаў прыз на Канскім кінафестывалі?

— Насамрэч не звязана, але выдатна, што менавіта пра сцэнарыі кінематаграфісты даведаюцца сёлета. Дарэчы, пра конкурс ScripTeast я таксама даведаўся на індустрыяльнай пляцоўцы аднаго з фестываляў — вось і практычная карысць ад удзелу ў індустрыяльных секцыях. Лічу, што сцэнарый — аснова ўсяго. Калі добрай ідэі і сцэнарыя не будзе, кіно не атрымаецца. Канечне, Гадара, які пісаў сцэнарый у адну старонку, гэта не тычыцца. Тым не менш у свеце, а ў Беларусі ў прыватнасці, бракуе добрых сцэнарыяў. Мне складана сказаць, як стварыць паспяховы сцэнарый, але павінна быць у першую чаргу тэма, якая хвалюе, якая звязаная з уласным болем. Разам з гэтым патрэбнае інтуітыўнае пачуццё вартасці: добрае кіно нараджаецца дзякуючы гэтаму пачуццю. Я б параіў не баяцца складаных і балючых тэм, глядзець вакол сябе, а не прыдумваць нешта штучнае.

— Як лічыце, чаму замежным экспертам ваш сцэнарый падаўся актуальным?

— Твор Ірыны Пісьменнай «Падобны да Стынга», адаптацыяй якога з’яўляецца наш сцэнарый, — гэта вельмі арыгінальная, нестандартная і смелая ў многіх аспектах гісторыя. Гэта гісторыя кахання, але тут любоў супрацьлегласцяў, вельмі розных па ўзросце, у жахлівай, але адначасова і свабоднай, прасторы. Мне падаецца, што тэма Чарнобыля, якая стала фундаментам гэтай гісторыі, таксама вельмі важная, бо на яе не так часта здымаюць стужкі. Чарнобыль — катастрофа сусветнага маштабу, раўнаважная вайне, гэта смерць не толькі людзей і тэрыторый, але і пэўнай культуры. Ва Украіне шмат кіно зараз здымаюць на гэтую тэму, і за мяжой, па маім досведзе, не асацыіруюць гэтую праблему з Беларуссю, нават не ведаючы, што наш народ таксама пакутаваў з-за гэтага. Гэта наш боль — чаму мы не гаворым пра гэта?

— Перамога ў Канах дапамагае ў працы над фільмам?

— Думаю, кожны фестываль можа дапамагчы ў рэалізацыі ідэі. Зараз мы ў стадыі перамоў і пошуку бюджэту. Сама ўзнагарода — гэта прызнанне на міжнародным узроўні, знак якасці. Канкурэнцыя была сур’ёзная, бо разам з намі ўдзельнічалі дасведчаныя прафесіяналы. Для прадзюсараў будучага фільма ўзнагарода ScripTeast значыць многа, бо больш за 30% сцэнарыяў ператвараюцца ў фільмы, гэта выдатная статыстыка. І мы сваё кіно таксама абавязкова здымем.

— Канскі фестываль, як і «Лістапад», — свята кіно. Што ўразіла вас там больш за ўсё?

— Канскі фестываль — гэта вар’яцтва ў самым лепшым сэнсе слова! Гэта горад кіно, туды з’язджаюцца дзясяткі тысяч людзей, каб паўдзельнічаць у кінематаграфічным інтэнсіве. На вуліцы можна выпадкова сустрэць Рамана Паланскі, пазнаёміцца з замежнымі рэжысёрамі. Гэта не толькі самы важны фестываль, але і важны рынак, таму кожны спрабуе прасунуць свой прадукт і сваю краіну. Беларусі, на жаль, там пакуль няма. Я атрымаў карысны досвед, шмат кантактаў, а гэта важна і для «Лістапада»: замежнікі будуць больш ведаць пра наш фестываль. Дарэчы, менавіта ў Канах я пазнаёміўся з рэжысёрам і прадзюсарам фільма «Восеньскі самурай», які закрые «Лістапад» сёлета.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.