Вы тут

Сумесная медытацыя ў Terra incognita


У Малой зале Белдзяржфілармоніі адбыўся чарговы канцэрт з аўтарскага цыкла Таццяны Старчанкі «Музычная гасцёўня». Канцэртная праграма пад інтрыгоўнай назвай «Terra incognita» аб’яднала камерную музыку сучасных кампазітараў розных краін: Амерыкі, Украіны, Эстоніі, Італіі, Расіі. У ліку аўтараў — і беларускі кампазітар Галіна Гарэлава.


Непадрыхтаванаму слухачу можа здацца, што сучасная музыка складаная і незразумелая. Таццяна Старчанка сцвярджае адваротнае. Музыка сучасных аўтараў — гэта музыка стану, якая патрабуе поўнага паглыблення. Ужо першыя два нумары канцэрта раскрылі розныя грані прастаты.

Адкрылі праграму «3 эцюды» для фартэпіяна амерыканскага кампазітара-мінімаліста Філіпа Гласа. Гэтая свайго роду медытацыя для фартэпіяна дазволіла слухачу акунуцца ў маляўнічы свет сучаснай музыкі. У Санаце для скрыпкі і фартэпіяна «Post scriptum» Валянціна Сільвестрава апяваецца прастата як найвышэйшая форма пазнання свету. «Толькі мелодыя робіць музыку вечнай», — сцвярджае кампазітар. Саната адкрываецца класічна выразнай мелодыяй скрыпкі. Але на змену ёй прыходзіць кантрасная тэма, поўная драматызму. Слухач як быццам назірае сутыкненне дабра і зла. Супрацьстаянне развівалася і ў наступных нумарах канцэрта.

Галіна Уствольская — пецярбургскі кампазітар ХХ стагоддзя, вучаніца Дзмітрыя Шастаковіча. Пра яе творы пісалі, што гэта «музыка з чорнай дзіркі». У кожным творы — тонкае адчуванне нерва часу, канцэнтрацыя болю ХХ стагоддзя. У кожным — тонкі інтэлектуалізм. У дзвюх частках Трыа для кларнета, скрыпкі і фартэпіяна, што прагучалі, — нібы чаканне немінучай катастрофы.

І за гэтым складаным драматычным творам зноў прыйшло прасвятленне. «Моцарт-Адажыа» Арво Пярта называюць тагасветнай музыкай, поглядам на свет з нябёсаў. Пабудавана яна на галоўнай тэме з Фа-мажорнай санаты Вольфганга Амадэя Моцарта, што ўвесь час гучыць як успамін пра зямное.

Тэма ўспамінаў — яшчэ адна нітка, што працінала канцэртную праграму, перакідала масток паміж першым і другім аддзяленнем. У творах Хрыстаса Хаціса «Старыя фатаграфіі» і Галіны Гарэлавай «4 сентыментальныя ўспаміны» гэтая тэма раскрываецца па-рознаму. У Хрыстаса Хаціса — праз розныя адценні жанру танга. У Галіны Гарэлавай — праз непаўторны, уласцівы гэтаму аўтару тонкі паэтызм.

П’еса «Diff erent... rains» Паўла Карманава зноў звярнула да мінімалізму. Незвычайны выканальніцкі склад — флейта, фартэпіяна і магнітафонная стужка — дазволіў слухачам паглыбіцца ў атмасферу дажджу. Завяршылі канцэрт «Эскізы да захаду сонца» Леаніда Дзясятнікава. І зноў — чарада ўспамінаў. Твор прасякнуты цытатамі, стылёвымі і жанравымі алюзіямі.

Канцэртная праграма, надзвычай разнастайная, склалася ў адзінае цэлае. Гэта сапраўды было паглыбленне ў багатую вобразную палітру сучаснай музыкі, сумесная медытацыя. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэты канцэрт стаў падзеяй для кожнага ўдзельніка.

Любоў СЫЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».