Вы тут

Гродзенскі прадпрымальнік прагназуе новы віток у развіцці бізнесу


Сваю задумку Ігар Чывель ажыццявіў 10 гадоў таму. У гэты час прадпрымальніцкая дзейнасць пачала ўваходзіць у прававое рэчышча, спатрэбіліся веды адпаведных спецыялістаў, каб правільна афармляць дакументацыю. Тады Ігар і задумаў стварыць платформу для аказання дапамогі малому бізнесу. Цяпер у яго фірме каля 30 супрацоўнікаў, якія вядуць дакументацыю некалькіх сотняў прадпрымальнікаў.


— Прадстаўнікі бізнесу зразумелі, што значна больш выгадна звярнуцца да паслуг кваліфікаваных спецыялістаў, чым трымаць у сваім штаце пастаяннага бухгалтара, — адзначае Ігар Чывель. — Тым, хто мае сваіх спецыялістаў, мы дазваляем карыстацца базай нашага сервера. Купляць ліцэнзійныя праграмы вельмі дорага, але мы на гэта ідзём, каб забяспечыць бізнесу шырокае прававое поле.

Дзякуючы актыўнай пазіцыі на базе фірмы створаны Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва. Гэты статус рэгіструе міністэрства эканомікі, каб спрыяць развіццю малога бізнесу. Цяпер сюды можна звярнуцца па бясплатную кансультацыю. У Цэнтры, напрыклад, распрацавалі падрабязную методыку па адкрыцці свайго бізнесу па кожным відзе дзейнасці. Тут сабрана самая актуальная інфармацыя па формах уласнасці, адрасы і тэлефоны службаў па рэгістрацыі прадпрыемства, правілы пераводу жылых памяшканняў у нежылыя, умовы крэдытавання, сертыфікацыі прадукцыі, падаткаабкладання і многае іншае.

Прадпрымальныя жыхары рэгіёна часта звяртаюцца ў Цэнтр падтрымкі з пытаннямі. Кірункі самыя розныя. Найбольш «хадавымі» застаюцца гандаль і сфера паслуг.

— Кожны дзень нашы супрацоўнікі атрымліваюць па 4—5 такіх зваротаў, — канстатуе Ігар Чывель, — хоць раней было значна больш. Цяпер назіраецца спад дзелавой актыўнасці.

Паступова гэта дзейнасць пераходзіць на электронную платформу, адзначае Андрэй Чывель. Па яго словах, інтэрнэт значна пашырыў магчымасці рынку. Напрыклад, спажывец задумаў купіць канапу. Каб здзейсніць сваю мэту, яму, у лепшым выпадку, спатрэбіцца аб'ехаць не адну гандлёвую кропку. А можна падключыць сюды пошукавую сістэму інтэрнэту, якая дасць магчымасць убачыць розныя мадэлі канапаў і іх кошт. Здзейсніць пакупку таксама можна ў віртуальнай прасторы. Гэта зручна як прадаўцам, так і пакупнікам.

— Значная частка прадпрымальнікаў пачала карыстацца інтэрнэтам у рэкламных мэтах. Без гэтага многія не ўяўляюць сваю дзейнасць. А наша фірма прапануе неабходнае праграмнае забеспячэнне. Мы кансультуем: куды звярнуцца, якія дакументы патрэбны, якую сістэму падаткаў прыняць, каб знаходзіцца ў прававым полі, — кажа Ігар Чывель. — Ад таго, як прадстаўлены тавар ці паслуга, будзе залежаць і эканамічны стан прадпрыемства.

Пераход на электронную платформу зніжае папулярнасць звычайных рынкаў, лічыць прадпрымальнік. Некаторыя губляюць частку сваіх кліентаў. Разам з гэтым пашыраецца кола бізнесменаў, якія працуюць праз інтэрнэт. Менавіта гэта катэгорыя цяпер найбольш актыўная. Па словах суразмоўніка, інтэрнэт-кірунак будзе развівацца. Згодна з новым указам, многія майстры змогуць рэкламаваць свае ўласныя тавары на інтэрнэт-рэсурсах. Да гэтага часу яны былі пазбаўлены такой шырокай аўдыторыі.

Тое, што ў краіне вядзецца работа па лібералізацыі бізнесу, павінна значна палепшыць дзелавое асяроддзе, лічыць Ігар Чывель. Літаральна за апошнія месяцы кіраўніком краіны прынята некалькі важных указаў, якія пачнуць дзейнічаць напачатку будучага года. Яны накіраваны на стварэнне ўмоў для самазанятасці. Гэта дазволіць значна пашырыць як віды дзейнасці, так і кола грамадзян, уцягнутых у эканоміку. Многім не спатрэбіцца рэгістравацца ў якасці прадпрымальнікаў. Без рэгістрацыі змогуць рэалізаваць сваю прадукцыю кандытары, будуць аказваць паслугі швачкі, маляры, цырульнікі, спецыялісты па рамонце камп'ютараў і прадстаўнікі многіх іншых прафесій. Для іх прадугледжаны і больш нізкія стаўкі адзінага падаходнага падатку. Гэта спросціць уваход спецыялістаў у любы бізнес, дазволіць ім самім стаць больш актыўнымі.

Суразмоўнік прыводзіць такі прыклад. На прадпрыемстве праходзіць аптымізацыя, ці наогул яно ліквідуецца. Куды пайсці спецыялісту? Вось тут і можа дапамагчы новы ўказ, згодна з якім чалавеку даецца магчымасць сябе рэалізаваць.

Пашырацца магчымасці ў прадпрымальнікаў, якія працуюць у сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці. Для іх будуць створаны больш спрыяльныя ўмовы.

Рэвалюцыйным крокам Ігар Чыкель лічыць новы ўказ па скарачэнні праверак у малым бізнесе. Кантрольныя органы павінны не караць, што называецца, «з парога», а даваць парады, уносіць прапановы. Аказалася, кантрольнымі функцыямі надзелены каля 40 ведамстваў і арганізацый. Іх колькасць вырашана скараціць. Гэта выведзе бізнес на легальны ўзровень, бо многія працуюць у «шэрых» схемах, не плацяць падаткі менавіта таму, што баяцца праверак.

— Раней ледзь што — адразу штраф, канфіскацыя, — тлумачыць Ігар Чывель, — таму і бізнес хаваўся ў цень. Прасцей было ўвогуле не весці дакументаў. Новыя ўказы спрашчаюць вядзенне бізнесу. Асабліва гэта датычыць тых, каму будзе дазволена не рэгістравацца як ІП. Яны таксама могуць працаваць у прававым рэчышчы і плаціць падатак. Многія раней не плацілі падатак, а працавалі нелегальна.

У сувязі з гэтым можа ўзнікнуць пытанне: а ці будуць якаснымі паслугі, якія амаль ніхто не кантралюе? Тут ужо выбар, як кажуць, за спажыўцом. Ён будзе выбіраць, каму аддаваць перавагу. Больш таннаму майстру альбо сертыфікаванаму прадпрыемству, чые тавары ці паслугі будуць даражэйшыя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Узаконеныя магчымасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.