Вы тут

Ці дастаткова, на ваш погляд, існуючых умоў для развіцця бізнесу?


З такім пытаннем мы звярнуліся да людзей, якія маюць дачыненне да беларускага прыватнага прадпрымальніцтва.


Старшыня Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў Віктар РАФАЛОВІЧ:

— На мой погляд, дастаткова. У нас вельмі дэмакратычнае заканадаўства, тым больш з выхадам новага ўказа з'яўляецца яшчэ большы прастор для работы бізнесменаў. Зараз прыватнаму прадпрымальніцтву нічога не перашкаджае, падаткаабкладанне ў нас нармальнае. Мы вельмі хочам, каб да нас прыходзілі новыя прадпрымальнікі. Каго нам не хапае? У першую чаргу, гэта бытавыя паслугі ў вёсках, а таксама аб'екты грамадскага харчавання. Нам патрэбны цырульні, патрэбны рамонтныя майстэрні... Прыходзьце і працуйце, для гэтага ўсё ўжо зроблена. Мне складана даваць прагнозы, але будзем спадзявацца, што прадпрымальнікі адгукнуцца. Мне здаецца, што мы і так ідзём на ўступкі, таму дзіўна казаць аб нейкіх дадатковых паслабленнях.

Выканаўчы дырэктар Саюза юрыдычных асоб «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Кацярына МІКУЦКАЯ:

— Не, недастаткова. Чаму? Перш за ўсё, у нас па-ранейшаму высокія арэндныя стаўкі. Акрамя таго, сапраўды не хапае высокакваліфікаваных рабочых кадраў. Гэта датычыцца менавіта прадпрыемстваў, а не супрацоўнікаў дзяржаўных органаў — тымі людзьмі, з якімі мы сутыкаемся, мы задаволеныя. Што яшчэ? Залішнія адміністрацыйныя працэдуры. Існуе пастаянная валакіта, усе дзеянні займаюць вельмі шмат часу. Як гэта ўсё выправіць? Трэба працаваць над кожным пунктам, чым займаецца як наша арганізацыя, так і іншыя. Мы спрабуем пазбавіцца ад гэтых праблем. Што рабіць з нізкім узроўнем кадраў? Ёсць розныя спосабы: мы праводзім семінары, трэнінгі, запрашаем вядомых бізнесменаў, трэнераў. Гэта цяжка выправіць хутка, павінен быць комплексны падыход.

Першы віцэ-старшыня грамадскага аб'яднання «Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў» Віктар МАРГЕЛАЎ:

— Не паверыце, я якраз пішу пра тое, што трэба рабіць, каб бізнес рэальна развіваўся. Вядома, таго, што ёсць, недастаткова. Усё, што прынята цяпер, — гэта толькі ўмацаванне падмурка беларускага бізнесу. Але нам трэба будаваць сцены і дах, а для гэтага патрэбна праграма. Вынікам усяго гэтага павінна быць бурнае развіццё дзейнасці суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Я гэтага не назіраю, работы яшчэ вельмі шмат. Перш за ўсё, трэба скончыць фарміраванне базавых умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта пытанні абароны правоў уласнасці, бо сёння нярэдка адбываюцца канфіскацыі. Далей, у нас велізарныя рызыкі пры рэалізацыі бізнесу, звязаныя, напрыклад, з ілжэпрадпрымальніцтвам. Вось працуе бізнесмен, а потым аказваецца, што фірма, з якой ён супрацоўнічаў 10 гадоў таму, была лжэфірмай. І зараз гэты прадпрымальнік павінен заплаціць немаленькія падаткі, таму што 10 гадоў таму ён з ёй працаваў... Абвастраецца блок падатковых пытанняў. Афіцыйна стаўкі не растуць, але рэальная падатковая нагрузка значна павялічваецца ў сувязі з увядзеннем электронных рахункаў-фактур па падатку на дабаўленую вартасць.

Начальнік аддзела эканомікі Чавускага раённага выканаўчага камітэта Ірына ЛОСЕВА:

— Я лічу, што ў нас усяго хапае. Бюракратычных пытанняў няма, усё робіцца хутка і аператыўна. Напрыклад, я займаюся рэгістрацыяй — і магу сказаць, што ўсе працэдуры займаюць па часе адзін дзень. Прыходзіць прыватны прадпрымальнік — у той жа дзень мы яго рэгіструем. Праз пяць дзён ён вяртаецца, каб забраць паведамленне аб пастаноўцы на ўлік у іншых органах. Атрымліваецца, бізнесмену нікуды нават хадзіць не трэба. Але я адказваю толькі за сваю службу, у іншых могуць быць свае пытанні. Галоўнае — гэта ініцыятыўныя людзі, якія гатовыя працаваць. Ці часта адкрываюць бізнес у нас? Апошнім часам не надта часта. Сёлета зарэгістравана шэсць прыватных прадпрыемстваў. Але магу сказаць, што ў нас усе, хто хацеў, даўно адкрыліся. Прыходзяць прадпрыемствы з іншых гарадоў — такіх у нас чатыры. Літаральна сёння да нас прыйшла прыватная арганізацыя. Але ўсё ўпіраецца ў фінансы, таму буйных прадпрыемстваў у нас няма, толькі невялікія. Я ўпэўнена, хто захоча — той зробіць. Нам трэба развіваць бізнес у сферы паслуг, а гандлёвых пунктаў хапае.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.