Вы тут

Якое грамадскае значэнне мае слова «рэвалюцыя»?


Улічваючы асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця ў розныя гістарычныя перыяды, параўнаем тлумачэнні слоў «рэвалюцыя» і «рэвалюцыянер» у шэрагу вядомых слоўнікаў. У слоўніку У. І. Даля (1882) «рэвалюцыя» падаецца як «пераварот, раптоўная перамена стану, парадку адносін», «смута, трывога». Слова «рэвалюцыянер» тлумачыцца як «бунтаўшчык, падбухторшчык, крамольнік, мяцежнік».


Маск­ва. 1921 г. У. І. Ле­нін ся­род дэ­ле­га­таў Х з'ез­да  РКП (б). Пра дэ­ле­га­таў з'ез­да рас­каз­ва­ла «Звяз­да».

«Рэвалюцыя» ў «Савецкім энцыклапедычным слоўніку» (1987) падаецца як «сродак пераходу ад гістарычна зжыўшай сябе грамадска-эканамічнай фармацыі да больш прагрэсіўнай». Тэрмін «рэвалюцыянер» па невядомай прычыне адсутнічае. Але ён змешчаны ў «Слоўніку рускай мовы» (2007) С. І. Ожагава і тлумачыцца як «дзеяч, які змагаецца рэвалюцыйнымі метадамі». А што да апошніх адносіцца — незразумела. Гэта паняцце, мабыць, вынікае са слова «рэвалюцыя»: «карэнны і рэзкі пераварот у грамадска-палітычных адносінах гвалтоўным шляхам, які прыводзіць да змены грамадскага ладу». У шэрагу савецкіх слоўнікаў «рэвалюцыя» тлумачыцца як тэрмін французскага паходжання. Такім чынам, радзіма слова «рэвалюцыя» — Францыя, а не Расія.

Яшчэ аб адной акалічнасці. Савецкія людзі ў 50—60-я гады з захапленнем глядзелі кінастужку «Авадзень» («Овод» — па-руску), прысвечаную італьянскаму рэвалюцыянеру, які змагаецца за вызваленне сваёй Радзімы ад аўстрыйскіх захопнікаў. Рамантычнае кіно знята па аднайменнай кнізе цудоўнай англійскай пісьменніцы Этэль Войніч, якая неаднойчы была ў Расіі і сябравала з рускімі рэвалюцыянерамі-нарадавольцамі.

У нейкай меры фільм можна параўноўваць з кінастужкай «Чапаеў». Ён вельмі падабаўся не толькі простым людзям, а і кіраўнікам СССР — напрыклад Сталіну і Брэжневу. Як і «Авадзень», «Чапаеў» таксама зняты паводле аднайменнай кнігі, якая належыць Д. Фурманаву, паплечніку В. І. Чапаева. Галоўную ролю цудоўна выканаў народны артыст СССР Барыс Бабачкін.

А цяпер да рэальнай гісторыі. У адным з архіўных матэрыялаў, якія датычацца газеты «Звязда», гаворыцца: «Кастрычніцкая рэвалюцыя паставіла перад «Звяздой» новыя задачы. Старыя памерлі, трэба было весці працоўныя масы па новых шляхах — да савецкага будаўніцтва, да барацьбы з контррэвалюцыяй».

З кастрычніка—лістапада 1917 года «Звязда» орган не толькі Мінскага гарадскога камітэта РСДРП(б), а і Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РСДРП(б), на ўліку якога знаходзілася 20 тысяч членаў партыі і амаль столькі ж кандыдатаў. (У снежні 1918 года газета як орган ЦК КП(б)Б ужо атрымала датацыю ў памеры 410 975 рублёў.)

У лістападзе 1917 года кіраўніком «Звязды» становіцца В. Г. Кнорын. Яго прыбалцкае паходжанне праяўлялася ў спакойнай манеры вядзення гутарак, у непаказушнай вернасці савецкай уладзе. Ён меў узаемапаважлівыя адносіны з многімі вядомымі дзеячамі таго часу — А. Ф. Мясніковым, М. В. Фрунзэ, В. В. Фаміным, Р. В. Пікелем, К. І. Ландэрам. У 1922 годзе В. Г. Кнорына перавялі ў Маскву, дзе ён узначаліў Інстытут чырвонай прафесуры, стаў аўтарам першай кнігі па гісторыі УКП(б), абараніў па гістарычнай навуцы доктарскую дысертацыю.

Увогуле, у той час прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі — пісьменнікі, рэжысёры, акцёры — стваралі шматлікія вобразы-сімвалы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сваю ролю ў гэтым працэсе адыгрывала і «Звязда» — калектыўны ўдзельнік рэвалюцыі. Але што ў выніку атрымалася? 14 з 28 яе рэдактараў былі аб'яўлены ў розныя паслярэвалюцыйныя гады «ворагамі народа», 10 з іх расстраляны. Пасля ХХ з'езда КПСС (1956) усе рэабілітаваны «па прычыне адсутнасці злачынства». Дзякуючы хрушчоўскай адлізе ўбачылі свет успаміны Фаміна, Ландэра, Кнорына і іншых рэпрэсаваных кіраўнікоў газеты.

Дарэчы, вядомае слова «фракцыя» ў дакастрычніцкі час азначала апазіцыю ў адносінах да афіцыйных улад. Адразу пасля рэвалюцыі гэтым паняццем сталі называць камуністаў у органах улады, дзе большасць належала прадстаўнікам іншых палітычных аб'яднанняў, беспартыйным. У Беларусі такія фракцыі адыгралі станоўчую ролю ў паляпшэнні матэрыяльнага становішча рабочых і настаўнікаў, у аказанні фінансавай дапамогі малазабяспечаным студэнтам, у надзяленні дэмабілізаваных чырвонаармейцаў зямлёй і лесам для пабудавання жылля, прынялі ўдзел у стварэнні крэдытна-фінансавай сістэмы і г. д. У 1923 годзе фракцыі прагаласавалі за ўключэнне рэдактара «Звязды» В. А. Нодэля разам з іншымі прадстаўнікамі БССР у склад Цэнтральнай камісіі па падрыхтоўцы першай Канстытуцыі СССР (1924)... У сярэдзіне 30 гадоў усё мяняецца — слова «фракцыя» пачынае азначаць «контррэвалюцыйную, антысавецкую дзейнасць так званай трацкісцка-зіноўеўска-бухарынскай апазіцыі.

У 1935 годзе Беларусь узнагароджваецца ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі «за поспехі ў ажыццяўленні ідэалаў рэвалюцыі». У Мінск уручаць узнагароду прыязджае Старшыня ЦВК СССР М. І. Калінін. А ў 1937-м па загадзе Сталіна арыштаваны, а потым і прысуджаны да найвышэйшай меры пакарання амаль усе члены былога ўрада Літоўска-Беларускай Рэспублікі. За што? За невыкананне ў свой час сталінскага загаду самараспусціцца і адправіцца ў органы фронту з Польшчай. (Усе яны пазней рэабілітаваныя.)

Некаторыя крыніцы пішуць аб ленінскай Дэкларацыі правоў народаў Расіі (11.1917 г.) як аб копіі Дэкларацыі А. Ф. Керанскага (старшыня Часовага ўрада Расіі). Праўда гэта ці не? Аўтар гэтых радкоў у свой час задаў такое пытанне супрацоўнікам Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі (Масква). Адказ быў адмоўны — з дэманстрацыяй адпаведных дакументаў.

У 1923 годзе Старшыня ЦВК і СНК БССР А. Р. Чарвякоў заявіў, што ленінскую Дэкларацыю правоў народаў Расіі ў Беларусі нельга выканаць без вяртання беларускіх раёнаў, якія адышлі да Расіі і Украіны ў час замежнай ваеннай інтэрвенцыі. Новы час захаваў беларускую нацыянальную дзяржаўнасць, тэрыторыя і насельніцтва нашай краіны ў 1924
і 1926 гадах павялічылся болей чым у два разы — за кошт названых вышэй зямель. Чарговы раз БССР падвоілася 17.09.1939 г. — праз вяртанне Заходняй Беларусі, якая ў свой час адышла да Польшчы па выніках Савецка-Польскай вайны (1919—1920).

У бурлівы паслярэвалюцыйны перыяд новы штуршок атрымала і беларусізацыя. Яе першымі гістарычнымі дасягненнямі сталі адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1921), стварэнне Беларускай акадэміі навук (1929). Узначалілі гэтыя ўстановы славутыя вучоныя — У. І. Пічэта і У. М. Ігнатоўскі. Яны не цытавалі творы Маркса, Энгельса і Леніна, але ведалі іх галоўныя прынцыпы перабудовы чалавечага жыцця. І супраць не выступалі. Тым не менш лёсы іх аказаліся трагічныя. У 1930 годзе «за праяўленні вялікадзяржаўнага шавінізму, беларускага буржуазнага нацыяналізму» прысуджаецца да высылкі на 5 гадоў У. І. Пічэта (памёр у 1947 г.). 4 лютага 1931 года, не вытрымаўшы допытаў у АДПУ, плётак з боку некаторых «калег», скончыў жыццё самагубствам — стрэлам з рэвальвера — У. М. Ігнатоўскі. У яго асобе завяршыў зямны шлях адзін са стваральнікаў Беларускай камуністычнай партыі, аўтар больш чым 500 работ па сусветнай і нацыянальнай гісторыі. Абодва яны рэабілітаваны, а іх імёны вернуты на дастойнае месца ў гісторыі Беларусі і свету.

...У 1972 годзе аўтар гэтых радкоў як удзельнік падрыхтоўкі калектыўнай работы «Шматнацыянальная савецкая дзяржава» прывёз свой раздзел на рэцэнзію ў Інстытут марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС (Масква). Два навукоўцы ў час перапынку пасяджэння запрасілі мяне трошкі адпачыць у мясцовым скверыку. Адзін з іх раптоўна спытаў: «Вы бачыце чалавека, які толькі што прайшоў каля нас?.. Гэта ж Рамон Меркадэр, які ў 1940 годзе забіў Троцкага. Ён працуе ў нашым інстытуце старшым навуковым супрацоўнікам»... Ізноў у камандзіроўцы ў Маскве, 1982 год. Даведаўся: Рамон Меркадэр памёр. На яго магільнай пліце напісана: Герой Савецкага Саюза Рамон Іванавіч Лопес. Яго этнічнае паходжанне пачынаецца дзесьці ў Іспаніі і дапаўняецца родзічамі на Кубе, растлумачылі мне знаёмыя навукоўцы.

Такім вось чынам пераплёўся ў «гістарычным клубку» яго лёс з лёсам Л. Д. Троцкага, чалавека, рэвалюцыйная папулярнасць якога ў 1917 годзе параўноўвалася з ленінскай.

Замацаванню грамадскага значэння слова «рэвалюцыя» паслужыла адкрыццё ў Мінску ў 1926 годзе. Музея рэвалюцыі. Новая ўстанова лічылася навукова-метадычным цэнтрам вывучэння рэвалюцый 1905—1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай. Размяшчаўся музей побач з Домам-музеем Першага з'езда РСДРП. Але будынак разам з экспанатамі быў знішчаны ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны падчас бамбардзіровак...

Яўген БАРАНОЎСКІ, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: На крутым павароце гісторыі

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.