Вы тут

Вадзім Куцы: «Мы б'ёмся не за грошы»


Баец ММА, трохразовы чэмпіён Еўропы і віцэ-чэмпіён свету аб тым, што прымушае выходзіць яго ў клетку

У канцы кастрычніка ў сталіцы адбыўся першы праект-шоу «ACADEMY MMA CUP». Мерапрыемства прайшло ў абсалютна новым для Беларусі фармаце: паядынкі наймацнейшых беларускіх байцоў ММА былі сумешчаны з выступленнямі папулярных рэп-выканаўцаў. Таксама ўпершыню беларусы ўбачылі паядынак у фармаце "два на два". Усяго на гэтым турніры прадстаўнікі нашай краіны атрымалі пяць перамог (Яўген Кацар, Павел Масальскі, Міхаіл Адзінцоў, Аляксей Кудзін).


Яшчэ адным пераможцам стаў Вадзім Куцы, у катэгорыі да 77 кг ён супрацьстаяў іспанцу Хаўеру Фуэнтэсу, беларус у другім раундзе правёў удушаючы прыём, які прынёс яму перамогу. Пасля паядынку Вадзім абвясціў, што выйграныя грошы перадасць у дзіцячы прытулак, аб прычынах такога ўчынку і пра тое, ці мае патрэбу наш народ у падобных байцоўскіх відовішчах, Вадзім расказаў у інтэрв'ю "Звяздзе".

Гледачы крычалі, падтрымлівалі, хтосьці нават плакаў

 Наогул, паядынкі ММА для Беларусі відовішча даволі рэдкае, папярэдні падобны турнір у Мінску праходзіў аж у 2014 годзе. У прафесійнай кар'еры Вадзіма Куцага 12 баёў і 11 з іх ён правёў за межамі краіны.

  Добрыя турніры ў ММА звычайна робяць нашы суседзі расіяне, але «ACADEMY MMA CUP» стаў таксама даволі маштабным і нічым не саступаў расійскім, а ў некаторых момантах нават пераўзыходзіў іх. Ведаю, каб атрымалася такое яркае відовішча, арганізатары, сярод якіх і Беларуская федэрацыя панкратыёна і баявых мастацтваў, прарабілі вялікую працу. Бралі ўдзел у падрыхтоўцы і самі байцы, акрамя таго, што прыходзілася ўзмоцнена трэніравацца, мы ўвесь час здымаліся ў нейкіх роліках, фотасесіях, давалі інтэрв'ю. Непасрэдна на турніры ўбачылі, што рабілі ўсё гэта нездарма, прыгожая арэна Falcon club практычна ўся была запоўненая.

Вадзім адзначае, што такая колькасць гледачоў парадавала, аднак на яго погляд, беларускі народ яшчэ не гатовы да такога роду відовішча.

 – Ведаю дакладна, што квіткі на гэтае шоу бясплатна не раздавалі, нават байцам іх вылучалі па мінімуму. Так што ўсе, хто прыйшоў, выбралі гэтае мерапрыемства свядома. Першыя баі я, як глядач, назіраў з трыбуны і бачыў разгубленасць беларусаў, яны не прывыклі бачыць такое - клетка, яркае святло, дым, Seryoga, Джыган. Сярод гледачоў у зале не было нейкай агульнай энергетыкі, але гэта таму, што баі ММА праводзяцца ў нас вельмі рэдка. З кожным паядынкам відовішчнасць нарастала, і гледачы станавіліся больш разняволенымі - крычалі, падтрымлівалі, хтосьці нават плакаў. На мой погляд, беларускі народ у прынцыпе вельмі прыемны, заўсёды гатовы падтрымаць сваіх хлопцаў. Гэты турнір паказаў, што ўбачыць баі ў нас жадаюць многія, проста з-за слабай інфармаванасці людзі не ведаюць, што іх там будзе чакаць. Думаюць, што клетка, баі без правілаў, можа, там будуць кагосьці забіваць? Сапраўды ў ММА не так шмат абмежаванняў, як у іншых відах адзінаборстваў, але ёсць і свае правілы.

Умееш змагацца змагайся, умееш біць бі

Вадзім застаўся задаволены сваім выступленнем, галоўнай адзнакай для яго з'яўляецца пераможны вынік і тое, што ў ходзе паядынку ён не атрымаў сур'ёзных траўмаў. За перамогу байца ўзнагародзілі спецыяльным кубкам і грашовым прызам, а ў сваёй прамове пасля паядынку Куцы адзначыў, што ўсе выйграныя сродкі перадасць дзецям, якім патрэбна дапамога.

– Перад боем ёсць традыцыйная працэдура – выхад байца, гэта не толькі відовішчна, у ёй шмат энергетыкі. Ты выходзіш, грае музыка, якая цябе зараджае, дае станоўчыя эмоцыі, за табой ідзе твая каманда - твая другая сям'я. За гэтых некалькі дзесяткаў метраў ты разумееш, навошта ідзеш на бітву ў гэтую клетку. І там робіш усё магчымае, каб перамагчы: ўмееш змагацца - змагайся, умееш біць – бі. Можаш трэніравацца колькі заўгодна, але калі ты не гатовы псіхалагічна на 100 працэнтаў, ты прайграеш. Для свайго выхаду я не выпадкова абраў песню Басты "Анёл веры". Выходзіў на бой з думкамі пра тое, што ў выпадку перамогі аддам усе грошы ў Сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Першамайскага раёна. Абраў менавіта гэтае месца таксама не выпадкова. Праз дарогу ад установы знаходзіцца зала, дзе ў дзяцінстве я пачынаў займацца барацьбой, на працягу 8 гадоў гэтыя дзеткі былі ў мяне на вачах.

Сваім публічным учынкам Вадзім хоча паказаць, што байцы б'юцца не толькі з-за грошай.

– Падобнымі добрымі справамі займаюцца многія з нас, проста большасць не кажа пра гэта. Абвясціўшы пра свае намеры, я хацеў заклікаць людзей, якія не абыякавыя да дзяцей, дапамагчы. Ужо сустракаўся з дырэктарам прытулку, высветлілі, што неабходна дзецям, падрыхтавалі спіс. У ім ёсць абсалютна капеечныя рэчы, напрыклад, вітаміны, а ёсць і больш сур'ёзныя - фотаапарат, тэлевізар, караоке-сістэма.

Адкуль узялося такое жаданне дапамагаць, Вадзім Куцы дакладна сказаць не можа.

 – У пачатку свайго спартыўнага шляху, укладваў усе сілы і сродкі ў сябе, але з часам зразумеў, што жыць так сумна. Калі маеш магчымасць дапамагчы камусьці хоць трохі, таксама адчуваеш свайго роду задавальненне. Хтосьці скажа, што я раблю гэта дзеля піяру, няхай! Але калі з'явіцца 10–20 такіх чалавек, як я, складзецца адна вялікая добрая справа. Усё роўна, які чалавек, дрэнны ці добры, галоўнае – вынік.

У клетцы ідзе тактычная барацьба, бітва розумаў

Усе баі для Вадзіма Куцага з'яўляюцца вельмі важнымі, у прафесійным аддзяленні ён выступае ў ММА, а ў аматарскім прадстаўляе панкратыён. Сярод прафесійных баёў у спартсмена 11 перамог і адно паражэнне, таксама Вадзім з'яўляецца трохразовым чэмпіёнам Еўропы і сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету па панкратыёну.

– У прафесійных баях кожны паядынак вельмі каштоўны, кожнае паражэнне б'е па рэйтынгу, гэта значыць па тваёй кар'еры. Але так як такіх баёў не бывае шмат, усяго 3–4 за год, трэба назапашваць вопыт і развівацца ў іншых відах. Я абраў панкратыён, таму што ён найбольш набліжаны да ММА па правілах, экіпіроўцы і астатніх момантах. Па гэтаму віду спорту ўдзельнічаў у чатырох чэмпіянатах Еўропы, тры з іх выйграў. На чэмпіянатах свету атрымалася быць толькі другім, але я адчуваю, што магу больш.

У ММА Куцы прыйшоў з барацьбы, дзе таксама быў паспяховым спартсменам. Цяпер Вадзім выступае ў шэрагу лепшай байцоўскай каманды краіны «Academy MMA», якая дзейнічае пад эгідай Беларускай федэрацыі панкратыёна і баявых мастацтваў.

 – Ва ўсіх адзінаборствах ты павінен быць у першую чаргу думаючым чалавекам, калі хочаш зладзіць бессэнсоўную бойку, можаш удзельнічаць толькі ў местачковых турнірах. Паядынак – гэта гульня ў шахматы, у цябе заўсёды павінен быць запасны план. Перамогу часта даводзіцца збіраць па крупінках, хоць гледачы часта бачаць толькі тое, што мы б'ём адзін аднаму морды, важдаемся дзесьці на падлозе, а на самай справе ў гэты момант у галаве ў байца куча схем. У клетцы ідзе тактычная барацьба, бітва розумаў, хто каго абхітрыць, падмане. Можа быць, для кагосьці баі ММА – гэта мардабой, але для мяне гэта спорт. Я не выходжу на паядынак з агрэсіяй, заўсёды пацісну руку саперніку, скажу дзякуй, усё роўна як скончыўся бой. Так, гэта жорсткі від спорту для мужчын, але гэта наша прырода, унутраная сіла, энергетыка.

Цікаўлюся ў Вадзіма, ці бываюць моманты, калі ў актагоне становіцца страшна.

 – Не. Бой у сярэднім доўжыцца 3 раунда па 5 хвілін, а рыхтуемся да яго мы месяц-два, а то і больш. У дзень адна-дзве трэніроўкі, атрымаць траўму за гэты час шанцаў нашмат больш, чым за 15 хвілін. Вядома, прысутнічае хваляванне, але ты павінен трымаць яго пад кантролем. Я перажываю за тое, што выйду, нараблю памылак, стамлюся, выдыхнуся і проста не пакажу тое, што ўмею, гэта для мяне самае страшнае.

Самую сур'ёзную траўму (разрыў звязак) Куцы атрымаў у сваім адзіным прайграным прафесійным баі.

– Вяртацца пасля яе было цяжка як псіхалагічна, так і фізічна. Радуе адно – у мяне ніколі не было думкі пра тое, што настаў час заканчваць са спортам. Ужо на наступны дзень пасля таго, як атрымаў траўму, я разумеў, што павінен максімальна хутка аднавіцца, залячыць сваю нагу і ісці наперад. Гэта этап у жыцці, які праходзіць практычна кожны спартсмен. Псіхалагічна было цяжка, таму што я прайграў вельмі важны для сябе бой за пояс чэмпіёна свету. Негатыўныя думкі закрываў працай над аднаўленнем, разумеў, што калі буду зацыклівацца на гэтым, мая кар'ера далей не пойдзе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Эканоміка

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Праўда, эксперты кажуць, што гэта ілюзія.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.