Вы тут

Імем рэвалюцыі


Пакуль ехала з камандзіроўкі з Пружан у маршрутцы (нейкія сто кіламетраў), двойчы па радыё, якое слухаў кіроўца і вымушаны былі слухаць пасажыры, прагучала навіна. У адным расійскім горадзе ў сям'і па прозвішчы Сказачныя нарадзіўся хлопчык. Шчаслівыя бацькі назвалі яго Аладзінам. Далей дыктарка паведамляла, што інтэрнэт-супольнасць ухваліла фантазію і дасціпнасць бацькоў.


Ну што ж, на ранішніках у дзіцячым садку гэты хлопчык будзе, несумненна, першым нумарам. Асабліва на навагодніх, асабліва, калі бацькі яму зробяць касцюм з чароўнай лямпай. Але хлопчык вырасце, магчыма вывучыцца, магчыма, захоча рабіць кар'еру, напрыклад, у ваеннай галіне. Дарасце да генеральскага звання. Ну генерала яму можа яшчэ сяк-так прысвояць, ды і то штабныя функцыянеры будуць доўга крывіцца, пасмейвацца, лішні раз прыдзірліва вывучаць дакументы. Ну а калі яго кандыдатура часам узнікне на прадмет магчымага прызначэння міністрам абароны, тут нумар не пройдзе. Міністр абароны Сказачны Аладзін — ды не смяшыце людзей. У любой краіне кандыдату на гэты пост трэба прайсці шэраг узгадненняў, і хто-небудзь абавязкова накрэсліць рэзалюцыю накшталт: «Няхай гэты казачны персанаж камандуе казачным войскам, алавянымі салдацікамі!» І тут малады і паспяховы генерал затоіць крыўду на бацькоў.

Гэта адзін варыянт развіцця падзей. Але магчымы і другі: хлопчык Аладзін стане артыстам лялечнага тэатра альбо майстрам анімацыі і будзе ўсё жыццё паспяхова забаўляць людзей. Пажадаем яму гэтага, але бацькам усё ж варта ўлічваць, што існуе рызыка першага варыянта.

Бо імя для сына ці дачкі гэта ўсё ж не толькі спосаб уласнага самавыяўлення, але і пэўная адказнасць перад іншым чалавекам, нават калі гэты чалавек тваё ўласнае дзіця. Прыведзены вышэй прыклад выглядае бяскрыўдным жартам маладых бацькоў у параўнанні з тым, што прымушаюць сваіх дзяцей насіць у якасці імені асобныя таткі і мамкі. Даўно ўжо інтэрнэт аж трашчаў ад паведамлення, што бацькі, таксама ў Расіі, назвалі малога Люцыферам. Калі меркаваць па сацыяльных сетках, расце той хлопчык нармальна. Малы ён яшчэ, каб разумець, што атрымаў у дар ад бацькоў.

Ёсць на свеце дзяўчынка Аўтобусны прыпынак №16. Праўда, не ў нас, у Новай Зеландыі. У нашай краіне ёсць людзі з імёнамі Аксіёма, Рэвалюцыя, Свабода. Як бачым, дзівацтва (чытай глупства) не мае межаў і нацыянальнасцяў. Не мае абмежаванняў у часах і эпохах.

Цяпер, у дні 100-гадовага юбілею рэвалюцыйных падзей, проста нельга не ўспомніць, якімі імёнамі ўзнагароджвалі дзяцей у рэвалюцыйным экстазе. Асабліва мне падабаецца Даздраперма (Да здравствует первое мая). Уяўляеце, каб гэты тварэц неалагізма як-небудзь уставіў у слова сэнс віншавання (С первым мая), атрымалася б яшчэ больш эпатажна. Яшчэ можна зразумець, калі дзяўчынак спрэс называлі Іскрамі. Ну, скажам, брэсцкая падпольшчыца сядзела ў турме, там нарадзіла дачушку і назвала Іскрай. Хто не ведае, у гонар першай марксісцкай газеты, якая называлася «Іскра». Можа, і Звяздой дзяўчынак называлі, проста нам такія факты не вядомыя. Ну гэта ж нічым не горш, чым Настасся Сонейка, Каралева, Вясна. А пералічаныя імёны носяць жывыя і сапраўдныя людзі. І гэта куды лепш, чым Пафістал, не блытаць з пафігістам, расшыфроўваецца «Победитель фашизма Иосиф Сталин».
А хлопчык Урюрвкос, (Ура, Юра в космосе) магчыма, ужо гадуе ўнукаў. Хоць цалкам верагодна, што ў 16 гадоў ён памяняў сваё імя на чалавечае, грамадзяне маюць такую магчымасць.

Колькі на гэты конт гаварылася, прыводзілася аргументаў псіхолагаў, што імя накладвае пэўны адбітак на характар чалавека, можа паўплываць на яго паводзіны і лёс, а можа стаць праблемай, калі дзіця падвергнецца рознага кшталту кпінам з боку равеснікаў. Думаю, усе, хто ўмее чытаць, гэта ведаюць. А робяць глупствы з прычыны жадання выдзеліцца, заявіць пра сябе, прыцягнуць увагу. Але ж для гэтага ёсць столькі спосабаў, і першы з іх — сацыяльныя сеткі. Там пра сябе пішы, што душы заўгодна. Цяпер, кажуць, ёсць спецыяльныя паслугі, напрыклад, фатаграфаванне на борце прыватных самалётаў альбо яхты. Зрабіў сэлфі і транслюй свету, што гэта твая яхта. А хочаш ужывую? Нядаўна па тэлевізары паказвалі дзяўчыну, якая жыве ў ЗША. З дапамогай татуіровак, адзення і іншых атрыбутаў яна зрабіла з сябе такое, што любыя агародныя пудзілы не проста адпачываюць — сарамліва хаваюцца. Нічога, ходзіць па барах свайго гарадка, адчувае сябе шчаслівай. Ды што там згадваць так далёка. На нашых сайтах пісалі пра дзяўчыну з Баранавіч, выглядае не як тая амерыканка, але вобраз, што стварыла, нагадвае гераіню фільма жахаў. Ну і што ж, на здароўе, спадарыні маюць права на любыя эксперыменты з уласнай асобай. Гэта я разумею. Навошта ўчыняць эксперыменты з дзецьмі?

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.