Вы тут

Як можа змяніцца рынак працы з выкарыстаннем штучнага інтэлекту


Машыны наступаюць на пяткі прадстаўнікам многіх прафесій. Робаты і аўтаматызацыя ўкараняюцца ва ўсё большую колькасць сфер жыцця. Падчас ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў футуролагі, прадстаўнікі індустрыі інфармацыйных тэхналогій і журналісты задаліся пытаннем: наколькі сёння актуальная праблема паўстання машын, як будучая чацвёртая прамысловая рэвалюцыя паўплывае на працоўныя месцы? Найбольш гарачае абмеркаванне гэтых праблем прайшло падчас панэльнай дыскусіі «Робаты наступаюць: што нас чакае заўтра?».


Не губляць крытычнае мысленне

Адзін са стваральнікаў і былы найбуйнейшы акцыянер кампаніі Майкрасофт Біл Гейтс казаў, што заўсёды будзе шукаць лянівага чалавека для работы, бо той знойдзе шмат лёгкіх шляхоў для вырашэння пастаўленай задачы. Ён агучыў тое, пра што многія кіраўнікі кампаній думалі заўсёды: максімальная аўтаматызацыя, меншая колькасць аперацый для выканання задач, кантроль над колькасцю супрацоўнікаў.

Але што адбудзецца, калі ў выніку акажацца не патрэбны чалавек? Калі тэндэнцыя працягне сваё развіццё, то ці не забяруць робаты не толькі працу але і ўладу ў чалавека?

Магчыма да сістэмы «Скайнэт» з кінафільма «Тэрмінатар» нам яшчэ далёка, але эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што любую работу, якую можна разбіць на алгарытмы, машына зможа выконваць больш эфектыўна. Прадстаўнік Fоrbеs Адзі Гаскел выказаў упэўненасць, што 85% працоўных месцаў у галінах, звязаных з тэхналогіямі, зараз знаходзяцца ў зоне рызыкі. Стварэнне штучных нейронных сетак для прагназавання нерацыянальных паводзінаў людзей, беспілотныя аўтамабілі на вуліцах «разумных гарадоў» у найбліжэйшай будучыні павінны істотна спрасціць наша жыццё. Аднак дырэктар Цэнтра развіцця кампетэнцый па даследаванні даных блока «Рызыкі» «Ашчадбанка» (Расія) Максім Яроменка задаўся пытаннем аб тым, хто будзе несці адказнасць за прынятыя робатамі рашэнні.

Яшчэ адно цікавае назіранне заключаецца ў тым, што чалавецтва ўступае ў эру аўтаматызацыі творчых прафесій. Пра гэта расказаў заснавальнік сэрвісу РrеssFееd Канстанцін Бачарскі. Разам з тым, ён супакоіў: ньюсмейкеры не знікнуць. Толькі частка іх работы, якая звязана са зборам інфармацыі, напісаннем простых нататак аб фінансах, надвор'і, сітуацыі на дарогах, будзе цалкам аўтаматызавана. Журналісту застанецца тое, што звязана з творчасцю і расстаноўкай дакладных акцэнтаў. З рупара ён павінен стаць аналітыкам. Эксперты заклікалі не губляць пільнасць і здольнасць да крытычнага мыслення. На іх думку, робаты не забяруць працоўныя месцы, але прымусяць чалавека змяніць свой падыход да выканання задач. Краіна, якая будзе лідзіраваць у развіцці штучнага інтэлекту, будзе валодаць светам. Для чалавецтва важна адказаць на новы выклік.

Хто знікне?

Уплыў тэхнічнага прагрэсу, безумоўна, прымусіць памяняць стаўленне да працы. Неўзабаве некаторыя прафесіі калі не знікнуць, то зменяцца. Пакуль вы чытаеце гэты артыкул, недзе ў Карэі штучны інтэлект піша нататкі пра спорт. У кожным жарце ёсць доля жарту, але гумар пра робатаў становіцца ўсё менш смешны. Так на будучай зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане карэйцы збіраюцца моцна пацясніць ньюсмейкераў праграмамі.

У спісе найбольш папулярных прафесій, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі з-за тэхнічнага прагрэсу, часта фігуруе журналіст. Так, напрыклад, усім вядомая кампанія Gооglе фінансуе праект Urbs Mеdіа брытанскага медыяхолдынга Рrеss Аssосіаtіоn кругленькай сумай (больш за 700 тысяч еўра), з мэтай развіць лічбавую журналістыку ў Еўропе. Яна павінна дапамагчы аптымізаваць працу робажурналістаў у пошуку інфармацыі мясцовага значэння. Акрамя генерацыі кароткіх нататак, штучны інтэлект будзе будаваць графікі і падбіраць відэа і малюнкі да вялікіх матэрыялаў. Агенцтва плануе працаваць па новай схеме ўжо з пачатку 2018 года. Згодна з інфармацыяй аналітыкаў з Оксфарда, прафесія журналіста з 8%-най рызыкай можа знікнуць у наступныя 20 гадоў.

Такі ж лёс можа спасцігнуць і тых, хто заняты ў масавай серыйнай вытворчасці. З-за развіцця тэхналогій 3D-друку хутка машынная праца стане больш таннай і больш эфектыўнай, чым гэта робіць чалавек.

Як часта вы карыстаецеся паслугамі турагентаў? Магчыма, людзі старэйшага пакалення ўсё яшчэ заказваюць пуцёўкі ў агенцтвах. Аднак з развіццём анлайн-пакупак неабходнасць у пасрэдніках адпадае. Любы чалавек здольны праз смартфон знайсці сабе рэйс, забраніраваць гатэль і даведацца пра абстаноўку на пляжы ў любым пункце свету.

Для перакладчыкаў таксама набліжаюцца цёмныя часы. Людзі сёння ўсё часцей вымушаны ведаць дзве і больш моў, каб працаваць, мець зносіны, атрымліваць інфармацыю. Тэхнічны прагрэс таксама не стаіць на месцы: ужо ёсць праграмы для смартфонаў, якія дазваляюць аналізаваць вусную мову замежнага суразмоўцы і пераводзіць яе ў друкаваны тэкст на многіх мовах.

Дрэнныя навіны для таксістаў і кіроўцаў. Gооglе ужо некалькі гадоў тэстуе сістэму беспілотнага кіравання аўтамабілямі. Услед за каліфарнійскай карпарацыяй даследаванні ў гэтай галіне пачалі Tоуоtа, Vоlvо, Tеslа. Штодня сотні машын без пілотаў курсіруюць па трасах.

Ну і вядома, паштальёны. Вы ўсё яшчэ пасылаеце лісты або грошы ў канвертах? Сумняваюся... Ды і пасылкі сёння дастаўляюць ад прадаўца адразу да парога спажыўца. Сёлета першыя паштовыя квадракоптары прайшлі паспяховыя выпрабаванні ў ЗША, Аўстраліі, Сінгапуры і Швейцарыі. Машыны навучыліся лётаць, а паштальён — не.

Гэта далёка не поўны спіс прафесій, які будуць адчуваць цяжкасці з працаўладкаваннем людзей у наступныя 10—20 гадоў. У цэлым можна з упэўненасцю сказаць: рынак працы ўжо ніколі не будзе ранейшы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Паўстанне машын

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.