Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа


Гуманітарнае супрацоўніцтва стала ключавой тэмай учарашняй сустрэчы кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) Петэра Маўрэра.


— Я ўважліва па сродках масавай інфармацыі адсочваў ход вашага візіту ў Беларусь, — прызнаўся беларускі лідар. — Вы сказалі, што гэта ваш першы візіт як кіраўніка Чырвонага Крыжа ў нашу краіну. І я падумаў пра тое, што гэты візіт павінен быць значным.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, візіт павінен быць сімвалічным і ўзнімаць адносіны Беларусі і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа на новы ўзровень:

— Наша з вамі сённяшняя работа па адкрыцці офіса МКЧК у Беларусі пра многае сведчыць і мы гэта вельмі высока цэнім. Гэта якраз і будзе новай старонкай у нашых адносінах, якая дадасць туды больш перспектывы і больш надзей.

Трэба сказаць, што МКЧК мае сетку рэгіянальных прадстаўніцтваў (дэлегацый) па ўсім свеце. У 1992 годзе ў Маскве было адкрыта рэгіянальнае прадстаўніцтва гэтай арганізацыі для Расіі, Беларусі і Малдовы. Менавіта праз гэты офіс сёння здзяйсняецца супрацоўніцтва паміж нашай дзяржавай і Чырвоным Крыжам. Прадстаўніцтва падтрымлівае цесныя сувязі з Нацыянальнай камісіяй па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў нашай дзяржавы, міністэрствамі юстыцыі, замежных спраў, па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, абароны... Сумесна з апошнім, дарэчы, толькі за апошнія пяць гадоў МКЧК правёў больш за 20 сумесных мерапрыемстваў, а сёлета ў верасні прадстаўнікі МКЧК прынялі ўдзел у назіранні за беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі «Захад-2017».

— Вы здзяйсняеце самую вялікую місію ў свеце з усіх міжнародных арганізацый, — адзначыў кіраўнік краіны. — Вы заўсёды побач з тымі людзьмі, што трапілі ў бяду... Вы на нас можаце разлічваць.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пасля канфлікту ва Украіне Беларусь прыняла больш за 150 тысяч бежанцаў, забяспечыла іх усім неабходным.

— Фактычна, мы паставілі ўпоравень нашых украінскіх братоў з беларусамі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Як вы разумееце, гэта ўсё каштавала нам значных выдаткаў. Але мы іх не лічым, паколькі людзі трапілі ў бяду, і тут затраты наўрад ці маюць нейкі падлік.

Беларусь ніколі не была ўбаку і ад той вайны, якая сёння ідзе ў Сірыі. Мы аказваем і аказвалі гуманітарную падтрымку народу гэтай краіны, асабліва дзецям. Выпрацавана цэлая праграма іх аздараўлення ў Беларусі. У гэтым жніўні, дарэчы, кіраўнік дзяржавы асабіста сустракаўся з маленькімі сірыйцамі, якія адпачывалі і папраўлялі здароўе ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» і аздараўленчым лагеры «Крынічка». Тады ж айчынныя СМІ абляцела навіна: беларускія хірургі выдалілі пухліну дзесяцігадовай сірыйскай дзяўчынцы. Рым Салем разам са сваімі таварышамі, якія пабывалі ў Палацы Незалежнасці і сустрэліся з кіраўніком нашай дзяржавы, прыехала на аздараўленне ў Беларусь. Падчас медыцынскага абследавання ў яе выпадкова знайшлі анкалагічнае захворванне. Апекуны дзяўчынкі згадзіліся на лячэнне.

— Словам, вы ведаеце пра нашу работу, — абагуліў Аляксандр Лукашэнка.  — Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы заўсёды будзем у такім духу дзейнічаць, таму што гэта — сутнасць нашага народа.

Петэр Маўрэр у адказ заўважыў, што на працягу ўжо многіх гадоў паміж арганізацыяй, якую ён прадстаўляе, і Беларуссю падтрымліваюцца цудоўныя адносіны. «І зараз я тут для таго, каб падпісаць пагадненне аб дэлегацыі Міжнароднага Чырвонага Крыжа ў Беларусі і адкрыць пастаянную прысутнасць гэтай арганізацыі тут, у Мінску, у наступным годзе, — паведаміў прэзідэнт МКЧК. — Мы тут адчуваем сябе як дома. Беларускі народ мае доўгую гісторыю пакут. І людзі, і ўлады, і вы асабіста падтрымліваеце Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ў сваёй рабоце. Мы гэта адчуваем».

Петэр Маўрэр канстатаваў, што свет стаў нашмат больш складаны і палярызаваны за апошні час. Гуманітарныя наступствы канфліктаў адчуваюцца ўсё больш востра. Ён прызнаўся, што сёння Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа як ніколі залежыць ад падтрымкі такіх краін, як Беларусь, — зацікаўленых ва ўрэгуляванні канфліктаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Калі грошы на другім плане

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».