Вы тут

Вядучы Аляксандр Ярмаш: Прамы эфір — гэта заўсёды адрэналін


Вядучы спартыўных навін на тэлеканале «Беларусь 1» прыадчыняе сакрэты тэлевізійнай «кухні». Чаму сюжэт, які доўжыцца паўтары хвіліны, рыхтуецца мінімум некалькі гадзін, як грыміруюць вядучых-мужчын і чаму тэлебачанне кардынальна змяніла жыццё Аляксандра Ярмаша.


— Аляксандр, пачнём з навін, што паведамляць прыемней за ўсё?

— Вядома, расказваць аб перамогах нашых спартсменаў або камандаў значна прыемней. Тым больш, за гады работы многія становяцца для цябе добрымі прыяцелямі і таму перажываеш за іх выступленні неяк асабліва. Расказваць пра паражэнні больш складана. Напрыклад, асабіста мне, чалавеку, які ў свой час займаўся футболам, не вельмі прыемна паведамляць пра нашы правалы ў гэтым відзе спорту, а апошнім часам, на жаль, гэта адбываецца даволі часта.

— Напэўна, многіх гледачоў цікавіць пытанне: тэкст, які вы чытаеце ў эфіры, рыхтуе сам вядучы?

— Так, у асноўным. Не можа быць такога, каб я прыйшоў на эфір і бачыў яго ўпершыню. Бываюць вельмі рэдкія выключэнні, напрыклад, у тым выпадку, калі навіна паступіла да нас, калі я знаходжуся ўжо ў прамым эфіры. Калі ты працуеш у спорце, павінен быць гатовы да таго, што сітуацыя ў матчы ці яго вынік можа змяніцца ў адну секунду.

На студыі ў нас вісіць шыльда, якая абвяшчае, што з тэлефонам заходзіць туды нельга, але прызнаюся, часам парушаюць гэтае правіла менавіта спартыўныя журналісты, таму што за вынікамі ў інтэрнэце даводзіцца сачыць да апошняй секунды перад выхадам у эфір, а бывае, што і па ходзе выпуску навін.

— Раскажыце, як рыхтуецца сюжэт для навін?

— Я прыязджаю на матч, гляджу яго, адзначаю гульцоў, якія найбольш ярка выяўляюць сябе па ходзе сустрэчы. Як правіла, з імі заўсёды лягчэй дамовіцца аб каментарыі ці міні-інтэрв'ю, асабліва калі каманда выйграла. Калі спартсмены церпяць паражэнне, часта адмаўляюцца падыходзіць да камеры, тады прыходзіцца неяк выходзіць са становішча. Па маіх назіраннях, часцей за ўсё гэта здараецца з футбалістамі і хакеістамі, а людзі, якія лягчэй за ўсё ідуць на кантакт, — гэта, напэўна, гандбалісты. Зразумела, што ёсць выключэнні, напрыклад, Віталь Радзівонаў — чалавек, які заўсёды гатовы размаўляць. А ёсць людзі, у якіх і пасля перамогі слова не выцягнеш. Я лічу, гэта няправільна, бо журналісту трэба мець зносіны са спартсменам, можа яму і самому гэтага не асабліва хочацца. Гэта, у першую чаргу, патрэбна людзям, якія падтрымліваюць і хварэюць за тваю каманду, мы выключна пасярэднікі. Спартсмены павінны разумець, адмаўляючы журналісту, яны адмаўляюць тым людзям, якія за іх перажываюць.

Сюжэт для выпуску навін, як правіла, доўжыцца паўтары хвіліны, а каб зрабіць яго, трэба выдаткаваць пару гадзін. У кожным кірунку маёй працы ёсць свае любімыя моманты — і ў падрыхтоўцы сюжэтаў, і ў вядзенні навін. Аднак, прамы эфір — гэта заўсёды адрэналін, колькі б ты ні працаваў, і гэта крута.

— Сур'ёзныя памылкі ў рабоце былі?

— Зразумела, што здараюцца ўсякага роду агаворкі, так адразу і не прыгадаю, што можна было б прывесці ў прыклад. Мы чытаем навіны па суфлёры, а бывае такое, што ён знікае, напрыклад. Заўсёды для гэтага з сабой бяром раздрукаваны на паперы тэкст, які ляжыць у нас на стале. У экстраннай сітуацыі пераключаемся на яго і працягваем працаваць.

Гандбаліст зборнай Беларусі Вадзім Гайдучэнка ў ролі журналіста.

— Перад эфірам вас грыміруюць?

— Гэта залежыць ад неабходнасці. Пра сябе я жартую з грымёрамі, што вечна знаходжуся ў пераходным узросце. Перыядычна можа з'явіцца нейкі вугор, можа быць яшчэ з-за таго, што я вельмі люблю салодкае (смяецца). Але, як правіла, мне хапае пудры. Яшчэ такі момант, заўсёды неабходна сачыць за памерам свайго шчаціння. Ад начальніка можа прыйсці паведамленне: «Саша, ты як пасля другога дня вяселля. Яшчэ раз выйдзеш так у эфір — пазбаўлю прэміі». Вядома, свой знешні выгляд пажадана абмяркоўваць з кіраўніцтвам, бо гэта свайго роду імідж канала, ты не можаш рабіць з сабой усё, што заўгодна, ёсць рамкі, пэўныя нормы.

Часам здараюцца і форс-мажоры. Як практычна ўсе спартыўныя журналісты, я вяду досыць актыўны лад жыцця, у тым ліку гуляю ў гандбол у зборнай беларускіх журналістаў. Аднойчы ў дзень, калі мне трэба было выходзіць у эфір, быў на трэніроўцы, партнёр кідаў з блізкай адлегласці і трапіў мне проста ў вока. Спачатку думаў, што ўсё вельмі дрэнна, некалькі гадзін аднаўляўся зрок, ну і вядома, застаўся след на твары. Грымёры вельмі пастараліся, вечарам змог выйсці ў эфір. Вока, вядома, яшчэ балела, таму я вельмі часта міргаў, але, спадзяюся, ніхто з гледачоў не звярнуў на гэта ўвагі.

— Чаму вы наогул калісьці выбралі тэлебачанне?

— Я нарадзіўся і жыў у Гродне, скончыў Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж і стаў майстрам будаўніча-мантажных работ. Па размеркаванні паехаў у Вялікую Бераставіцу. Так, я не клаў на будоўлі цэглу, а быў свайго роду начальнікам, але мне гэта абсалютна не падабалася. Калі табе 19, наўрад ці хтосьці ўспрымае ў гэтай ролі, ды і стаяць над людзьмі з палкай — гэта не маё. Неяк са сваім таварышам, Аляксеем Багдановічам, які цяпер працуе на АНТ, а тады працаваў на гродзенскім тэлебачанні, гулялі ў футбол. Ён не мог наведаць футбольны матч «Нёман» — БАТЭ, а расказваць пра яго з экрана тэлевізара яму было неабходна. Я быў на гэтай гульні, таму змог літаральна ў некалькіх словах апісаць сустрэчу, у выніку ў сваім сюжэце ён выкарыстаў менавіта маю фразу. У гэты момант я падумаў, чаму б мне не памяняць сваё жыццё і не стаць журналістам. Неяк пасля футбола жартам сказаў Лёшу: «Я табе зайздрошчу, ты бясплатна ходзіш на футбол, а потым за тое, што пішаш пра яго, яшчэ і грошы атрымліваеш». Ён пасмяяўся і прапанаваў сваю дапамогу, калі раптам я збяруся стаць журналістам. Гэтая ідэя была лёгкая, неназойлівая, але неўзабаве я пачаў рыхтавацца да паступлення на журфак.

Рабіў некалькі сюжэтаў на гродзенскім тэлебачанні. Памятаю, што тады вельмі дрэнна ўспрымаў свой голас. Цяпер ужо прызвычаіўся да яго.

— Неўзабаве пасля свайго паступлення пачалі працаваць?

— Так, усё ж такі я быў ужо дарослы, паступіў у ВНУ не пасля школы і ў Мінску за штосьці трэба было жыць, таму ўжо праз месяц падышоў да аднаго з выкладчыкаў і папрасіў тэлефоны спартыўных тэлевізійных рэдакцый.

Атрымалася так, што пайшоў працаваць на СТБ, дзе пачынаюць сваю тэлевізійную кар'еру многія студэнты. Часта гэты канал так і расшыфроўваюць, не Сталічнае тэлебачанне, а студэнцкае.

— Памятаеце свой першы сюжэт?

— Напэўна, больш яго памятае мая мама, я, шчыра кажучы, не вельмі. Яна проста гэтага вельмі моцна чакала, бо бачыла, што я хачу развівацца менавіта ў гэтым кірунку, і вельмі радавалася за мяне, калі ўбачыла і пачула па тэлевізары. Патэлефанавала мне, і мы з ёй трошкі паплакалі.

— Пра што вы марыце ў прафесійным плане?

— Мне б вельмі хацелася паспрабаваць сябе ў ролі каментатара. Я ажыццявіў гэта ўсяго аднойчы, працуючы на СТБ. Потым удзельнічаў у конкурсе каментатараў на «Беларусь 5», у якім выйшаў у фінал, але не перамог. Кажуць, не хапіла эмоцый... Шчыра скажу, было трошкі крыўдна. Думаю, усё роўна калі-небудзь гэта да мяне прыйдзе. Дарэчы, пасля гэтага кастынгу прайшоў літаральна месяц ці два і мяне запрасілі працаваць на «Беларусь 1».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».