Вы тут

Фінал Кубка Федэрацыі паміж ЗША і Беларуссю пройдзе ў гэтыя выхадныя


Паводле звестак арганізатараў, на трыбунах чакаецца аншлаг — усе білеты ўжо даўно прададзеныя. Гэта не дзіўна, бо нашай зборнай будзе супрацьстаяць адна з найлепшых тэнісных камандаў свету. Зборная ЗША ўжо больш за паўстагоддзя ўдзельнічае ў розыгрышах Кубка Федэрацыі, з моманту першага правядзення (1963 год). Менавіта амерыканкі часцей за астатнія каманды заваёўвалі галоўны трафей турніру — 17 разоў. Быў час, калі яны выйгравалі турнір сем разоў запар (з 1976 па 1982 год). Апошнім разам зборная ЗША выйгравала кубак у 2000 годзе, а ў 2009-м і 2010-м саступала ў фінальных матчах камандзе Італіі.


Саперніцы нашых дзяўчат ужо некалькі дзён знаходзяцца ў Мінску, іх каманда, здаецца, даволі сур'ёзная. Першы нумар Како Вандэвеге ў канцы мінулага тыдня дайшла да фіналу на турніры ў Кітаі і ўвайшла ў першую дзясятку сусветнага рэйтынга, а Слоан Стывенс займае 13-е месца. Шэлбі Роджэрс на 59-м радку, Элісан Рыске замыкае топ-70 рэйтынга Жаночай тэніснай асацыяцыі.

— Мы вельмі ўражаныя і рады знаходзіцца тут, у Беларусі. Гэта наш першы прыезд. Усё арганізавана на вельмі высокім узроўні. Мы класна праводзім тут час. Людзі ветлівыя і гасцінныя, нам падабаецца «Чыжоўка-Арэна» і Мінск у цэлым, — гаворыць капітан каманды Кейт Рынальдзі. — У ЗША вялікая колькасць моцных гульцоў, якія маюць вялікае жаданне трапіць у фінал. На сённяшні дзень сфарміраваны аптымальны склад. Мы паважаем каманду Беларусі і ўпэўненыя, што ў гэтай зборнай сабраліся вельмі таленавітыя і моцныя гульцы. Гэта будзе надзвычайны матч, і мы гатовыя спаборнічаць.

Зборная Беларусі прабілася ў фінал Кубка Федэрацыі ўпершыню. Хоць пазіцыі беларусак ніжэй, у прыватнасці першы нумар каманды Арына Сабаленка 78-я ў сусветным рэйтынгу, тэнісісткі пастараюцца парадаваць балельшчыкаў добрай гульнёй. У складзе нашай каманды будуць выступаць — Арына Сабаленка, Аляксандра Сасновіч, Вера Лапко і Лідзія Марозава. Капітан каманды Эдуард Дуброў адзначыў, што ўсе яго падапечныя ў добрай форме, у іх прыкметны прагрэс у параўнанні з папярэднімі сустрэчамі.

— Мы не думаем пра тое, хто лічыцца фаварытам гэтай сустрэчы. Выходзім і гуляем, нас падзяляе сетка. І ў першую чаргу тэнісіст гуляе сам з сабой, ён не можа, як у боксе, кантактаваць, таму цяжка сказаць, хто фаварыт. Настрой вельмі добры, прыемная і баявая атмасфера ў складзе каманды і ўсёй групы, якая ўдзельнічае ў падрыхтоўцы гульцоў. Гэта абнадзейвае, бо адчуваецца, што проста так ніхто адсюль не з'едзе, — адзначыў капітан.

З аб'ектыўных прычын (з-за судовага працэсу з нагоды апекі над сынам) у сустрэчы не зможа згуляць лідар беларускага жаночага тэніса Вікторыя Азаранка.

— Я не змагу стаць часткай фіналу Кубка Федэрацыі сёлета. Сэрца разрываецца ад таго, што ў мяне няма шанцаў згуляць і дапамагчы Беларусі ў фінале, паколькі цяперашняя сітуацыя ўтрымлівае мяне ў Каліфорніі. Але, хоць я і не буду ў Мінску падчас фіналу, маё сэрца заўсёды з маёй краінай і маёй камандай, і я буду падтрымліваць яе на адлегласці. Гэты год быў цяжкі, але я ўжо гляджу наперад, у 2018-ы, каб неўзабаве зноў згуляць перад маімі балельшчыкамі. Як і заўсёды, хачу выказаць падзяку за падтрымку, якую вы мне аказваеце кожны дзень з дапамогай лістоў і паведамленняў. Калі я вярнуся, то буду лепшай і мацнейшай, чым калі-небудзь! — напісала Азаранка на адной са сваіх старонак у сацыяльнай сетцы.

Нагадаем, што ў гэтым сезоне беларускія тэнісісткі па чарзе перамаглі ў Мінску саперніц з Нідэрландаў (4:1) і Швейцарыі (3:2), а амерыканкі дома абыгралі зборныя Германіі (4:0) і Чэхіі (3:2).

Сустракаліся каманды ЗША і Беларусі толькі аднойчы ў першым раўндзе Сусветнай групы ІІ. Гэта было ў лютым 2012 года. За каманду Беларусі тады гулялі Вольга Гаварцова, Настасся Якімава і Дар'я Кустава. Перамогу на чале з лідарам зборнай Серэнай Уільямс у тым матчы атрымала каманда ЗША — 5:0.

Цяпер у камандным рэйтынгу жаночых зборных Беларусь займае другую пазіцыю, ЗША знаходзіцца на трэцім месцы, а наперадзе каманда Чэхіі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гэта будзе надзвычайны матч

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».