Вы тут

Лічыць сябе культурным і быць ім — дзве вялікія розніцы


Мы з Багуславам Антонавічам Боўбелем землякі. Ён родам з Валмэчкі, што кіламетры за тры ад нашых Кавалёўцаў, калі ісці напрасткі, цераз рэчку. І школу мы закончылі адну, праўда, Багуслаў Антонавіч — за дваццаць гадоў да майго нараджэння. Хутка ён з'ехаў у Мінск, усё жыццё адпрацаваў на МТЗ... Аб усім гэтым я даведалася з пісьма, якое наш шматгадовы чытач прыслаў у рэдакцыю на маё імя. Праўда, некаторыя звесткі са сваёй біяграфіі мой шаноўны суразмоўнік напісаў, мяркую, не дзеля таго, каб іх публікавалі, а каб выклікаць большы давер і ўвагу да таго, што ён напісаў далей.


А далей Багуслаў Антонавіч па пунктах распісаў тое, што хвалюе яго асабіста, і што, на яго думку, павінна хваляваць астатніх. І тут я з ім абсалютна салідарная, таму спяшаюся падзяліцца меркаваннямі і высновамі майго шаноўнага завочнага суразмоўніка.

«Вось мы захапляемся: ой, які чысты і прыгожы ў нас Мінск! Няма чым асабліва ганарыцца, шаноўныя: чысты не таму, што ніхто не смеціць, а таму, што за намі пастаянна прыбіраюць. Паглядзіце, што робіцца вакол прыпынкаў грамадскага транспарту, дзе дворнікі проста не спраўляюцца падмятаць услед за кожным. Ці бачылі вы калі чалавека, які, калі падышоў патрэбны транспарт, кіне недакурак у сметніцу? Не — ён шпурне яго або на праезную частку пад калёсы, або сабе пад ногі. А нядаўна мая знаёмая паслізнулася на кінутай кімсьці лупіне ад банана і зламала руку...»

А мне 7 лістапада — у трэці па ліку выхадны дзень — давялося ісці на работу. Тое, што наша вуліца ў спальным мікрараёне была літаральна загаджаная пластыкавымі бутэлькамі, пакетамі ад чыпсаў, іншай дрэнню — гэта, бадай што, не дзіва. Але што падобная дрэнь можа валяцца па вуліцы Сурганава, зусім побач з галоўным праспектам, на якой і жылых дамоў асабліва няшмат, — гэта было свайго роду адкрыццём.

«Культурныя жыхары сталіцы» дабраліся і сюды, а дворнікі таксама людзі, і ў іх былі выхадныя. Упершыню падумала пра тое, што, калі б у нас забаставалі на некалькі дзён супрацоўнікі камунальных службаў, сядзелі б мы па вушы ў смецці не менш за тых еўрапейцаў, з якіх у падобных выпадках ганарліва так, з прыхаванай паблажлівасцю (мы, маўляў, зусім не такія) любім пасміхацца... А дадайце яшчэ не сталічную — вяскова-дачную — тыповую менавіта для нашых шырот карціну, калі смецце вывозіцца ў найбліжэйшы лес ці хмызняк цэлымі вазамі ці прычэпамі мотаблокаў пры маўклівай згодзе бяздзейных назіральнікаў... Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца і хваліцца?..

Далей у сваім допісе Багуслаў Антонавіч закранае тэму, якую ў нашым сарамлівым грамадстве абмяркоўваць не прынята (мо таму і не прынята, што — сорамна?), — нашы паводзіны ў грамадскіх прыбіральнях. «Там жа, прабачце, стаць няма дзе. Можна і міма ўнітаза, па-свінску. Дома ж такое вытвараць не будзеш. А тут — чаму б і не. Прыбіральшчыца прыбярэ, ёй за гэта грошы плацяць...»

Тут, як кажуць, каментарыі залішнія, і кожны з нас ведае, пра што піша мой суразмоўнік. Не ратуе нават увядзенне аплаты за карыстанне WС. Іншая справа, што ў платным месцы агульнага карыстання тая самая прыбіральшчыца сапраўды ўвесь дзень адбівае сабе ногі, носячыся з вядром і швабрай паміж кабінкамі, таму ілюзію чысціні падтрымліваць удаецца. А калі прыбіральшчыца раптам захварэе ці не выйдзе на работу з нейкай іншай прычыны? Удакладняць, у чым літаральна за дзень патоне той грамадскі туалет, думаю, не трэба. Ужо не кажу пра кашмар кожнага, хто часта ездзіць у камандзіроўкі, — прыбіральні на маленькіх вакзалах у правінцыі, зайсці ў якія можна прымусіць сябе толькі пры вельмі пільнай неабходнасці. Прычым апошнім часам многія з іх паспрабавалі давесці да ладу, падрамантавалі, паставілі новае абсталяванне. Толку, праўда, ад гэтага няшмат — людзі ж і свядомасць іхняя засталіся тыя самыя...

«Яшчэ адна наша бяда — брыдкаслоўе. Здаецца, ідуць добра апранутыя, цвярозыя людзі, размаўляюць, а праз кожныя тры словы — мат. Прычым не саромеючыся, на ўвесь голас. Тое самае і калі гавораць па мабільным тэлефоне. І ў большасці сваёй гэта людзі маладыя. Мода гэта такая, ці што? Але ж гідка слухаць...»

Я нядаўна ў адной прадуктовай краме каля касы цікавую абвестку ўбачыла, не паленавалася нават перапісаць. «Асобы, якія мацюкаюцца, знаходзяцца ў нецвярозым стане і ў выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць, не абслугоўваюцца...» Вось бы нешта падобнае ва ўсіх крамах, кавярнях, грамадскім транспарце з'явілася. Прычым не толькі як намер, а як дзеянне. Але ж тады, крый божа, уся інфраструктура без прыбытку застанецца...

Яшчэ Багуслаў Антонавіч разважае і пра нашы паводзіны ў крамах самаабслугоўвання («Здавалася б, узяў, колькі трэба, ды ідзі на касу, дык не, будзе рыцца ў гэтых прадуктах, як свіння пад дубам») і ў рознага кшталту чэргах («Замест таго, каб стаяць хоць бы на адлегласці кроку адзін ад аднаго, штурхаюцца, ездзяць заплечнікам суседу па твары»...). І ўсё гэта можна было б успрыняць як буркатанне немаладога ўжо чалавека, назваць вечным канфліктам пакаленняў, калі б не вельмі красамоўная і трапная назва, якую наш чытач свайму філасофска-абуранаму допісу даў: «Наўздагон Году культуры і насустрач Еўрапейскім гульням»...

Можна набудаваць прыгожых аб'ектаў і вымыць нават з мылам вуліцы, можна ўсім вывучыць некалькі фраз па-англійску і навучыцца ўсміхацца кожнаму сустрэчнаму з нагоды і без яе. А вось авалодаць тым, што называецца культурай паўсядзённага побыту, — справа нашмат больш складаная, і ніякія адміністрацыйныя меры і захады тут не дапамогуць. І пакуль будзем кідаць смецце міма сметніцы і хадзіць, выбачайце, па патрэбе міма ўнітаза — ці маем мы права чакаць ад тых жа іншаземцаў, якіх так шчыра да сябе запрашаем, што яны паедуць адсюль толькі з пазітыўнымі ўражаннямі?

Дарэчы, пра іншаземцаў. Нядаўна давялося працаваць з вынікамі аднаго цікавага сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася пару гадоў назад сярод жыхароў нашай краіны і нашых суседзяў. Дык вось, згодна з імі, як вы думаеце, хто найперш лічыць, што мы талерантныя, гасцінныя, працавітыя? Правільна — мы самі... Яно, канешне, лічыць нашмат прасцей, чым адпавядаць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Фота moya-planeta.ru

Загаловак у газеце: Колькі вуліцу ні мяці...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».