Вы тут

Пенсійны стаж і навацыі ў Банкаўскім кодэксе


Чарговае пасяджэнне трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу было прысвечана разгляду законапраектаў, што датычацца міжнароднай, фінансавай і сацыяльнай сфер.


Асаблівую цікавасць у дэпутатаў выклікаў дакумент са змяненнямі і дапаўненнямі ў Закон «Аб пенсійным забеспячэнні». Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ нагадала, што ў студзені бягучага года былі ўнесены змяненні ў Закон «Аб пенсійным забеспячэнні». Тады вельмі праблемным было пытанне так званай пенсійнай пасткі. У яе трапляюць некалькі катэгорый грамадзян. Гэта ваенныя, што не выпрацавалі ваенны стаж; людзі, якія даглядаюць інвалідаў і не маюць магчымасці «напрацаваць» стаж...

— Мы для іх таксама знізілі страхавы стаж да дзесяці гадоў, — паведаміла міністр.

Расказала Ірына Касцевіч і пра абноўленую версію Дэкрэта №3. Гэта версія дакумента знаходзіцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

— Сакрэтаў ніякіх няма, — адзначыла кіраўнік ведамства. — Ужо неаднаразова казалі, што абноўленая версія Дэкрэта №3 накіравана перш за ўсё на садзейнічанне і стымуляванне занятасці ў дачыненні да тых грамадзян, якія сапраўды хочуць працаваць.

Ігар КОЛБ, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, выступіў судакладчыкам па праекце закона, што ратыфікуе міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Кітаем аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рамках эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Ён адзначыў, што ратыфікацыя пацягне за сабой развіццё аўтамабільных, чыгуначных перавозак.

— Відаць, будзе станоўчы ўплыў на стан транспартнай інфраструктуры, — лічыць парламентарый. — Гэта крок наперад.

Што да прыцягнення ў нашу краіну кітайскіх інвестыцый, то тут надзейным інструментам, па словах Ігара Колба, стане стварэнне свабодных эканамічных зон, лагістычных баз, спрашчэнне мытнага заканадаўства, «каб перамяшчэнне грузаў ішло па больш спрошчанай форме».

Людміла ДАБРЫНІНА, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, расказала пра законапраект, што ўносіць змяненні і дапаўненні ў Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь. Дакумент праходзіў праз яе камісію.

— Актыўна развіваецца банкаўская сфера, што, безумоўна, патрабуе змяненняў адпаведнага заканадаўства — у прыватнасці Банкаўскага кодэкса, — адзначыла старшыня профільнай камісіі. — Перш за ўсё навацыі скіраваны на ўдасканаленне дзейнасці нябанкаўскіх фінансава-крэдытных арганізацый. Гэтыя арганізацыі працуюць у нас з 2001 года, іх актыўнасць павялічылася ў 2015—2016 гадах. Усе мы ведаем нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю АРІП (Адзіная разліковая інфармацыйная прастора). Удасканаленне заканадаўства ў гэтай галіне дазволіць павысіць якасць банкаўскіх паслуг.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота thinktanks.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.