24 Верасень, панядзелак

Вы тут

У Мінску праходзіць Нацыянальны фестываль архітэктуры


Форум праводзіцца ўжо дванаццаты раз, і сёлета ён прымеркаваны да 950-годдзя Мінска. Адной з галоўных падзей феcтывалю стане міжнароднае біенале маладых архітэктараў «Леанарда», а таксама агляд-конкурс на самы лепшы архітэктурны твор.


— Нацыянальны фестываль архітэктуры выяўляе прагрэсіўныя ідэі, рашэнні і новыя творчыя імёны. Гэта форум таленавітых, натхнёных людзей, здольных думаць па-наватарску. Ён стаў адной са значных падзей у творчым і культурным жыцці Беларусі і спрыяе фарміраванню іміджу Мінска. На працягу апошніх гадоў вядомыя архітэктары дэманструюць інавацыйныя падыходы да архітэктурнай і горадабудаўнічай палітыкі Мінска, пад уплывам якіх сфарміраваўся новы вобраз сучаснага мегаполіса, — заўважыў на цырымоніі адкрыцця віцэ-прэм'ер Васіль ЖАРКО.

Такім чынам, фестываль — гэта не толькі збор спецыялістаў, гатовых падзяліцца сваімі ідэямі, але і нагода для замежнікаў па-новаму зірнуць на прыгажосць і гасціннасць Мінска. А паглядзець сапраўды ёсць на што: на думку прэм'ер-міністра, сярод архітэктурных візітных картак беларускай сталіцы — Палац Рэспублікі, Палац Незалежнасці, Нацыянальная бібліятэка, Музей Вялікай Айчыннай вайны, Чыгуначны вакзал, гатэль «Рэнесанс» і іншыя аб'екты.

— Мы пастаянна ўдасканальваем фармат мерапрыемства і гэты раз праводзім не толькі традыцыйныя конкурсы, майстар-класы, круглыя сталы, але таксама ў рамках форуму асобна пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 150-годдзю архітэктара Івана Жаўтоўскага. Гэта савецкі архітэктар, чые творы ўпрыгожваюць Маскву і Санкт-Пецярбург, але нарадзіўся і сфарміраваўся як асоба і прафесіянал ён у Пінску. Для нас важна, што фестываль не толькі свята дойлідаў, мы хочам, каб гэты форум станавіўся магнітам для гараджан, каб людзі маглі пазнаёміцца з апошнімі работамі архітэктараў, знайсці нешта цікавае для сябе, выхаваць свой густ. Магчыма, на фестывальныя выстаўкі бацькі прывядуць сваіх дзяцей, якія здзівяцца ўбачанаму, і не выключана, што ў будучыні яны стануць архітэктарамі, — адзначыў намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый СЕМЕНЯКЕВІЧ.

Усяго за тры дні фестывалю пройдзе каля 40 выставак. Наведвальнікі Палаца мастацтва, дзе размясцілася экспазіцыя, змогуць азнаёміцца з усімі гранямі сучасных архітэктуры і дызайну. Тут і прэзентацыі завершаных і яшчэ не да канца рэалізаваных праектаў ад комплексаў міжнароднага значэння да прыватных дамоў і кватэрных інтэр'ераў. І індывідуальныя экспазіцыі скульптараў і мастакоў. Асобная пляцоўка выдзелена, здавалася б, такому простаму прадмету інтэр'ера, як крэсла, у стварэнні якога фантазія дызайнераў дакладна не ведае межаў. Зэдлік з вушамі слана ў ролі крылаў або крэсла, сядзенне якога зроблена з цвікоў, што тырчаць угору, — гэта яшчэ толькі «кветачкі»... Сярод удзельнікаў не толькі беларусы, можна, напрыклад, падрабязна пазнаёміцца з сучаснай архітэктурай Паднябеснай — ёю немагчыма не ўразіцца.

Што да біенале «Леанарда», то ў ім свае работы нароўні з беларусамі прадставяць маладыя архітэктары з 17 краін: Расіі, Малдовы, Украіны, Кыргызстана, Славеніі, Харватыі, Італіі, Грэцыі, Польшчы і іншых. Усяго — больш за 120 праектаў. Па словах старшыні Беларускага саюза архітэктараў Аляксандра Корбута, конкурс можна назваць унікальным. Такіх міжнародных форумаў сярод маладых архітэктараў усяго тры-чатыры ў свеце. У Міжнародным саюзе архітэктараў ён мае вялікую падтрымку. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 11 лістапада — у дзень закрыцця фестывалю.

Уваход на ўсе мерапрыемствы форуму вольны.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Унікальны конкурс і 40 выставак за тры дні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.