Вы тут

Хто ўладарыць у лічбавай прасторы


Ці можна вымяраць інфармацыйную прастору тэрабайтамі, мегабайтамі? Ці можна лічыць экзэмплярам электронны прадукт? Пытанні турбуюць даследчыкаў. Цікава ў гэтай сувязі звярнуцца да Міжнароднага кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання». Так, з’яўленне сеткавага асяроддзя і, адпаведна, электронных тэкстаў вымагае новага погляду на вывучэнне тэкстаў сучаснай культуры. Узнікаюць электронныя бібліятэкі з калекцыямі электронных тэкстаў. З’яўляецца так званая сеткавая літаратура. Некаторыя даследчыкі вылучаюць яе падвідам мастацкай літаратуры. Іншыя лічаць (у прыватнасці Алена Брыш, вядучы бібліёграф НББ), што сеткавая літаратура — своеасаблівы падрыхтоўчы этап у літаратурнай творчасці, бо пасля трансліравання твораў у сетцы аўтары ўсё ж іх потым друкуюць. Нарвежскі даследчык Э. Аарсэт уводзіць ва ўжытак паняцце «кібертэкст» — гэта значыць механічная арганізацыя літаратурнага тэксту ў сетцы.


E-Book?

Электронная кніга атрымала шырокае распаўсюджанне пасля ўкаранення ў камп’ютарную практыку мініяцюрных карт памяці. Некаторыя даследчыкі лічаць, што электроннай можа называцца толькі гіпертэкставая кніга, бо яе тэкст нельга прадставіць у друкаваным выглядзе: яе чытанне перастае быць лінейным (ад першай да апошняй старонкі), а становіцца выбарачным, «пошукавым» і адначасова ў шматлікіх фрагментах твора.

Востра неабходна лічбавае асяроддзе нацыянальнай бібліяграфіі. Украінскія калегі стварылі «Дапаможнік для нацыянальных бібліяграфій у эпоху лічбавых тэхналогій», які потым трансфармаваўся ў рэсурс «Лепшыя практыкі для нацыянальных бібліяграфічных агенцтваў у лічбавую эпоху». У рэестры нацыянальных бібліяграфій прадстаўлена інфармацыя пра нацыянальныя бібліяграфіі 45 краін свету, адзначыла Лілія Пракапенка з Кіеўскага ўніверсітэта імя Б. Грынчанкі. Бібліятэчна-інфармацыйная сістэма сёння аб’ядноўвае папяровыя і электронныя рэсурсы. Вэбпрадстаўніцтва і свабодны доступ да сусветных электронных рэсурсаў сталі звыклымі для карыстальнікаў, якія ўсё шырэй выкарыстоўваюць мабільныя дадаткі. Таму становяцца запатрабаванымі дыстанцыйныя паслугі. Ствараюцца паўнатэкставыя электронныя калекцыі, тэматычныя, рэфератыўныя, фактаграфічныя, бібліяграфічныя базы даных, лічбавыя архівы. «Разам з тэндэнцыяй змяншэння фізічнага наведвання і кнігавыдачы ў параўнанні з папярэднімі гадамі назіраецца значнае павышэнне наведванняў старонак бібліятэк, у прыватнасці карыстання электроннымі каталогамі і галіновымі паўнатэкставымі калекцыямі», — заўважыла малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага Алена Сокур. Стварэнне навуковай інфармацыйнай прасторы актывізуе інфармацыйныя абмены паміж даследчыкамі і карыстальнікамі.

Цікавую і каштоўную распрацоўку прапанавалі спецыялісты з Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі. У 2013 г. завершана распрацоўка варыянта аўтаматызаванай бібліятэчна-інфармацыйнай сістэмы АБІС БІТ-НТБ, што прадугледжана для аўтаматызацыі малых і сярэдніх публічных навукова-тэхнічных бібліятэк (рэгіянальных, раённых). Выключная вартасць — сістэма не патрабуе ліцэнзіі, што памяншае кошт выдаткаў бібліятэкі.

Новы падыход

Якімі якасцямі і прафесійнымі навыкамі павінен валодаць бібліятэкар у эру лічбавых тэхналогій? Перш за ўсё спецыялістам новай фармацыі патрэбны аналітычныя ўменні (найбольш запатрабаваны інфармацыйныя аналітыкі), здольнасць выкарыстоўваць інструменты менеджменту, канстатуецца з замежнага досведу, да якога звярнулася Юлія Галкоўская, дацэнт кафедры менеджменту БДУКіМ. Немагчыма і без разумення і класіфікацыі метаданых, досведу ў стварэнні лічбавага кантэнту і кіравання ім. Новае пакаленне спецыялістаў павінна валодаць таксама крэатыўнымі, творчымі, тэхнічнымі ўменнямі, здольнасцямі каманднай работы. Замежны досвед дае падставу паразважаць наконт напаўнення вучэбных праграм сучасных бібліятэкараў у адпаведнасці з патрэбамі часу, лічыць Юлія Галкоўская. У гэтым перадумовы для падрыхтоўкі канкурэнтаздольных, запатрабаваных прафесіяналаў-бібліятэкараў.

Павышаць кваліфікацыю вучэбных праграм, дысцыплін, вучэбна-тэматычных планаў і зместу з прычыны пастаянных змен у бібліятэчна-інфармацыйных рэаліях прапанавала Наталля Люцко, аспірант БДУКіМ. Бібліятэчная педагогіка, на яе думку, патрабуе новых адукацыйных модуляў, здольных павысіць практычную дзейнасць спецыяліста. Адной з найважнейшых задач сучаснай бібліятэчнай адукацыі Наталля Люцко бачыць павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў універсітэцкіх бібліятэк і прапануе апрабацыю вучэбнага курса для кіраўніцкіх кадраў універсітэцкіх бібліятэк Беларусі «Бібліятэчная кваліметрыя».

У польскім Зеленагурскім універсітэце на факультэце гуманітарных навук навучанне арганізавана па спецыяльнасцях «Бібліятэкар адукацыі», «Інфармацыйны рэдактар», а з кастрычніка 2011 г. адкрылі спецыяльнасць «Брокер інфармацыі». Інфармацыйны брокер павінен не толькі шукаць інфармацыю, але і аналізаваць яе і апрацоўваць. Інфармацыйны брокер рыхтуецца як брокер ведаў, даследчык, інфармацыйны дылер, кібербібліятэкар, пасрэднік паміж інфармацыйнымі рэсурсамі і карыстальнікамі.

Умовай станоўчага іміджу бібліятэкі і бібліятэчнага спецыяліста павінна стаць пазіцыянаванне сябе ў інтэрнэце, упэўнена Алена Казленка, дацэнт БДУКіМ, якая правяла даследаванне працэсаў стэрэатыпізацыі бібліятэчнай прафесіі. На яе думку, разам з традыцыйнымі прафесійнымі абавязкамі бібліятэкару важна паказваць сваю працу грамадскасці: даваць інфармацыйныя нагоды на навінавыя сайты, удзельнічаць у абмеркаванні навін бібліятэчнай тэматыкі, ствараць асабісты кантэнт навін.

Свая журналістыка?

Бібліятэкам трэба шукаць новыя спосабы прыцягвання чытачоў, упэўнена Вольга Касачова, старшы выкладчык кафедры тэлерэпарцёрскага майстэрства Харкаўскай дзяржаўнай акадэміі культуры. Бібліятэчная журналістыка — гэта эфектыўны сродак уключэння бібліятэк у дынамічную карціну свету. Спецыяліст раіць бібліятэкам выкарыстоўваць досвед прафесійных СМІ, каб уздзейнічаць на фарміраванне так званага парадку дня: прапанаваць кнігі і карысныя сайты для аналізу падзеі.

Бібліятэкі ўздзейначаюць на сацыяльныя медыя і іншыя СМІ, мяркуе Вольга Касачова. Гаворачы пра бібліятэчную журналістыку Украіны, спецыяліст заўважае, што навінавая тэматыка бібліятэк прадстаўлена пераважна вузкімі элітарнымі культурнымі тэмамі, у той час як большасць грамадзян, занятых эканамічнымі, грамадскімі праблемамі, застаюцца па-за ўвагай бібліятэчнай журналістыкі. Супярэчлівым спецыяліст лічыць тое, што бібліятэкі надаюць асноўную ўвагу асвятленню ўласных культурных мерапрыемстваў. Бібліятэчную журналістыку асобныя даследчыкі разглядаюць у розных аспектах: як вучэбную дысцыпліну, як сродак прафесійнага развіцця бібліятэкараў, як аналаг масавай работы бібліятэк. У Харкаўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэцы імя У. Г. Караленкі з 2013 г. працуе Школа бібліятэчнага журналіста. Вольга Касачова мела на мэце суаднесці навінавую тэматыку прафесійных СМІ і навінавых стужак на бібліятэчных сайтах. Спецыяліст абвяргае разуменне бібліятэчнай журналістыкі як распаўсюджвання інфармацыі толькі з выдавецкай, кнігагандлёвай і бібліятэчнай справы і бібліяграфіі і прапануе дадаць інфармацыі з розных сфер (дзеля вырашэння культурных, грамадскіх праблем на аснове сусветнай кніжнай спадчыны).

У лічбавую эру пашыраюцца магчымасці для даследчыкаў кніжнай культуры: азнаёміцца з рэдкім выданнем можна анлайн. Лічбавая бібліятэка папаўняецца сканамі і метаданымі. Спецыялісты знаходзяць шмат пераваг на карысць электронных копій: яны не дэградуюць, як папяровы носьбіт, пры неаднаразовым выкарыстанні; пераадольваюцца геаграфічныя межы; пашыраецца аўдыторыя карыстальнікаў. Рэдкія і асабліва каштоўныя кнігі раяць разглядаць не толькі як спецыфічную частку культурнай спадчыны, але і як важны, унікальны, запатрабаваны складнік інфармацыйных рэсурсаў, да якіх павінен быць свабодны доступ.

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Кібербібліятэкар?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».