Вы тут

Гонар за асоб супраць безасабовай памяці


Мемарыялізацыя пісьменніцкіх імёнаў як усеагульны клопат

Зазірнуў у статыстыку (калі ў нечым памыліўся, прабачце, але, здаецца, інфармацыя досыць поўная), каб высветліць, чыімі імёнамі названы бібліятэкі краіны. Так, Нацыянальная бібліятэка Беларусі не носіць імя пісьменніка ці асветніка альбо грамадскага ці дзяржаўнага дзеяча. Шкада… А што з іншымі бібліятэкамі?..


Колькі з іх услаўляюць Якуба Коласа ці Янку Купалу ці каго яшчэ з пісьменнікаў, чыя творчасць захапляе і сёння ўсіх, хто шануе родную мову, беларускую культуру? Налічыў 61 бібліятэку. Толькі адна з абласных бібліятэк носіць імя беларускага навукоўца, асветніка, літаратуразнаўца, мовазнаўца Я. Карскага. Гэта Гродзенская абласная… Імя Якуба Коласа — у васьмі бібліятэк. З раённых Коласаўскай з’яўляецца Слонімская… Ёсць бібліятэкі з імем народнага песняра ў Мінску (у тым ліку — Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі), у Пінску — гарадская дзіцячая, у Віцебску — дзіцячая бібліятэка-філіял № 10, у Наваполацку, Гомелі, Магілёве…

Імёны Янкі Купалы нададзены сямі бібліятэкам. І ў тым ліку — Ляхавіцкай, Крупскай, а яшчэ Цэнтральнай бібліятэцы ў Мінску. Каго ж з іншых майстроў прыгожага пісьменства бібліятэкі краіны ўганаравалі наданнем сваім асветніцкім установам іх імёнаў? Францыска Скарыну, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Янку Маўра, Васіля Вітку, Валянціна Таўлая, Ніну Мацяш, Васіля Праскурава, Піліпа Пестрака, Міколу Засіма, Петруся Броўку, Еўдакію Лось, Еўфрасінню Полацкую, Міхася Лынькова, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Цётку, Ганну Новік, Паўлюка Труса, Анатоля Астрэйку, Максіма Танка, Барыса Мікуліча, Івана Чыгрынава, Івана Пехцерава, Барыса Стральцова, Міколу Ткачова. Хацелася б паставіць шматкроп’е і пералік доўжыць. Ды не атрымліваецца чамусьці. І ў прынцыпе зразумела, чаму…

Дзе бібліятэкі, якія маглі б насіць імёны народных паэтаў і народных пісьменнікаў?.. Кандрата Крапівы, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Івана Навуменкі, Янкі Брыля… Дзіўна, што бібліятэкары не ініцыіруюць такія праекты, звязаныя з мемарыялізацыяй слаўных імёнаў.

Тут, пэўна, і самім творчым арганізацыям краіны трэба парупіцца, выступіць ініцыятарамі тых ці іншых прапаноў. У сёлетнім лістападзе спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. А яшчэ — 130 гадоў з дня нараджэння Цішкі Гартнага. І — 80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Лукшы. Дарэчы, у Полацку і Наваполацку шмат зроблена для ўшанавання пісьменнікаў. Там бібліятэкі носяць імёны Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Францыска Скарыны. Валянцін Лукша неймаверна шмат зрабіў для развіцця кнігавыдання ў галіне дзіцячай літаратуры. Шмат гадоў кіраваў выдавецтвам «Юнацтва». Самым цесным чынам лёс паэта, празаіка, драматурга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь звязаны з Наваполацкам і Полацкам. Чаму б не ўшанаваць яго імем адну з бібліятэк у адным ці другім горадзе?

У 2018 годзе спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Ці з’явіцца на Магілёўшчыне бібліятэка яго імя? А яшчэ ж — юбілеі пачынальнікаў беларускай літаратуры В. Дуніна-Марцінкевіча, Каруся Каганца… Вось тут стаўлю шматкроп’е. Бо юбілеяў і нагод звышдастаткова.

Максім ПАВЯЛЕЦКІ, г. Мінск

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Кіраўнікі дзяржорганаў працавалі на сваёй малой радзіме.

Грамадства

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Разбіралася карэспандэнт «Звязды».

Грамадства

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

Прафесар у галіне машынабудавання на пенсію яшчэ не збіраецца.