Вы тут

Пра што спявае вецер?


У Малой зале Белдзяржфілармоніі 8 лістапада — чарговая сустрэча з камернымі творамі беларускіх кампазітараў. Праект існуе ўжо трэці год. Першапачаткова задумваўся як канцэрт з твораў беларускіх аўтараў у выкананні Міхаіла Канстанцінава. Але «Трамантана» перарасла ў сапраўдны фестываль сучаснай беларускай камернай музыкі. Ужо першы канцэрт прайшоў з аншлагам. Тады і з’явілася ідэя рабіць яго штогод. За тры гады ў канцэрце ўзялі ўдзел шматлікія беларускія кампазітары, сярод якіх — як масцітыя аўтары Галіна Гарэлава, Валерый Воранаў, Віктар Войцік, Уладзімір Каральчук, так і маладыя Вячаслаў Пяцько, Кацярына Шымановіч, Сяргей Бадалаў, Алена Гуціна, Андрэй Цалко.


Канцэртныя праграмы ахопліваюць самы шырокі стылявы дыяпазон: ад неарамантызму ў музыцы Галіны Гарэлавай да авангардных пошукаў Валерыя Воранава. Дарэчы, яго твор «Трамантана», што прагучаў у першым канцэрце, і даў назву фэсту. Слова азначае паўночны вецер, які нясе перамену надвор’я. Ужо цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што «Трамантана» ўносіць змены і ў клімат беларускай акадэмічнай музыкі, натхняючы кампазітараў на творчы пошук і эксперымент.

Напрыклад, сёлета гледачы атрымаюць магчымасць акунуцца ў тонкую паэтычную атмасферу Усходу ў творы Алены Гуцінай «Музыка ветру для флейты і тыбецкай чашы, якая спявае».

Сюіта для гітары і ўдарных «Сем элегій Лі Бо», па словах аўтара Галіны Гарэлавай, была натхнёная талентам двух музыкаў — выканаўцы на ўдарных інструментах Міхаіла Канстанцінава і гітарыста Паўла Бельскага. Кожнай з 7 частак папярэднічае эпіграф з узрушальнай паэзіі кітайскага генія. Праз сачыненне маладога аўтара Андрэя Цалко «Пакора» для баяна гледачы паглыбяцца ў трывожную містычную атмасферу.

Элементы тэатра прысутнічаюць і ў рамансе Вячаслава Пяцько «Павук» на вершы Максіма Багдановіча. У праграме шмат вакальнай музыкі. Творчая фантазія аўтараў накіраваная на тэмбравыя пошукі. Напрыклад, у цыкле Аліны Безенсон «Мы развучыліся слухаць цішыню» акрамя голасу і фартэпіяна прысутнічаюць ударныя інструменты. А Алена Атрашкевіч у вакальным цыкле «Чатыры жаночыя песні» абышлася без традыцыйнай падтрымкі фартэпіяна.

Голас гучыць у суправаджэнні балалайкі. Багацце магчымасцяў сольных інструментаў — фагота, скрыпкі, фартэпіяна — у творах Кацярыны Шымановіч, Ларысы Сімаковіч, Віктара Войціка. «Трамантана» з года ў год імкнецца прадэманстраваць разнастайнасць беларускай камернай музыкі.

 Любоў СЫЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.