Вы тут

Традыцыйны, класічны, жаночы: акардэон


Адной з галоўных зорак фестывалю Башмета сёлета стала Ксенія Сідарава, выпускніца лонданскай Каралеўскай акадэміі, уладальніца прэміі прынца Уэльскага і «Вялікай музычнай узнагароды» Латвіі. Выканаўца падзялілася думкамі пра адчуванне свайго інструмента.


— Ці заўважаеце адрозненні ва ўспрыманні музыкі ў розных краінах, калі гастралюеце па свеце?

— Інструмент, з якім я выступаю, лічыцца нацыянальным у многіх краінах. Але класічную музыку на ім слухаюць з некаторай асцярогай. Многія нават не падазраваюць, што акардэон бывае класічным. Ведаю, што ў Беларусі акардэонныя традыцыі вельмі развітыя. А часам я бываю ў такіх мясцінах, дзе людзі насамрэч нячаста сустракаюцца з акардэонам ці баянам. Але, калі слухаюць з адкрытай душой, не важна, на чым іграць.

— Аднойчы вы сказалі, што адмаўляецеся ад твора, калі ён несправядлівы ў адносінах да інструмента. У чым заключаецца гэтая несправядлівасць?

— Я мела на ўвазе новую музыку. Як выканаўца я нясу адказнасць і за слухача, і за інструмент. Безумоўна, я павінна паказаць думку кампазітара. Калі ты з гэтай думкай не пасябруеш, то і мэсэдж не прынясеш аўдыторыі. Таму я іграю тое, у чым адчуваю сябе ўпэўнена і дзе акардэон найлепш раскрываецца.

— З якімі памылковымі ўяўленнямі наконт акардэона сутыкаецеся часцей?

— Яны, напэўна, усе маюць падставу, і ў гэтым ёсць праўда. Напрыклад, тое, што акардэон — мужчынскі інструмент. Па тэлебачанні з даўніх часоў бачым, што вельмі рэдка на ім іграюць жанчыны. Але найбольшая памылка ў тым, што акардэон не можа быць класічным. І сёння ёсць тыя, хто называе інструмент фальклорным, проста не ведаючы яго магчымасцей ці адмаўляючыся верыць у існаванне іншых магчымасцей. З новай сістэмай, якая з’явілася ў 1960-х у Італіі, на акардэоне можна сыграць што заўгодна: знакамітыя класічныя творы, нават фартэпіянныя канцэрты Бетховена. У самых знакамітых залах акардэон і баян гучаць ярка і гучна. І выканаўцаў насамрэч шмат. Таму я проста жадаю, каб было больш новых кампазітараў. Менавіта яны — тыя, хто дае нашаму інструменту ідэнтычнасць. У іншых ужо ёсць літаратура на стагоддзі, а ў нас яна яшчэ толькі развіваецца, хоць ужо даволі багатая і для пачынаючых выканаўцаў, і для выканаўцаў высокага ўзроўню.

— Сёння ўрокі музыкі даступныя для любой сям’і. Але ці шмат значыць якасная музычная адукацыя?

— Я нарадзілася ў Латвіі, дзе захаваўся савецкі падыход да музычнай адукацыі — даступнасць музычных школ. Цяпер існуюць і прыватныя. Некаторыя думаюць, што такія школы лепшыя. Я так не лічу. Я сама хадзіла ў дзяржаўную музычную школу, якая дала мне ўсю асноўную базу. Усюды рэкламую такі метад.

 — Вы таксама ладзіце дзіцячыя майстар-класы. Што найперш імкняцеся данесці вучням?

— Трэба зрабіць так, каб пасля тваіх заняткаў чалавек хацеў іграць яшчэ. Пакінуць любоў да музыкі. Я бачыла розны ўзровень, розны рэпертуар у дзяцей аднаго ўзросту. Калі ты праводзіш майстар-класы, то не бачыш дзіця так часта, як бачыць яго настаўнік. Наўрад ці магчыма за гадзіну штосьці змяніць. Але натхніць і нагадаць пра тое, што ёсць музыка, — вось што самае галоўнае.

Марыя СТРАХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?