Вы тут

Я падумаю пра гэта «Заўтра»


Прарыў, сенсацыя, падзея ў беларускім кіно.

Сёлета ў нашым кінематографе здарылася маленькая нечаканасць: упершыню ў гісторыі кінафестывалю «Лістапад» беларуская карціна ўвайшла ў конкурс «Маладосць на маршы». Гэтай карцінай аказалася дэбютная поўнаметражная работа маладой аўтаркі Юліі Шатун «Заўтра» пра звычайную беларускую інтэлігентную пару і яе штодзённую жыццёвую руціну. Рэжысёр зняла карціну сама з супермінімальным бюджэтам — абмінаючы рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, мясцовых ці якіх яшчэ прадзюсараў, пітчынгі, фонды і гранты, і з'явілася яна нечакана, можна сказаць, з ніадкуль. І вось пасля інтрыгуючай навіны пра ўключэнне беларускага фільма аўтара, пра якога ты ніколі не чуў, у два лістападаўскія конкурсы ў выніку ты глядзіш карціну і думаеш... Юлечка, дзе вы былі раней?


З сёлетняга нацыянальнага конкурсу «Лістапада» (фільм «Заўтра» быў уключаны ў праграмы нацыянальнага конкурсу і конкурсу «Маладосць на маршы»), які збірае найлепшае беларускае кіно апошняга часу, я бачыла не так і шмат. Але ў кантэксце ўсяго, што ведаю пра айчынны кінематограф, фільм Юліі Шатун выглядае нечым надзвычайным. Поўнаметражнае, прадуманае, трапнае, са сваім стылем і атмасферай, безбюджэтнае незалежнае кіно — сімвал выключнасці і пераможнасці ўзроўню чырвонага сцяга ў культавым «Браняносцы Пацёмкіне» Сяргея Эйзенштэйна.

Аўтарка здолела без перабольшанняў, скажэнняў і маніпуляцый паказаць свет, у якім мы з вамі жывём. Яна зняла яго непрадузята, без дыдактыкі і пагарды і нават напоўніла яго халоднай, але любоўю. Тут усё і проста і складана адначасова, вы з лёгкасцю разложыце сюжэт фільма на складальныя часткі і ў яго беспадзейнасці ўбачыце пэўную шэдэўральнасць. У вобразе наваколля зловіце своеасаблівую мінімалістычную, урбаністычную, шэрую эстэтыку. У непрафесійных акцёрах (галоўнымі героямі карціны сталі сваякі Юліі Шатун) вас зачэпіць чуллівая вуглаватасць і абсалютная арганічнасць. «Заўтра» — ціхае, узважанае, далікатнае і вельмі разумнае кіно.

Сюжэт карціны не будуецца па класічнай драматургічнай схеме і не развівае ніякага канфлікту, а хутчэй зацягвае ў пэўную медытатыўную, ныюча несімпатычную руціну, няспешна ўзнаўляе на экране некамунікацыю Антаніёні і прымушае задацца пытаннем аб яе прычынах. Гаворка ідзе пра мужа і жонку — інтэлігентную сям'ю, якая жыве ў невялікім беларускім горадзе, злаўчаецца эканоміць, займаецца сціплым бытам, клапоціцца пра сына, які вучыцца ў сталіцы, расцягвае рамонт, святкуе гадавіну. Усё разліваецца па экране размераным апавяданнем, якое складаецца з надзвычай трапна ўвасобленых жыццёвых эпізодаў.

Вось галоўны герой, былы настаўнік англійскай мовы, тэлефануе па аб'явах у пошуках работы (даволі распаўсюджаны ў кіно эпізод, з якога ў гэтым выпадку фільм пачынаецца, калі глядач толькі ў працэсе прыняцця новага для сябе свету). Вось ён, з мужчынскім дзелавым партфелем, разносіць рэкламныя лістоўкі па паштовых скрынях. Вось сям'я вячэрае з уключаным тэлевізарам (з якога гучаць невыпадковыя рэчы). Вось галава сям'і адносіць на рынак чарговы ўзнос за куртку, набытую для сына. Вось ён дорыць жонцы на гадавіну шпалеры. Вось ён гуляе ў латарэю... і гэтак далей.

І ты глядзіш карціну, згаджаешся з кожным кадрам, даверліва пранікаешся ідэяй аўтаркі і быццам разумееш яе пасыл, гэтыя экранныя дні, што расцякаюцца соусам, правілы і заканамернасці гэтага жыцця, і раптам — хоць нават слова «раптам» гучыць занадта эмацыянальна, насамрэч усё прайшло так жа роўна — у жыцці персанажаў здараецца нешта незвычайнае. Латарэйны білет прыносіць удачу, і галоўны герой выйграе пуцёўку ў цёплую краіну на дваіх. Думаеце, гэта нешта зменіць у цягучым жыцці сям'і з глыбінкі?

Я зрасходавала пазітыўныя эпітэты для гэтага нечаканага для беларускага кіно фільма, але маю адчуванне, што з такой жа станоўчай рэакцыяй да карціны «Заўтра» паставіцца звычайны глядач. Таму што фільм Юліі Шатун — шчыры погляд на тую сістэму жыцця, якая склалася ў нашым грамадстве. Таму што аўтарка не выносіць сябе за межы таго свету, які адлюстроўвае з жалем за тое, што ён з'яўляецца менавіта такім. Таму што ў паглынаючай безнадзейнай і няўсмешлівай руціне ёсць патэнцыял і хаваецца ён якраз у героях, то-бок увогуле ў людзях. І таму што нам лёгка раздзяляць цёплую надзею, з якой рэжысёр завяршае карціну. Так, у спалучэнні ўсяго вышэй пералічанага — такая сабе бездакорнасць, якой не спатрэбілася ні рубля з рэспубліканскага бюджэту. Брава. Нарэшце я гатова стоячы апладзіраваць сучаснаму беларускаму ігравому фільму.

Ірэна Кацяловіч

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?