Вы тут

Як не згубіць кватэру і грошы ў рыэлтарскіх агенцтвах?


Рыэлтарскія арганізацыі, якія парушаюць правілы рэкламавання аб'ектаў нерухомасці і аказання сваіх паслуг, ідуць на гэта наўмысна, упэўнены ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі. Адпаведна, нядбайныя агенцтвы павінны быць гатовыя да рэагавання і пакарання з боку Мінюста. Пры гэтым за грубае парушэнне аднаго члена каманды можа пацярпець і згубіць ліцэнзію ўся кампанія.


Няма дагавора — няма рэкламы

Абапіраючыся на скаргі спажыўцоў, Мінюст праверыў дзейнасць ТАА «Твая кватэра». Яго супрацоўнікі размяшчалі ў інтэрнэце рэкламу кватэр у арэнду. Калі патэнцыйныя арандатары цікавіліся пэўнай прапановай, іх абавязвалі заключаць з агенцтвам дагавор на аказанне рыэлтарскіх паслуг, заплаціўшы пяць базавых велічынь. Толькі пасля гэтага мог адбыцца паказ нерухомасці. Пры гэтым асобныя работнікі агенцтва абгрунтоўвалі свае патрабаванні ўказаннем Мінюста.

Як высветліла праверка, законных падстаў для рэкламавання кватэр у арэнду ў «Тваёй кватэры» не было. З уласнікамі нерухомасці, прадстаўленай у сеціве ад імя агенцтва, дагаворы на аказанне паслуг не заключаліся. Таксама не пацвердзілася жаданне ўладальнікаў кватэр, каб іх уласнасць нехта арандаваў праз гэтую арганізацыю. У выніку службовая асоба агенцтва прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне правілаў ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасці. «Тваёй кватэры» вынесена прадпісанне аб ліквідаванні выяўленых парушэнняў і ўстаноўлены пэўны тэрмін для гэтага.

Толькі ўласнік кватэры, які заключыў дагавор з агенцтвам, з'яўляецца заказчыкам рыэлтарскіх паслуг і аплачвае іх кошт. У сваю чаргу, арганізацыя можа рэкламаваць пэўную нерухомасць толькі са згоды гаспадара ўласнасці пасля заключэння з ім дагавора. Прымушаць плаціць за свае паслугі і складаць дагавор зацікаўленага ў арэндзе спажыўца рыэлтарская ўстанова не мае права, папярэджваюць у Мінюсце.

Ёсць сумненні — задавай пытанні

Нягледзячы на змены ў рабоце рыэлтараў, якія адбыліся вясной мінулага года, некаторыя агенцтвы працягваюць парушаць заканадаўства. Часам яны рэкламуюць аб'екты, якіх проста не існуе, каб прыцягнуць да сваёй кампаніі ўвагу спажыўцоў: маўляў, паглядзіце, колькі ў нас прапаноў.

Нярэдка рыэлтарскія арганізацыі размяшчаюць у сябе інфармацыю пра нерухомасць гаспадароў, якія займаюцца яе рэкламай самастойна і нават не ведаюць, што іх маёмасць прадстаўляецца таксама агенцтвамі. Пры гэтым адзначаецца, што жыллё прапануе ўласнік, але адказваюць па нумары агенты.

Праз такіх асобных нядбайных і неахайных спецыялістаў падрываецца давер да работы рыэлтарскіх арганізацый у цэлым. У насельніцтва складваецца негатыўнае меркаванне пра спосабы іх працы. Таму і кантроль за дзейнасцю гэтых арганізацый і перапыненне грубых парушэнняў справа перманентная, падкрэсліваюць у міністэрстве.

Калі спажывец праз неахайнасць рыэлтараў страчвае сваё жыллё ці вялізныя грошы, гэта не жарт. Таму яшчэ на стадыі складання дагавора з агенцтвам неабходна ўважліва і цалкам чытаць дакумент, раяць спецыялісты. Уголас агенты прагаворваюць нейкія асноўныя моманты, а зусім не ўсе пункты дагавора, таму пытанні, якія могуць узнікнуць пасля, лепш задаць да падпісання дакумента. Калі ж супрацоўнік агенцтва не дае часу на чытанне ці папросту пасміхаецца з такога, здавалася б, неабгрунтаванага недаверу з боку спажыўца, лепш увогуле нічога не падпісваць, раяць у міністэрстве.

Сапраўдны? Пакажы картку і пасаду!

Мінюст заклікае карыстальнікаў рыэлтарскіх паслуг пытацца ў супрацоўнікаў агенцтва ідэнтыфікацыйную пластыкавую картку. На ёй павінна быць фота спецыяліста, яго імя і пасада, найменне арганізацыі і рэквізіты ліцэнзіі агенцтва. Калі такога дакумента няма ці яго не паказваюць, — пакідайце памяшканне.

Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на тое, з якім спецыялістам агенцтва спажыўцу прапануюць працаваць. Па кожным дагаворы кіраўнік арганізацыі прызначае рыэлтара, адказнага за выкананне дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг, і замацоўвае агента па аперацыях з нерухомасцю. Пры гэтым звесткі пра рыэлтара прапісваюцца ў дагаворы. Заўважыць розніцу паміж гэтымі двума спецыялістамі звычайныя спажыўцы не ў стане. Між тым яна істотная, падкрэсліваюць у Мінюсце.

Рыэлтар мае права аказваць абсалютна ўсе паслугі. Кансультаваць, узгадняць умовы здзелкі, дапамагаць рыхтаваць дакументы, рэгістраваць нерухомасць і правы на яе і іншае. Агент па аперацыях з нерухомасцю можа аказваць толькі асобныя паслугі. Напрыклад, даваць звесткі пра попыт і прапановы на нерухомасць, падбіраць варыянты аб'ектаў маёмасці, дапамагаць рыэлтару ў падрыхтоўцы дакументаў. Часта да такіх момантаў у агенцтве ставяцца фармальна.

Для аказання кваліфікацыйнай дапамогі з заказчыкам паслуг павінен працаваць толькі падрыхтаваны спецыяліст па рыэлтарскай дзейнасці. Ён абавязаны мець пэўную адукацыю і вопыт працы ў сферы нерухомасці, каб атрымаць пасведчанне аб атэстацыі рыэлтара. Для гэтага спецыяліст здае ў Мінюсце атэстацыйны экзамен.

Да таго ж ён павінен абавязкова быць у штаце рыэлтарскай арганізацыі. Тым не менш апошнім часам учасціліся выпадкі, калі замест штатнага кваліфікаванага супрацоўніка агенцтвы прыцягваюць да работы са спажыўцамі фізічных асоб па дагаворы падраду. Або яшчэ лепш — супрацоўнікаў, якія не маюць на гэта права: дыспетчараў, менеджараў, падрадчыкаў, а рыэлтара кліенты і ў вочы не бачаць. Так быць не павінна, настойваюць у Мінюсце.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Наўмысныя парушэнні ці фармальная абыякавасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.