Вы тут

«Дзе нашы грошы?»


Фірма перадаплату ўзяла, а дамы не пабудавала

«Паважаная рэдакцыя! Па дапамогу да вас звяртаюцца людзі, якія жадаюць, каб больш ніхто не апынуўся ў гэткім становішчы, як і мы. Каб чарга пакрыўджаных не расла, каб шматдзетная маці не пакутавала зімой без даху ў хаце», — напісалі нам жыхары Полацка і Наваполацка. А сітуацыя, у якой яны апынуліся, на жаль, тыповая і нярэдкая. Сем'і звярнуліся ў фірму, каб зрабіць рамонт, заплацілі немаленькія грошы, а ў выніку засталіся і без першага, і без другога.


Без даху над галавой

Гісторыя пачалася яшчэ летась. Пяць сем'яў вырашылі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы: камусьці трэба было пабудаваць новы дом, камусьці — адрамантаваць той, што ёсць. Па рэкамендацыі нанялі адну з полацкіх фірмаў. Кантора перадаплату ўзяла, а потым стала падманваць з цэнамі і месцам закупак будаўнічых матэрыялаў, датамі пастаўкі, зацягвала тэрміны работ і выконвала іх няякасна.

Заказчыкі цярпелі і спрабавалі дамовіцца мірна. Калі не атрымалася, пайшлі ў суд. Справу выйгралі. Але грошы вярнуць не могуць: рахункі фірмы пустыя, з маёмасці — толькі камп'ютарны стол і стэлаж. Іх выстаўляюць на таргі, але пакупнікоў няма. Дый калі з'явяцца, выручыць за гэтую мэблю можна ўсяго 230 рублёў.

«Акрамя перастановак у кіраўніцтве і складзе заснавальнікаў, фальсіфікацыі дакументаў, абвінавачванняў былых кліентаў у паклёпе, фірма нават не спрабуе расплаціцца па даўгах! На пытанне «Дзе нашы грошы?» адказу няма», — у роспачы пішуць чытачы.

Шматдзетная сям'я К. жыве літаральна без даху над галавой: устаноўлены толькі кроквы і часткова параізаляцыйная плёнка. Як ідуць дажджы — вада цячэ па сценах. Як зімаваць у такім доме?..

Трэба сказаць, што пацярпелі не толькі заказчыкі. Будаўнікі, якія працавалі на гэту арганізацыю, засталіся без заробкаў. Не атрымалі грошай і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія давалі ў пракат фірме інструменты, прадпрыемствы, што здавалі ў арэнду будаўнічую тэхніку і легкавыя аўтамабілі. У аддзеле судовых выканаўцаў сума ўсіх спаганяльнікаў складае амаль 50 тысяч беларускіх рублёў. А па крымінальнай справе сума перавышае 100 тысяч рублёў!

«Мы вымушаны траціць час на паходы ў суды, міліцыю, пракуратуру і іншыя інстанцыі, замест таго каб удзяляць яго нашым дзецям і сем'ям», — абураюцца ў лісце людзі.

Хвалюе іх і той факт, што фірма, якая іх падманула, працуе і сёння. Праз інтэрнэт яна набірае кадры па ўсёй краіне для работы ў Літве. Заключае з імі кантракты з парушэннямі патрабаванняў заканадаўства, не плаціць абяцаных грошай. На сёння вядома пра больш як 30 пацярпелых.

А на рахунку былога дырэктара нядобрасумленнай фірмы — ужо некалькі збанкрутаваных арганізацый, па якіх у яго субсідзіярная адказнасць, і судзімасць за ўхіленне ад аплаты падаткаў...

Доўг могуць і не вярнуць

Як дзейнічаць у падобных сітуацыях? Калі фірма не выконвае паслугі ў тэрмін, спачатку трэба звярнуцца з пісьмовай прэтэнзіяй на адрас яе кіраўніка. Калі гэта вынікаў не дало — падаваць заяву ў суд. Па словах члена Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, адваката бюро «Дубавец і партнёры» Кацярыны ПЯТРОВІЧ, тое, як будуць спаганяць грошы з арганізацыі з пустымі рахункамі і — самае галоўнае — ці атрымаюць што-небудзь пацярпелыя, залежыць ад некалькіх умоў.

Першы варыянт — калі фірма збанкрутавала, бо не разлічыла свае сілы (чытай — ненаўмысна): у бізнесе заўсёды прысутнічае фінансавая рызыка. І такіх выпадкаў шмат, адзначае адвакат. Тады прызначаецца часовы (антыкрызісны) кіраўнік, дзейнасць прадпрыемства спыняецца. Калі грошай на рахунку арганізацыі няма, распрадаецца яе маёмасць і з выручаных сродкаў раздаюць даўгі. Ёсць пэўная чарговасць пагашэння запазычанасцяў. Першымі задавальняюцца патрабаванні грамадзян, якім фірма прычыніла шкоду жыццю і здароўю. Потым у спісе — работнікі, што чакаюць сваіх заробкаў і выхадных дапамог. Пасля выплачваюцца ўзносы ў бюджэты і фонды. І толькі потым — усё астатняе (тая ж матэрыяльная шкода). А што, калі грошай на апошніх проста не хопіць? Нічога, на жаль. Іскі, незадаволеныя з-за недастатковасці маёмасці юрыдычнай асобы, пасля ліквідацыі прадпрыемства аўтаматычна лічацца пагашанымі.

Другі варыянт — калі прадпрыемства першапачаткова неплацежаздольнае (ужо мае запазычанасці па заробках, падатках), але працягвае заключаць дагаворы з заказчыкамі. Тады яе кіраўнік свядома ідзе на падман. А гэта падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы за махлярства. У крымінальным працэсе людзі, якія лічаць сябе пацярпелымі, могуць заяўляць грамадзянскія іскі, і грошы ўжо будуць спаганяцца з фізічнай асобы (гэта значыць з кіраўніка фірмы).

— Чытачы максімальна зрабілі ўсё, што магчыма. Цяпер прымаць меры павінны судовыя выканаўцы, — лічыць Кацярына Пятровіч.

Не менш важнае пытанне: ці можна вылічыць ненадзейную фірму, яшчэ да таго як застанешся па яе віне без грошай? Адвакат дае некалькі парад. Так, добрай крыніцай інфармацыі можа стаць інтэрнэт. Звычайна, калі ў арганізацыі пачынаюцца праблемы з выкананнем абавязкаў, людзі пішуць аб гэтым на форумах. На сайце эканамічнага суда ёсць даныя аб прадпрыемствах, якія знаходзяцца на стадыі банкруцтва.

Паглядзіце інфармацыю ад рэгістрацыі фірмы: ці доўга яна існуе? І не палянуйцеся задаць пару пытанняў яе суседзям па офісе. Магчыма, яны чулі аб праблемах і запазычанасцях арганізацыі ці, наадварот, не сумняваюцца ў яе рэпутацыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.