Вы тут

Самае “смачнае” месца на карце Беларусі


Моталь – месца ўнікальнае ва ўсіх адносінах. Культура, кухня, лад жыцця – тут усё прасякнута традыцыямі, якія складваліся напрацягу стагоддзяў. Мястэчка, згубленае ўдалечыні ад вялікіх гарадоў, нягледзячы ні на што, застаецца самабытным. І што важна – тут традыцыі не проста захоўваюць, але і прымнажаюць.

Сёння маталян ведаюць ва ўсёй краіне і нават за яе межамі дзякуючы найсмачнейшым каўбаскам, якія тут вырабляюць. Гэта элітны прадукт, які мае асаблівы, ні з чым не параўнальны смак! У гонар унікальнага далікатэсу ў Моталі  раз на два гады ладзяць кулінарны фестываль міжнароднага ўзроўню. Пабываць на ім мне давялося ў гэтым жніўні.

 «Мотальскія прысмакі» – самы што ні на ёсць аўтэнтычны местачковы кірмаш. Такія арганізоўвалі гадоў сто таму акурат пасля ўборкі хлеба з палёў. Атмасфера на гэтым свяце падобная да той, што апісваў у сваіх першых творах Гогаль. У гарачы жнівеньскі поўдзень з усіх навакольных і далёкіх вёсак, гарадоў і нават іншых краін народ з'язджаецца ў старажытнае мястэчка. Адныя едуць сюды прадаваць, другія – купляць, а трэція – сябе паказаць і на іншых паглядзець. На цеснай плошчы і ўздоўж доўгай галоўнай вуліцы цягнуцца гандлёвыя рады з гліняным і драўляным посудам, даматканым палатном, арыгінальнымі кашулямі і сукенкамі з лёну, плеценымі кошыкамі, мёдам... Але галоўнае багацце свята – тыя самыя «Мотальскія прысмакі» – каўбасы, якія тут вырабляюць па старадаўніх рэцэптах з натуральнага мяса мясцовых гаспадарак. Ніякай хіміі не прызнаюць: з дабавак – толькі часнок, каляндра, кмін ды кроп.

 

Цікава, што ў Моталі каўбасу вырабляе не адно прадпрыемства, а ажно тры! Канкурэнцыю дзяржаўнаму цэху складаюць два прыватных, гаспадары якіх – каўбаснікі, чые продкі пачыналі сваю справу яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Таму цалкам натуральна, што самыя папулярныя лаўкі на фестывалі – заўсёды каўбасныя. Каля кожнай – бясконцая чарга пакупнікоў.

– Дайце тры палачкі «Яўрэйскай», тры «Дзяржынскай», «Цешчынай» і «Мотальскай». Таксама па тры. Ой, а гэта што такое апетытнае злева? – прыкладна па такім сцэнары ў Моталі затарваецца кожны другі пакупнік.

Не дзіўна. У вялікіх гарадах мотальскіх далікатэсаў днём з агнём не адшукаеш. Абмежаваныя партыі размятаюць за лічаныя гадзіны. У чым сакрэт? Мясцовыя пра сваю каўбасу кажуць так: «Адзін раз пакаштуеш – і ўжо ніколі не забудзеш, і ні з чым іншым не пераблытаеш!» – але рэцэптаў не раскрываюць.

Моталь па праве лічыцца кулінарнай сталіцай Беларусі. Мясцовыя гаспадыні ведаюць толк у нацыянальнай кухні – беражліва захоўваюць старадаўнія сакрэты, але ў той жа час не баяцца эксперыментаваць. Таму на кожны фэст запрашаюць да сябе замежных кухараў і з цікавасцю знаёмяцца з рэцэптамі заморскай кухні. У гэтым годзе жыхары Моталя спрабавалі традыцыйныя кітайскія стравы – марынаваныя драўняныя грыбы, лапшу, дзім сум (пельмені) і вострую бульбу.

– Незвычайна! Але кожны дзень я б такое есці не стала – занадта шмат прыправы, – падзялілася ўражаннямі маталянка Наталля, заліваючы вогнішча ў роце зялёнай гарбатай. Аддыхаўшыся, жанчына патрыятычна дадае: “Усё ж лепш нашых каўбасак пакуль нічога не прыдумалі!”

Маталяне – людзі асаблівыя. Калі народ з суседніх вёсак імкнецца пераехаць у горад, то яны спрабуюць устроіць горад у сябе. Мяркуйце самі: адных толькі індывідуальных прадпрымальнікаў тут больш за паўсотні, ёсць дзве школы і дзве бальніцы, ветлякарня, гасцініца, кавярні. Моладзь пасля вучобы ў вялікіх гарадах вяртаецца дадому: нехта – каб працягнуць сямейны бізнес, а нехта – каб пачаць сваю справу. Пенсіянеры таксама склаўшы рукі не сядзяць. Ткуць палатно, шыюць кажухі з аўчынкі, плятуць кашы і карзіны. Усе, натуральна, ідзе на продаж. Попыт на падобныя вырабы ручной работы вялікі, асабліва сярод замежных пакупнікоў. Акрамя таго, у Моталі ёсць некалькі аграсядзіб, арганізаваных менавіта старэйшым пакаленнем.

Дарэчы, гасціннасць – адна з самых яркіх рыс характару маталян. У гэтым кожны фестываль пераконваюцца яго госці, калі начаваць адпраўляюцца не ў гатэлі бліжэйшых гарадоў, а да мясцовых дадому. Там іх і каўбаскамі частуюць, і палескія байкі перад сном расказваюць.

СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ

Моталь з’явіўся ў ХV стагоддзі. Аднак славутым гэтае месца стала стагоддзем пазней, дзякуючы жонцы караля Рэчы Паспалітай Боне Сфорцы. Менавіта яна ў 1533 годзе дала мястэчку Магдэбургскае права, якое ператварыла звычайную вёсачку ў буйны гандлёва-рамесніцкі цэнтр. Тут жа па загадзе Сфорцы рукамі лепшых італьянскіх майстроў быў адбудаваны дзіўнай прыгажосці палац, куды каралева любіла прыязджаць летам. Да нашых дзён ён, на жаль, не захаваўся. Затое італьянскі след у гісторыі Моталя можна прасачыць па прозвішчах мясцовых жыхароў  – Палто, Шыкалай, Кульбеда, Кузюр, Базан. Продкамі гэтых людзей, напэўна, былі тыя самыя італьянскія майстры, прывезеныя на Палессе Бонай Сфорцай.

МЕРКАВАННЕ ЭКСПЕРТА

Валерыя Кліцунова, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы»:

 – Будучыня належыць так званаму “турызму ўражанняў”. Гэта калі чалавек можа не толькі ўбачыць нешта, але і адчуць: паслухаць, дакрануцца, пакаштаваць на смак. У гэтым плане фестываль "Мотальскія прысмакі" ўжо зараз апярэджвае сваіх канкурэнтаў. Тысячы людзей пераадольваюць сотні кіламетраў, каб паесці той самай каўбасы, станчыць "Лявоніху" на галоўнай плошчы Моталя або разам з мясцовымі майстрамі сплесці сабе кошык ці выткаць палатняную сурвэтку.

Ганна КУРАК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».