Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі чэмпіянату свету па скачках на батуце і самба, разглядаем гульні беларускіх гандбольных клубаў у міжнародных турнірах і матч жаночай баскетбольнай зборнай у кваліфікацыі Еўрабаскета.


1. На чэмпіянаце свету па скачках на батуце ў Сафіі беларуская каманда заваявала чатыры ўзнагароды. Вопытная 36-гадовая Таццяна Пятрэня выйграла залаты медаль у індывідуальным выступленні, апярэдзіўшы японку і канадку. Таксама найлепшымі ў свеце ў сінхронных скачках сталі Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў, сярэбраны медаль заваявала наша жаночая зборная ў камандных спаборніцтвах, а дуэт Марыя Махарынская і Таццяна Пятрэня стаў трэцім.

Алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў не змог трапіць на п'едэстал у індывідуальных скачках, там ён стаў толькі шостым.


2. Дзве беларускі сталі чэмпіёнкамі свету па самба ў Сочы. «Золата» заваявалі Таццяна Мацко, якая выступае ў вагавой катэгорыі да 64 кг, і Святлана Цімашэнка (80 кг). У стартавы дзень сусветнага першынства беларусы сталі ўладальнікамі трох узнагарод: у спаборніцтвах жанчын «серабро» ў Кацярыны Пракапенкі (60 кг) і Вольгі Намазавай (72 кг), у мужчын бронзавы медаль заваяваў Аляксандр Кокша (68 кг). Пазней Марына Жарская стала бронзавым прызёрам у вагавой катэгорыі да 52 кг, а актыў мужчынскай каманды папоўніўся двума сярэбранымі медалямі, якія заваявалі Сцяпан Папоў (74 кг) і Яўген Алексіевіч (82 кг).


3. Баскетбалісткі зборнай Беларусі паспяхова стартавалі ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы — 2019. У першым паядынку кваліфікацыйнай групы нашы дзяўчаты абыгралі ў Валбжыху баскетбалістак Польшчы з лікам 70:62. У другім паядынку нашага квартэта баскетбалісткі зборнай Турцыі разграмілі ў Таліне каманду Эстоніі з лікам 81:56.

Заўтра нашы дзяўчаты прымуць на пляцоўцы мінскага Палаца спорту эстонак. Нагадаем, што па выніках кваліфікацыі ў фінальную частку жаночага Еўрабаскета трапяць пераможцы васьмі груп, а таксама шэсць найлепшых камандаў, якія зоймуць другія месцы.


4. Два «золаты» і тры «серабры» заваявалі нашы дзюдаісты на чэмпіянаце Еўропы (U-23), які завяршыўся ў Падгорыцы (Чарнагорыя). На найвышэйшую прыступку п'едэстала падняліся Дзмітрый Мінькоў (вагавая катэгорыя 66 кг) і Даніэль Мукеце (вагавая катэгорыя да 100 кг). Сярэбранымі прызёрамі сталі: Мікіта Свірыд, Ягор Варапаеў і Уладзіслаў Цярпіцкі.


5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў сёмым туры Лігі чэмпіёнаў дома прайграў нямецкаму «Фленсбургу» 28:30. У восьмым туры «мяшкоўцы» зноў згуляюць супраць «Фленсбурга». Матч у адказ пройдзе 19 лістапада. Перад гэтым паядынкам Брэсцкі гандбольны клуб 15 лістапада дома сустрэнецца ў SЕHА-лізе з македонскім «Металургам».

Тым часам гандбалісткі «БНТУ-БелАЗ» атрымалі перамогу над дацкім «Рандэрсам» у першым паядынку 3-га кваліфікацыйнага раўнда розыгрышу Кубка ЕГФ. На перапынак каманды пайшлі пры ліку 14:12 на карысць віцэ-чэмпіёнак Беларусі, а ў выніку яны выйгралі з мінімальнай перавагай — 23:22. Найлепшымі ў складзе пераможцаў сталі Настасся Мазго і Марыя Канавал, якія закінулі па пяць мячоў.

Чэмпіён краіны «Гомель» у першым паядынку 3-га кваліфікацыйнага раўнда прайграў у гасцях нарвежскаму «Бюасену» — 28:32.


6. Футбалісты барысаўскага БАТЭ сталі апошнімі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі — 2017/18. У заключным матчы яны ў дадатковы час здолелі вырваць перамогу ў жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» — 2:1. Цяпер у барацьбе за выхад у паўфінал футбалісты БАТЭ двойчы сустрэнуцца з «Іслаччу», «Шахцёр» згуляе з «Дняпром», «Дынама» (Брэст) са «Слуцкам», «Крумкачы» з «Нёманам». Сустрэчы за выхад у паўфінальную стадыю пройдуць вясной 2018 года.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вопыт на вышыні

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.