Вы тут

Замежны фатограф падзяліўся як закахацца ў Беларусь за пяць дзён


Нікаля Рыгеці — незалежны фатограф, які працуе як фрылансер. Сам ён з Жэневы, Швейцарыя. «Гэта здарылася, як звычайна бывае, абсалютна выпадкова, — расказвае фотамастак. — Мой сябар, швейцарскі калега-фатограф, пэўны час працаваў ва ўкраінскай сталіцы, дзе сустрэў сваю будучую жонку, і вырашыў там жа ажаніцца. І я паехаў да яго на вяселле. У Кіеве выпадкова даведаўся пра тое, што калі прыляцець у Беларусь праз аэрапорт, то пяць дзён тут можна быць без візы. Я падумаў, чаму б не паглядзець краіну, у якой яшчэ не быў? Тым больш, што яна так блізка ад Кіева. 45 хвілін — і я ўжо тут».


Ні­ка­ля тры­мае ад­ну са сва­іх кніг (пра Пры­дняст­роўе).

Упершыню ў нашу краіну Нікаля трапіў у пачатку чэрвеня гэтага года і «з першага погляду закахаўся ў шарм беларускай сталіцы». У той час было шмат святла, цёпла, сонечна — тое, што і трэба для добрых здымкаў. Тады швейцарац і даведаўся, што трэцяга ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень Незалежнасці, а гэта значыць — святкаванні, парад, гулянні. «Мне параілі: калі хочаш па-сапраўднаму ўбачыць краіну, прыязджай на свята, акурат праз месяц. Таму другі раз я прыехаў спецыяльна на святкаванне — ізноў на пяць дзён. І гэта былі яшчэ больш яркія ўражанні. Калі прыехаў дадому, у Жэневу, першае, што зрабіў — пайшоў да рэдактара, з якім ужо выдаваў кнігу «Прыднястроўе: краіна, якой не існуе», і прапанаваў яму выдаць кнігу пра Беларусь. Выдавец пагадзіўся».

Такая ідэя ўзнікла ў Нікаля таму, што агульнае бачанне ў швейцарцаў пра Беларусь скажонае. І ён хоча падзяліцца тым, як пабачыў нашу краіну, са сваімі землякамі. Другая мэта — арганізаваць у Мінску выстаўку яго здымкаў, так бы мовіць, погляд швейцарца на «сінявокую». «У Швейцарыі пра Беларусь амаль не ведаюць. А гэта ж дзяржава не на іншым канцы зямлі, яна зусім блізка. Можна сказаць, што мы амаль суседзі — а не ведаем адзін аднаго».

Швей­цар­скі фа­то­граф у ко­ле бе­ла­рус­ка­га БелАЗа.

Перш за ўсё Нікаля даведаўся пра Мінск, хоць дзякуючы сябрам, якія яго прымалі тут, ён трапіў нават у палескую вёску Кротаў, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Туды яго запрасіў Уладзімір Васільеў, фатограф з беларускімі каранямі, у гэтай вёсцы вырас яго тата. «Нікаля сфатаграфаваў, як мая цётка доіць карову, паглядзеў, як увогуле там наладжаны побыт», — кажа Уладзімір. «А я быў здзіўлены добразычлівасцю людзей, якія мяне ўпершыню бачаць, а ставяцца як да роднага: прынялі гасцінна, пачаставалі традыцыйнымі беларускімі стравамі. А карова тут як і ў Швейцарыі: гэтаксама чорна-белая», — усміхаецца швейцарац.

«Там, у вёсцы, я зразумеў, што Мінск адрозніваецца ад іншых беларускіх гарадоў і невялікіх населеных пунктаў. У сталіцы мяне перш за ўсё ўразіла атмасфера, будынкі, якія асвятляюцца вечарам: днём яны выглядаюць зусім інакш. А азёры, рэкі ў межах горада нагадваюць мне пра родную Швейцарыю. Увогуле тут шмат пейзажаў, якія амаль не адрозніваюцца ад тых, што я бачу на сваёй Радзіме. Толькі гор няма», — расказвае Нікаля. Адказваючы на пытанне, якая Беларусь ва ўспрыманні швейцарцаў, фатограф дзеліцца, што, на жаль, дагэтуль пануе стэрэатып аб яе «савецкасці». А пра тое, што тут шмат сучаснага, якое спалучаецца з мінуўшчынай, амаль ніхто не ведае. «З людзьмі, якія жывуць тут, я бліжэй пазнаёміўся на Дні Незалежнасці. Але я не размаўляю па-руску, мне складана весці гутарку. У той жа час беларусы вельмі добразычлівыя, лёгка ідуць на кантакт. У нас ёсць усе падставы, каб наладжваць дружбу паміж народамі», — лічыць Нікаля.

На прадпрыемстве «Сві­та­нак». Вя­заль­шчы­ца.

Сярод іншых работ фотамастака — выданне аб чалавеку, які арганізаваў пратэстанцкі рух у Жэневе, а таксама пра Эфіопію. «Я збіраюся ізноў прыляцець у Беларусь у лютым, каб пабачыць снег, — дзеліцца планамі Нікаля Рыгеці. — Праўда, ужо планую быць два тыдні: зраблю візу і застануся даўжэй. Пяць дзён — занадта мала, каб спазнаць краіну...»

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Возера ў Мінску такое ж, як і ў Швейцарыі»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэзідэнт добраўпарадкаваў Трафімаву крыніцу на Шклоўшчыне

Прэзідэнт добраўпарадкаваў Трафімаву крыніцу на Шклоўшчыне

Трафімава крыніца была адноўлена некалькі гадоў таму па даручэнні Прэзідэнта.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Кіраўнікі дзяржорганаў будуць працаваць на суботніку на сваёй малой радзіме.

Грамадства

Мінфін устанавіў парадак пералічэння заробленых на суботніку сродкаў

Мінфін устанавіў парадак пералічэння заробленых на суботніку сродкаў

Пастанова апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Грамадства

Хобі звычайнага студэнта пераўтварылася ў інтэрактыўны музей

Хобі звычайнага студэнта пераўтварылася ў інтэрактыўны музей

Ці ведаеце вы, што першы ў свеце ноўтбук важыў больш за 20 кілаграмаў, а першы планшэт меў дыскавод для пяціцалёвых дыскет?