Вы тут

Сакрэтныя рэцэпты славутай мотальскай кухні


У маталян да ежы спакон вякоў былі асаблівыя адносіны. Тут любяць есці смачна, сытна, многа. Цікава, што нават сёння, калі ўвесь свет паддаўся гастранамічнай модзе на фастфуд, мотальскія гаспадыні працягваюць захоўваць традыцыі народнай палескай кухні. Чытачам "Алесі" прапануем рэцэпты страў, якія маталяне гатуюць дома штодзень. 

Бліны са “шведамі”

У гэтай стравы вельмі цікавая гісторыя. “Шведамі” ў Моталі называюць звычайныя скваркі. Павялося гэта з часоў Паўночнай вайны, калі ў 1706 годзе ў мястэчка прыйшоў атрад сапраўдных шведаў. Адзін з вайскоўцаў зайшоў у хату і пачаў заляцацца да мясцовай дзяўчыны. Яе матуля ў гэты час якраз смажыла сала. Жанчына, вядома, раззлавалася на нахабнага шведа і як плісне яму тлушчам са скваркамі на галаву! Пасля гэтага выпадку ў Моталі не смажаць сала, а “пэчуць швэды”.

Спатрэбіцца:

Для бліноў

мука (1,5 шклянкі),

малако або вада (1,5 шклянкі),

яйка,

цукар (чайная лыжка),

дрожджы (20 г),

соль,

алей ці тлушч для змазвання патэльні.

Для “шведаў” падыдзе і звычайнае сала, і рэшткі мяса ці каўбасы, якія знойдуцца ў вашай лядоўні, цыбуля (адна буйная ці некалькі маленькіх).

Грэем 2/3 малака, разводзім у ім дрожджы. Дабаўляем палову мукі, размешваем і ставім у цёплае месца на некаторы час. Калі цеста крыху падымецца, кладзём у яго астатнія інгрэдыенты. Добра вымешваем і зноў пакідаем у цяпле пад ручніком на гадзінку.

Як толькі пачнеце выпякаць бліны, вазьміце другую патэльню і кіньце ў яе сала. Смажце яго і не забывайцеся пастаянна пераварочваць. Калі тлушч пакрые ўсю патэльню, можна смажыць у ім мяса. Дайце яму падрумяніцца і толькі тады дабаўце цыбулю, пасаліце.

Бліны са “шведамі” на стол падавайце гарачымі. І ўвага! Гэтую страву ядуць рукамі: “шведаў” заварочваюць у бліны, якія мачаюць у тлушч.

Зацірка

Малочны суп ідэальна падыдзе для нядзельнага сняданку. Задаволенымі застануцца і дзеці, і дарослыя.

Спатрэбіцца:

мука (1,5 шклянкі),

яйка,

малако (6-7 шклянак),

соль.

Муку прасеяць, дабавіць крыху вады, яйка, соль. Старанна перацерці, каб атрымаліся невялічкія камячкі (у Моталі іх калісьці называлі “саламахай”), усыпаць у каструльку з малаком, якое ўжо кіпіць. Варыць 5–7 хвілін на невялікім агні.

Каша-прысыпаха

Гатавалі яе звычайна зімой у печы. Цёплая і духмяная, яна магла зрабіць лепшым нават самы доўгі і халодны вечар.

Спатрэбіцца:

некалькі вялікіх бульбін,

проса (паўшклянкі),

масла сметанковае (1 сталовая лыжка),

малако (2-3 сталовыя лыжкі).

У чыгунку варым абабраную бульбу. Пасля добра таўчом яе. Дабаўляем масла і малако, перамешваем. Проса прамываем 3 разы і ўсыпаем у бульбу. Размешваем усё і ставім у печ на 1,5 гадзіны.

Прачытаць яшчэ некалькі рэцэптаў мотальскай кухні, а таксама даведацца пра культуру ежы маталян можна ў лістападаўскім нумары "Алесі".

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.