Вы тут

Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Калінінградскай вобласці


З названым расійскім рэгіёнам у нас няма агульнай мяжы, але на самалёце ад Мінска да Калінінграда ляцець менш за гадзіну. У гэтай вобласці яшчэ з савецкіх часоў шмат беларусаў — хтосьці служыў там у арміі, а потым застаўся, кагосьці туды накіравалі на працу... Эканамічных сувязяў таксама шмат, праўда, у гэтым кірунку ёсць куды развівацца. Учора ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з губернатарам Калінінградскай вобласці Антонам Аліханавым шэраг перспектыўных кірункаў узаемадзеяння, цікавых для абодвух бакоў.


У ключы партнёрства

— Мы даўно змястоўна не сустракаліся з кіраўніцтвам Калінінградскай вобласці, — адзначыў беларускі лідар. — Так склалася, што мы вельмі блізкія. Беларусаў шмат там працавала, яны там засталіся і жывуць. Пастаўкі неабходнай прадукцыі заўсёды здзяйсняліся ў Калінінград і з Калінінграда да нас. Я заўсёды лічыў Калінінградскую вобласць роднай. Пасля развалу Савецкага Саюза былі часы, калі я ў сярэдзіне 90-х сказаў, што Калінінградскую вобласць мы ў крыўду не дадзім. Беларусы заўсёды адказвалі за гэтую вобласць і будуць адказваць. Але мы не прэтэндуем на тое, каб яна была ў складзе Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што з вялікай надзеяй глядзіць на новую каманду, новага губернатара гэтай вобласці:

— Мы не дзелім Расію і Беларусь па межах, імкнёмся пабудаваць нешта агульнае — назвалі яго Саюзнай дзяржавай, — дай бог яе пабудаваць. Мы ад гэтага не адыходзім.

Простыя падыходы

У Беларусі і расійскага анклава шмат агульнага. У прыватнасці, падобнае геапалітычнае становішча: мы мяжуем не проста з краінамі Еўрасаюза, але і з актыўнымі членамі НАТА. Ды і ў эканоміцы, гандлі сітуацыя з супрацоўніцтвам з заходнімі партнёрамі ў нас падобная.

— Як бы тут ні абмяркоўвалі гэтыя пытанні, называлі нас празаходнімі, мы цудоўна разумеем, што гэта рыторыка, — заявіў кіраўнік нашай дзяржавы. — Канкрэтныя факты кажуць пра тое, што нам няма на каго разлічваць. Нам, беларусам, расіянам, трэба бачыць свой інтарэс, інтарэс сваіх народаў. І тут нашы інтарэсы супадаюць. Я гэта да таго, што вы заўсёды можаце разлічваць на Беларусь. У складаную хвіліну мы заўсёды падставім плячо.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што такія сітуацыі былі.

— Вы малайцы, што выйшлі на поўнае задавальненне патрэб у зерні, малаку. Малайцы, што многія прадукты харчавання вы вырабляеце на сто працэнтаў. Гэтага раней не было, і я памятаю, губернатар калісьці да мяне звяртаўся і прасіў тэрмінова даць хоць бы 100 тысяч тон мукі, таму што выпякаць хлеб няма з чаго. Мне прыйшлося падключацца па многіх пытаннях, і вы павінны ведаць: у любую хвіліну, пакуль вы дастукаецеся да Масквы і далей, вы заўсёды можаце знайсці падтрымку сваіх родных людзей тут у Беларусі. Я хачу, каб вы так разумелі ідэалогію нашых адносін, калі яна вам падыходзіць.

Для агульнай карысці

Антон Аліханаў з афіцыйным візітам наведвае нашу сталіцу ўпершыню, хоць дагэтуль, як ён прызнаўся, у Мінску бываць даводзілася. Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што гэты візіт паслужыць развіццю нашых адносін з Калінінградскай вобласцю.

Пакуль што лічбы двухбаковага таваразвароту адносна невысокія, летась мы нагандлявалі прыкладна на 190 мільёнаў долараў.

— Мы разглядаем ваш рэгіён як вельмі перспектыўнага і блізкага нам гандлёва-эканамічнага партнёра. Няхай абсалютныя лічбы невялікія — дарэчы, ёсць куды расці, ёсць праекты, праграмы, па якіх мы можам супрацоўнічаць. Ёсць добрыя магчымасці для паглыблення прамысловай кааперацыі, узмацнення ўзаемадзеяння з аграрнай сферай, асабліва калі ў вас сельская гаспадарка ўвогуле на пад'ёме — па 8—9% прыбаўляе ў год. Гэта вельмі высокія тэмпы. Але я ведаю, што вы некалі, калі не зараз, уперліся ў нейкую «столь», і сельская гаспадарка ваша ў асноўным на нізкіх глебах. Меліярацыя і іншыя пытанні — ад гэтага нікуды не сыдзеш, — заўважыў Прэзідент.

Так, у нашай краіне гэта праблема ўжо ўзнікала, і нашы аграрыі, вучоныя працуюць над ёй ужо каля дзвюх пяцігодак. Такім чынам, мы можам у тым, што датычыцца гэтай тэмы, падзяліцца сваім вопытам з калінінградскімі калегамі.

Наcтупныя перспектыўныя сферы — прамысловасць і будаўніцтва.

— У нас у прамысловасці — і аўтамабілебудаванне, і станкабудаванне — ёсць магчымасці супрацоўніцтва, як мяне праінфармаваў урад. І ў плане будаўніцтва сельскагаспадарчых аб'ектаў, і ўвогуле будаўніцтва, таму што ў свой час Беларусь была такім маяком і ўзорам у будаўнічай галіне. Сюды прыязджалі з усяго Саюза вучыцца, як трэба будаваць. Кіраўніцтва Савецкага Саюза надавала гэтаму прыярытэтнае значэнне, — згадаў Аляксандр Лукашэнка.

Наша краіна змагла захаваць «старую школу». Амаль усе заводы будаўнічых матэрыялаў, буйныя трэсты захаваныя — нягледзячы на з'яўленне мноства прыватных кампаній:

— Мы ў любы пункт можам на працягу месяца перакінуць усе магутнасці — як мы Гарлык будавалі ў Туркменістане: велізарнае прадпрыемства пабудавалі ў пустыні пры 30—40-градуснай спёцы літаральна за тры-чатыры гады.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наш бок не ставіць сваёй мэтай пакласці паболей у кішэню, а глядзіць на перспектыву. Калі мы будуем добра і нядорага, то можам атрымаць і дадатковыя аб'ёмы.

Гатовы мы супрацоўнічаць і ў іншых сферах — напрыклад, у навуковай. Што да гуманітарнага супрацоўніцтва, то, упэўнены Прэзідэнт, кірункі тут вельмі прыстойныя.

— Галоўнае — гэта адукацыя. Вы ў Расіі вельмі прасунутыя ў гэтым плане. Наш міністр адукацыі нядаўна ў вас пабываў. Пра многае дамовіліся, мы будзем гэтыя кірункі таксама падтрымліваць, — запэўніў беларускі лідар.


У тэму

Антон АЛІХАНАЎ, губернатар Калінінградскай вобласці:

— Калінінград будзе дадаткова закупляць аўтобусы Мінскага аўтамабільнага завода пад чэмпіянат (чэмпіянат свету па футболе 2018 года. — Заўв. аўт.), таму што ў нас ёсць пэўны дэфіцыт, нягледзячы на нядаўнюю закупку 100 аўтобусаў. Мне здаецца, што ў нас адназначна ёсць неабходнасць скарыстацца рабочай сілай з боку Беларусі: тут вельмі добрыя кіроўцы. Нам трэба запрасіць беларускіх калег, каб яны падчас чэмпіянату свету, падчас пікавых нагрузак нам дапамаглі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Даўнія сувязі — новыя мэты

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.