Вы тут

Паміж камандамі Купалы і Коласа


Беларускамоўны паэтычны батл «Вершус», прымеркаваны да 135-годдзя Якуба Коласа і Янкі Купалы, адбыўся 3 лістапада.


Кацярына Масэ

Першы этап конкурсу для вучняў 7-8 класаў праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» ладзіцца ў сацыяльных сетках да 30 лістапада. Любы вучань можа запісаць відэа, дзе ён чытае твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры, і размясціць у сацыяльнай сетцы на сваёй старонцы з афіцыйнымі хэштэгамі.

Начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Вячаслаў Смірноў пракаментаваў: «У гэтым сацыяльным праекце мы імкнёмся аб’яднаць літаратуру і сучасныя тэхналогіі. Папулярны фармат “батлу” мы вырашылі ператварыць у добрае спаборніцтва паэтычных талентаў».

У паэтычным батле ў першым раўндзе сустрэліся акцёры тэатра «Жывое слова» Наста Жлукценка і Алеся Сівохіна, у другім і трэцім сышліся маладыя паэты Маргарыта Латышкевіч і Кацярына Масэ, Мікіта Найдзёнаў і Алесь Снег. Яны прадстаўлялі каманды Янкі Купалы і Якуба Коласа адпаведна. Прагучалі вершы і класікаў, і ўласныя творы маладых літаратараў. Чыё выкананне было больш артыстычным, эмацыянальным, дасканалым, вызначалі гледачы, а прадстаўнік журы фіксаваў узровень шуму пасля кожнага выступу.

Кажуць людзі: Што ты смутны?

 Што спяваеш ты пра гора?

Твае песні — стогн пакутны,

Слёзы ветру на прасторы…

 — пранікнёна чытала Коласа Алеся Сівохіна.

…Быць вольным хай родзяцца думкі

ў нявольніка,

Хай быць чалавекам захоча брат

мой.

— купалаўскімі радкамі адказвала Наста Жлукценка. Спачатку з невялікай перавагай лідзіравала каманда Купалы, але ў выніку пераможцамі сталі Коласаўцы — за іх публіка «прашумела» на некалькі дэцыбелаў гучней.

Конкурс адбываўся на адкрытай пляцоўцы буйнога гандлёвага цэнтра, гледачом мог стаць любы выпадковы мінак. Сапраўды, многія маладыя людзі, праходзячы міма, зацікаўлена спыняліся, зачараваныя карцінай: са сцэны гучала беларуская мова ў выкананні прыгожых і стыльных дзяўчат і юнакоў. Далучаліся і людзі сталага веку.

І вялікая колькасць прысутных, і іх актыўнасць падчас мерапрыемства засведчыла, што беларуская літаратура можа існаваць не толькі ў школьных падручніках, але і быць яркім, запамінальным перформансам. Гэта добры прыклад для тых, хто пачынае рабіць першыя крокі ў творчасці, ды й увогуле для ўсіх школьнікаў і моладзі. Бо ад іх залежыць будучыня нашай культуры, а значыць, і самой краіны. Як прагучала ў вершы адной з удзельніц, Кацярыны Масэ:

 хадзем жа — светлых духам

чакае светлы дом.

мы покліч цёмных духаў

адгонім палыном.

пакуль мы рушым поруч,

дух смерці рушыць прэч.

хай будзе нам у помач

твой святланосны меч!

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Яўгена Ваўкарэза.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?